Як адзначыў намеснік Генеральнага сакратара ЕўрАзЭС Мурат Мусатаеў, эканамічная прастора ствараецца для таго, каб развіваць стасункі між народамі, у тым ліку і ў сферы культуры, што ў выніку мусіць зняць бар'еры на шляху да культурнай інтэграцыі. Па яго словах, галоўным прыярытэтам ЕўрАзЭС з'яўляецца менавіта сацыяльная сфера. Урадамі краін чакаецца ўзгадненне больш чым 70 міжнародных дакументаў для поўнага запуску еўразійскага эканамічнага саюза. Шэраг з іх будзе непасрэдна датычыцца і культуры.
Значным крокам у гэтай справе стаў разгляд у рамках ІІІ Пасяджэння праекта пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў- членаў ЕўрАзЭС у сферы культуры. Дадзенае пагадненне, на думку намесніка міністра культуры нашай краіны Віктара Кураша, дасць магчымасць паглыбіць супольную працу. Па словах намесніка міністра культуры Расійскай Федэрацыі Паўла Харашылава, пад час закрытага для прэсы пасяджэння былі разгледжаны, у тым ліку, і найбольш актуальныя пытанні ў сферы развіцця культуры краін еўразійскай эканамічнай супольнасці. Ён падкрэсліў, што кантэкст эканомікі павінен паспрыяць ажыццяўленню новага алгарытму развіцця культуры.
Як адзначыў Віктар Кураш, асобная размова ў рамках пасяджэння датычылася Фестывалю культур краін ЕўрАзЭС, які вырашана правесці ў наступным годзе ў Кыргызстане. У прыватнасці, разглядалася канцэпцыя творчага форуму. На думку Віктара Кураша, надзвычай важна, каб фестываль быў не проста канцэртам нацыянальных калектываў, але і меў пэўны тэматычны характар, разнажанравасць. Да прыкладу, у яго рамках плануецца ладзіць не толькі канцэрты, але і конкурсы маладых мастакоў, кінапаказы.
Адзначым, што чарговае, чацвёртае па ліку, пасяджэнне Савета па культуры пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС запланавана на першае паўгоддзе 2012-га і адбудзецца ў Бішкеку.
Фота Юрыя ІВАНОВА