“Лістапад-шоу”

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Як аб’яднаць “кіно” і “фестываль” у кінафестываль?

/i/content/pi/cult/350/6615/pic_18.jpgЗ 5 па 12 лістапада ў сталіцы Беларусі - галоўная падзея айчыннага кінагода. ХVІІІ Мінскі міжнародны фестываль "Лістапад" сабраў больш чым 70 стужак з 35 краін свету, фільмы прадстаўлялі каля 200 кінематаграфістаў, некалькі тысяч аматараў самага папулярнага мастацтва наведала пяць конкурсных пляцовак... У той час, калі гэты нумар "К" падпісваўся ў друк, пераможцы ўсіх пяці конкурсных праграм "Лістапада2011" былі яшчэ не вядомыя. Аднак, дзякаваць богу, традыцыйны фармат "фестывалю фестываляў" дазваляе не засяроджвацца адно на выніках творчага спаборніцтва. Тым больш, праграма фэсту і гэтым разам аказалася надзвычай разнастайнай, таму поўны спіс прызоў і ўзнагарод сёлетняга "Лістапада" чытач знойдзе ў наступным нумары "К". Мы ж прапануем азнаёміцца са штодзённым фестывальным жыццём, якім яго ўбачыў карэспандэнт нашай газеты. 

 На сцэне - легенды

Галоўнай падзеяй першага дня кінафэсту стала ўрачыстая цырымонія яго адкрыцця, якая прайшла ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. Папярэднічала ёй фестывальная "чырвоная дарожка", што праводзілася на "Лістападзе" ў другі раз і, відаць, стане яшчэ адной традыцыяй. Сёлета арганізатарам відавочна пашанцавала з надвор'ем: госці і гаспадары кінафоруму пад апладысменты заўзятараў прайшлі да Палаца Рэспублікі пад залацістымі промнямі заходу сонца. Але сапраўдным пачаткам свята стала ўручэнне спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве", які прызначаўся сёлета народнаму артысту СССР, народнаму артысту Украіны Багдану Ступку. На жаль, сам артыст, як і паведамлялася раней, у Мінск прыехаць не змог, таму высокую ўзнагароду з рук міністра культуры краіны Паўла Латушкі прыняў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Віктар Ціханаў.

Не менш яскравым момантам адкрыцця "Лістапада-2011" стала з'яўленне на сцэне Кахі Каўсадзэ - легенды савецкага і грузінскага кіно ды тэатра. Стужкі з ўдзелам акцёра неаднойчы прадстаўляліся ў конкурсе форуму, але наведаў Мінск ён толькі гэтым разам з нагоды выхаду дакументальнай карціны сваёй суайчынніцы Наны Джанелідзэ "А ці ёсць там тэатр?", што распавядае пра няпросты лёс артыстычнага роду Каўсадзэ. На другі дзень фэсту адбыўся вельмі эмацыйны паказ стужкі, дзе мінскія прыхільнікі творчасці акцёра атрымалі магчымасць пагутарыць з ім. (Падрабязна пра творцу - у эксклюзіўным інтэрв'ю "К" на стар. 11.)

Сама сёлетняя цырымонія адкрыцця "Лістапада" вылучалася відавочнай прастатой і сціпласцю, як бы падкрэсліваючы, што з'яўляецца толькі прэлюдыяй да галоўнага, што павінен дарыць кінафестываль, - конкурснага паказу і сустрэч з кінематаграфістамі. Відавочна, пастановачная група ўрачыстасці намагалася зрабіць яе падобнай да адкрыцця "вялікіх" фестываляў кшталту Канскага ці Берлінскага: стыльнай і засяроджанай на кіно. Суправаджала свята вядомая мінская трупа "D.O.SZ.K.I", чые харэаграфічныя нумары сталі добрай асновай, на якую нанізалі ўсе пратакольныя элементы цырымоніі: прадстаўленне членаў журы, конкурсных фільмаў і ўласна абвяшчэнне фестывалю адкрытым. Дарэчы, апошні пункт праграмы цырымоніі адкрыцця прайшоў гэтым разам без удзельнікаў і гасцей фэсту на сцэне, але з традыцыйным кінематаграфічным "разбіваннем талеркі" старшынямі "Лістапада" - Расціславам Янкоўскім і Генадзем Давыдзькам.

 

Прастора віртуальная і рэальная /i/content/pi/cult/350/6615/pic_16.jpg

Конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы фэсту складаліся збольшага з нестандартных, аўтарскіх, часам эксперыментальных, стужак, значная колькасць якіх, аднак, дакладней за галівудскія атракцыёны праяўляла адчуванне нашага часу. "Лістападаўскія" карціны ў гэтым годзе вылучала трапнасць аўтарскага пасылу, актуальнасць тэмы і мастацкая своеасаблівасць. Зрэшты, традыцыйны фармат "Лістапада" як "фестывалю фестываляў" і сёлета спрацаваў на карысць агульнаму ўражанню. Праз прадстаўлены на фэсце ў Мінску зрэз можна было атрымаць больш-менш поўнае ўяўленне аб стане сусветнага кінамастацтва.

Галоўная выснова - калі раней у аўтарскім кіно існавалі пэўныя стылёвыя тэндэнцыі, то цяпер аб гэтым казаць вельмі цяжка. Хоць, зразумела, нейкі агульны кірунак руху вызначыць можна. Ад прадуманай архітэктуры "Алены" канскага ўлюбёнца Андрэя Звягінцава да пераканаўчай дакументальнасці "Міхаэля" аўстрыйскага дэбютанта Маркуса Шляйнзэра - рознымі метадамі, але рэжысёры пакалення 2000-х відавочна спрабуюць зрабіць свае стужкі максімальна набліжанымі да першапачатковай сутнасці кінамастацтва. Канструяванне рэчаіснасці, якое імкнецца да максімальнага падабенства з нашым светам, - шлях, абраны большасцю рэжысёраў карцін "Лістапада-2011". Пры гэтым штучнасць, тэатральнасць, спецэфекты, якія доўга былі ў арсенале аўтарскага кіно, адыходзяць на другі план, або, як у "Алене", добра схаваныя ад глядацкага вока.

Выключэнне - віртуальная прастора, "іншая рэальнасць" лічбавага сусвету: з ёй сутыкаюцца героі, альбо ў ёй адбываюцца падзеі стужак. Калі меркаваць па сёлетняй праграме "Лістапада", Інтэрнэт як універсальная з'ява вельмі прыцягвае новую генерацыю рэжысёраў. Але асэнсаванне яе адбываецца ўсё роўна ў кантэксце чалавечых узаемаадносін - гэта значыць, наступстваў, якія нясе Сусветнае павуцінне для грамадства.

 Самай яскравай стужкай "Лістапада" на гэтую тэму стала польская карціна Яна Камасы "Чат самазабойцаў", дзе звыклай і прывабнай для сучаснага гледача кінамовай даследуецца актуальная праблема інтэрнэт-залежнасці. А вось у фільме "Ці ты тут?" галандца Дэвіда Вербеека віртуальная прастора з'яўляецца толькі пасрэднікам паміж жывымі людзьмі. Дарэчы, пасля прагляду гледачы фэсту мелі магчымасць задаць свае пытанні тым аўтарам стужак, якія прыехалі ў Мінск, і гэтым наведвальнікі фестывальных пляцовак сапраўды актыўна карысталіся. Жывую гутарку Інтэрнет, відавочна, замяніць не ў стане.

 

Фаварыт - камедыя

Асноўны конкурс ігравога кіно "Лістапада", таксама па традыцыі, складаюць стужкі з краін, якія маюць набліжаны да беларускага гістарычны вопыт. Але калі яшчэ некалькі гадоў таму аўтары з краін постсацыялістычнай прасторы спрабавалі апісваць змены ў сваім грамадстве, адлюстраваць на экране лёсавызначальныя моманты і постаці нацыянальнай гісторыі, то цяпер кінематаграфісты ўсё часцей звужаюць тэму да адносін у канкрэтнай сям'і. Фільмы расіяніна Мурада Ібрагімбекава "І не было брата лепш" ды паляка Антоні Краўзэ "Чорны чацвер" спрабуюць дэманстраваць гістарычныя падзеі праз лёсы канкрэтных людзей. Іншыя кінематаграфісты ўзнімаюць балючыя сацыяльныя пытанні апасродкавана, з дапамогай паказу ўнутрысямейных канфліктаў, як у славацкай стужцы "Дом" Зузаны Ліёвай, харвацкай "Толькі між намі" Райка Грліча, сербскай "Белы-белы свет" Алега Ноўкавіча.

 Асобным нумарам "лістападаўскай" праграмы выступала грандыёзнае - паводле пастаўленай (і дасягнутай) мэты ды працягласці - "Шапіто-шоу" расійскага рэжысёра Сяргея Лобана. Адна з нешматлікіх камедый у праграме "Лістапада-2011", карціна стала самай прыцягальнай для маладога мінскага гледача - на адзіны паказ стужкі было цяжка трапіць нават акрэдытаваным журналістам і гасцям фестывалю. Аднак гэты паказ стаўся ў нейкай ступені знакавым, бо самая папулярная карціна конкурснай праграмы сёлетняга "Лістапада" прынцыпова адрознівалася ад астатніх сваёй тэатральнасцю, адсутнасцю мастацкіх прэтэнзій і... відовішчнасцю, такой рэдкай у свеце сучаснага фестывальнага кіно. Таленавітыя аўтары, якія выйшлі са знакамітай некалі на ўвесь СССР тэлевізійнай перадачы "Да 16 і старэйшым", прадставілі канцэптуальны погляд на нашу цывілізацыю і адносіны між людзьмі ў яе межах. "Шапіто-шоу", якое дэманструецца цягам амаль чатырох гадзін з антрактам, толькі прыцягнула ўвагу прэстыжных кінафорумаў, па сутнасці, не будучы з'явай высокага мастацтва. Для "Лістапада-2011" карціна стала вяршыняй глядацкай увагі.

 

/i/content/pi/cult/350/6615/pic_19.jpgПа-за зонай дасягальнасці

Ад фестывалю "для ўсіх" да фестывалю для кінаманаў - відавочна, у такім кірунку апошнія два гады ідзе эвалюцыя праграм "Лістапада". Гэтую тэндэнцыю яскрава ілюструе перамяшчэнне галоўнай конкурснай пляцоўкі: з кінатэатра "Кастрычнік" тры гады таму "Лістапад" пераехаў у Дом кіно, які ў два разы меншы па памерах, сёлета ж галоўнай залай стаў "Цэнтральны". Выбару арганізатары не мелі: гэты кінатэатр адзіны ў беларускай сталіцы, які мае і лічбавы праектар, і класічнае абсталяванне для праекцыі зыходзячай з ужывання кінаплёнкі. Тым не менш, 166 месцаў - відавочна замала для фестывалю, які праходзіць у двухмільённым горадзе. Справа не толькі ў тым, што аншлаг на некалькіх сеансах не дазволіў трапіць на прагляды многім ахвотным, - малая зала не адпавядае канцэпцыі гарадскога кінасвята, якое павінна ўключыць у сваю арбіту як мага больш жыхароў беларускай сталіцы.

Тэндэнцыя запоўненасці залаў "Лістапада-2011" сведчыць, што гледачы наведвалі не фестываль сам па сабе, а жадалі ўбачыць канкрэтныя стужкі, добра прарэкламаваныя тэлеканаламі. У гэтым плане дырэкцыі Мінскага міжнароднага трэба яшчэ добра папрацаваць над брэндам свайго мерапрыемства, якое не павінна замыкацца на, па сутнасці, кінаклубных паказах вельмі добрых фільмаў. Фестывальнай прасторы сёлетняга "Лістапада" відавочна бракавала шырокага інфармацыйнага поля, наладжанай працы са СМІ, падзей, якія аб'ядноўваюць кіно і фестываль у кінафестываль. Часам нават узнікала ўражанне, што дырэкцыя "Лістапада" пакінула прэсу сам-насам: атрымаць гарантаванае месца ў глядзельных залах журналістам дапамагалі супрацоўнікі кінатэатраў, а на некаторыя паказы, нават у напаўпустыя залы, супрацоўнікам цэнтральных выданняў даводзілася набываць білеты...

 

Адкрытае пытанне /i/content/pi/cult/350/6615/pic_17.jpg

Сёлета былі зроблены значныя захады, каб "Лістапад" стаўся паўнавартасным кінафорумам, месцам для непасрэдных кантактаў найперш беларускіх кінематаграфістаў з іх больш вопытнымі замежнымі калегамі. Самай важнай падзеяй дакументальнай часткі фестывалю стала правядзенне лекцый, майстаркласаў, паказаў і канферэнцыі Польскай акадэміі дакумента "Dragon Forum", на якой вядомыя дакументалісты распавядалі мясцовым калегам пра "рэцэпты" прафесійнага майстэрства і міжнародныя стандарты стварэння сучасных дакументальных праектаў. А ў Доме кіно прайшла прэзентацыя іранскага Фестывалю кароткаметражнага кіно "100".

Такім чынам, Мінскі міжнародны кінафорум відавочна развіваецца, але, улічваючы вялікія змены, якія адбываюцца як у сусветным фестывальным руху, так і ў кінамастацтве ў цэлым, накірунак гэтага развіцця павінен быць акрэслены больш дакладна. Відавочна, што Беларусі патрэбны прафесійны, добра падрыхтаваны кінафорум, які будзе садзейнічаць, у першую чаргу, развіццю нацыянальнага кінамастацтва. Але як пры гэтым улічыць рознабаковыя і часам супрацьлеглыя густы айчыннага гледача? Прынамсі, такое пытанне на сённяшні дзень стаіць не толькі перад "Лістападам", але і перад любым сучасным кінафэстам. Рысы яго паступова з'яўляюцца ў Мінскага міжнароднага.   

 

Зразумела, што Мінскі міжнародны кінафестываль - з'ява куды больш аб'ёмная, каб змясціцца ў межах адной публікацыі, тым больш, напісанай яшчэ да фіналу мерапрыемства. Па-за яе ўвагай засталіся вынікі дакументальнай і дзіцячай праграм "Лістапада-2011", асобнага аналізу патрабуе ігравая секцыя фэсту. Відавочна, што арганізацыйныя вынікі фестывалю таксама павінны быць разгледжаны больш уважліва. Гэтым, а таксама іншым пытанням, якія ўзніклі пад час сёлетняга свята кіно, "К" мяркуе прысвяціць шэраг публікацый.

Фота Юрыя ІВАНОВА і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА