Мультыпраект Багдановіча

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя рэспубліканскага мультыпраекта “Вянок Максіму”, які прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры Максіма Багдановіча.

Пад час мерапрыемства быў прадстаўлены шэраг асобных праектаў. Першы і, бадай, галоўны з іх - рэспубліканская мастацкая выстаўка, дзе экспануюцца каля 70 твораў жывапісу, графікі і фота беларускіх аўтараў. Таксама тут прадстаўлены работы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і з асабістых калекцый мастакоў.

Як заўважыў пад час адкрыцця мультыпраекта кіраўнік галерэйна-выставачнага аддзела НББ Фёдар Ястраб, выстаўка павінна яшчэ раз засведчыць геніяльнасць Максіма Багдановіча, нагадаць пра яго ўнікальнасць і значнасць не толькі для айчыннай літаратуры, але і для ўсіх беларусаў.

Яшчэ адна выстаўка, што экспанавалася ў сценах НББ і ўяўляе асаблівую цікавасць для наведвальнікаў, - фотабіяграфічная. Тут упершыню дэманструюцца сабраныя разам 48 фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны бацькі, сваякі і сябры паэта, а таксама мясціны, звязаныя з ягоным жыццём.

На яшчэ адной юбілейнай кніжнай выстаўцы - "І зорка гарыць, і не вяне вянок..." - прадстаўлена больш за 200 дакументаў. Гэта кнігі з творамі беларускага класіка, літаратура пра ягонае жыццё і творчасць.

Таксама пад час мерапрыемства прэзентавалася мультымедыйнае выданне "Паэт красы і гармоніі", падрыхтаванае супрацоўнікамі НББ сумесна з Музеем Максіма Багдановіча. На электронным дыску, які, дарэчы, мог набыць любы ахвотны адразу на ўваходзе ў галерэю "Лабірынт", прадстаўлена шмат тэкставай, графічнай і гукавой інфармацыі пра жыццё і творчасць класіка.

Яшчэ адной навіной мерапрыемства сталася паведамленне пра тое, што выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі падрыхтавала да друку энцыклапедыю "Максім Багдановіч". У працы над ёй прымаў удзел вялікі творчы калектыў - больш за 50 аўтараў, якія напісалі прыкладна дзве тысячы артыкулаў. Энцыклапедыя, што ўжо здадзена ў друк, мае багаты фактаграфічны матэрыял і, безумоўна, будзе цікавая кожнаму, хто даследуе творчасць класіка беларускай літаратуры ды ўлюбёны ў паэтычнае слова Максіма Багдановіча.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"