Музей як гарант захавання духоўнасці

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

27 верасня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры. Бадай, самае галоўнае пытанне парадку дня — аналіз работы ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама па выкананні Рэспубліканскай праграмы развіцця музейнай дзейнасці на 2006 — 2010 гады. Як зазначыў міністр культуры Уладзімір Матвейчук, стан гэтай дзейнасці на Міншчыне цалкам адлюстроўвае характэрную карціну для рэспублікі ў цэлым.

Асноўная мэта Праграмы — вызначэнне сістэмы мерапрыемстваў па ўкараненні сучасных перспектыўных накірункаў для далейшага развіцця музейнай сеткі краіны. У сістэме Міністэрства культуры — 139 музеяў (два гады таму было 133): краязнаўчых, гістарычных, мастацкіх, літаратурных, музеяў-запаведнікаў, прыроды і экалогіі… Летась іх наведала амаль чатыры мільёны чалавек. Пазітыўная дынаміка назіраецца ў камплектаванні музейнага фонду (амаль 4 мільёны адзінак) і адкрыцці новых экспазіцый — летась створана 2300 музейных выставак.
Як паведаміў начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама А.Акушэвіч, на Міншчыне — 19 дзяржаўных музеяў: чатыры — абласнога падпарадкавання, 15 — раённага. Летась у музейную сетку вобласці быў ўключаны мемарыяльны комплекс “Хатынь” з двума філіяламі — “Курган Славы” і “Дальва” — і музей-сядзіба “Дзяржынава”. Ствараюцца новыя музейныя ўстановы ў Валожыне, Лагойску, Смалявічах. У Старых Дарогах з’явіцца неўзабаве музей беларускіх дарог і паштовай службы.
Штогод з раённых бюджэтаў выдаткоўваюцца сродкі на правядзенне бягучага рамонту музейных будынкаў. Летась для рамонту ўстаноў выкарыстана больш чым 50 мільёнаў рублёў, на сёлетні год выдзелена 132,7 мільёна рублёў. Для стварэння дзяржаўнага каталога Музейнага фонду РБ абнаўляецца камп’ютэрная тэхніка і праграмнае забеспячэнне музеяў Міншчыны. Ёсць 53 камп’ютэры. Штогод у фонды паступае больш за 7 тысяч экспанатаў (асноўны фонд склаў амаль 258 тысяч адзінак захавання).
Летась і ў першым паўгоддзі гэтага года план прадастаўлення платных паслуг музеі вобласці выканалі цалкам.
У музейных установах Міншчыны працуюць 133 спецыялісты, 108 з іх — з вышэйшай адукацыяй, каля паловы супрацоўнікаў маюць стаж працы ў музеях больш за 10 гадоў.
У 2006 — 2007 гадах вялікая ўвага надавалася выкананню даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі па рэалізацыі прапаноў Камітэта дзяржаўнага кантролю па забеспячэнні захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей, актывізацыі і павышэнні эфектыўнасці музейнай справы. У адпаведнасці з гэтым зверка музейных прадметаў і калекцый па вобласці завяршаецца ва ўстаноўленыя тэрміны (да 1 лістапада). Дарэчы, гэты досыць працаёмкі працэс завершаны на Гродзеншчыне, на 91 працэнт выканана зверка ў Гомельскай вобласці, на 90 — у Брэсцкай, на 80 — у Магілёўскай, толькі на 66 працэнтаў — у Віцебскай вобласці.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і кіраўнік Савета дырэктараў рэспубліканскіх і абласных музеяў З.Камароўская гаварыла пра тое, што абласныя музейныя ўстановы знаходзяцца ў лепшым стане, чым рэспубліканскія.
Маюцца на ўвазе і стан фондасховішчаў, і стварэнне новых экспазіцый. Неадкладна трэба вырашаць пытанне дэфіцыту мастакоў-афарміцеляў і рэстаўратараў, больш актыўна экспартаваць здабыткі беларускай музейнай справы ў замежжа.
Міністр культуры У.Матвейчук зазначыў, што ўзровень адукацыі нашых музейшчыкаў самы высокі ў параўнанні з іншымі катэгорыямі работнікаў культуры. Але музейная справа, ад выніковасці якой залежыць узровень захавання нацыянальнай духоўнасці, патрабуе пастаяннай падтрымкі, у тым ліку і кадравай. Больш шчыльна трэба працаваць па мэтавым накіраванні выпускнікоў школ у Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў — мінімум па 2-3 чалавекі ад кожнай вобласці ў год.
Наспела неабходнасць (і пра гэта выказваўся не адзін выступовец) стварэння Рэспубліканскага цэнтра па рэстаўрацыі музейных твораў, прадумаць сістэму падрыхтоўкі рэстаўратараў у вышэйшых навучальных установах галіны. Гаворка ішла і пра больш эфектыўную дзейнасць ацэначных камісій, і пра стварэнне плана мерапрыемстваў па больш плённым выкарыстанні музеяў для ўнутранага і міжнароднага турызму.

 
Інфарматызацыя галіны

Не менш важным падалося і наступнае пытанне парадку дня — аб ходзе ўкаранення сістэмы інфарматызацыі кіравання галіной. Прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры А.Галкін паведаміў, што рашэннем калегіі ад 22 лютага 2007 года № 11 вызначаны комплекс мерапрыемстваў па ўкараненні ў бягучым годзе адзначанай сістэмы. Нацыянальная бібліятэка Беларусі правяла экспертызу праграмна-інфармацыйнага комплексу “Рэгістр устаноў культуры”. Да 15 красавіка гэтага года БДІПК паставіў гэты комплекс арганізацыям рэспубліканскага падпарадкавання, абласным навукова-метадычным цэнтрам. Праведзена вучоба спецыялістаў. Да 20 верасня падключаны да аўтаматызаванай сістэмы перадачы даных раённыя рэгістры ў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Па Гомельшчыне ўстаноўка склала 15 працэнтаў, падключэнне — 13; па Брэстчыне рэгістры ўстаноўлены ў поўным аб’ёме, а падключэнне склала 63 працэнты.
У лістападзе на базе Мінскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра запланаваны семінар-навучанне са спецыялістамі абласных НМЦ па пытаннях праграмнага забеспячэння інтэграванага банка даных сеткі ўстаноў культуры рэгіёнаў з уводам у яго звестак па формах інфармацыйных карт устаноў клубнага тыпу.

 

Працоўная і вытворчая дысцыпліна

Галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў МК І.Лагаш паведаміў, што за 8 месяцаў праведзена праверка захавання заканадаўства аб ахове працы і пажарнай бяспецы ў 17 установах, падпарадкаваных Міністэрству культуры, і 6 арганізацыях камунальнай формы ўласнасці. Ва ўпраўленнях культуры Брэсцкага, Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў праведзены семінары з удзелам 195 начальнікаў аддзелаў культуры, кіраўнікоў гаспадарчых груп і адказных асоб за кантроль па ахове працы. Да канца года аналагічныя навучальныя семінары будуць праведзены ў астатніх абласцях. З надыходам ацяпляльнага сезона няўхільнае выкананне Дырэктывы Прэзідэнта РБ № 1 набывае надзвычайную актуальнасць.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ