Дзясятая і Першы

№ 46 (1017) 12.11.2011 - 19.11.2011 г

Лістападаўскімі днямі ў Мінску, па традыцыі, праходзіць выстаўка аўтарскіх лялек “Балаганчык”.

У выставачнай зале Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці свае работы дэманструюць Марына Скідан, Таццяна Хаберская, Вольга Чаканава, Ірына Ражко, Марыя Кіпілава, Галіна Дзмітрук ды іншыя.

Сёлета ў рамках "Балаганчыка" - дзясятага па ліку - рэалізуецца праект "Японская шкатулка", што праводзіцца пры падтрымцы Японскага культурнага цэнтра. Ён складаецца з экспазіцыі класічных японскіх лялек і цацак, а таксама з работ беларускіх мастакоў на тэму Краіны ўзыходзячага сонца.

Таксама гэтымі днямі ў Галерэі мастацтваў Музейнага цэнтра азербайджанскай сталіцы завяршаецца І Бакінскі міжнародны біенале лялек "Fusion Doll". Беларусь на ім прадстаўляла майстрыха з Мінска - Галіна Дзмітрук - сталая ўдзельніца выставак у рэспубліцы ды замежжы. Усяго ж у біенале прынялі ўдзел дзевятнаццаць майстроў з дзевяці краін.

Кацярына ДЗЕМЯНЧУК