Стужка Алены Туравай "Рыжык у Залюстэраччы", якая будзе паказана ў рамках "Лістападзіка-2011", заваявала сімпатыі гледачоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Адзін са складнікаў поспеху фільма - стварэнне вялікай колькасці візуальных эфектаў, якімі насычана карціна. Пра тое, наколькі складана здымаць падобныя стужкі, пра перспектывы і праблемы 3D-анімацыі ў Беларусі, "К" пагутарыла з выканаўчым прадзюсарам па візуальных эфектах кінастудыі "Беларусьфільм" і адначасова - супервайзарам "Рыжыка..." Аляксеем ДУБКО.
У "Рыжыку..." з дзвюх гадзін, цягам якіх ідзе стужка, 50 хвілін аддадзена графіцы. Гэта, натуральна, не галівудскі ўзровень, але ў шэрагу выпадкаў адрозненні- невялікія. Я думаю, атрымалася цалкам неблагая карціна, дзе ёсць і лічбавыя персанажы, створаныя ў моднай 3Dтэхналогіі. Праца над фільмам уключала тры стадыі: прадпрадакшн- гэта падрыхтоўчы перыяд, што ахопліваў напісанне сцэнарыя, раскадроўку, падрыхтоўку да здымак, прадакшн - самі здымкі, і постпрадакшн - пасля таго, як стужка была знята, зманціравана, мы дадавалі камп'ютарную графіку. Такім чынам, працэс гэты даволі складаны, але мы са сваёй працай справіліся, улічваючы тое, што ў стварэнні візуальных эфектаў былі задзейнічаны толькі 24 чалавекі. У Расіі, да прыкладу, над падобнымі праектамі працуе каманда прыкладна са ста чалавек.
- Што можна сказаць пра перспектывы развіцця 3D-анімацыі ў Беларусі?
- Наша кінастудыя мае цяпер добрую тэхнічную і матэрыяльную базу, і можа здымаць фільмы, насычаныя спецэфектамі, без асаблівых праблем. Іншая справа, што цяпер нам не хапае спецыялістаў, якія маглі б працаваць у гэтай галіне. На жаль, многія з іх з'язджаюць у Расію, Украіну, Польшчу. Да таго ж, у Беларусі яшчэ не рыхтуюць спецыялістаў-аніматараў для працы над поўнаметражнымі стужкамі. Таму, пакуль не будуць вырашаны названыя праблемы, казаць пра добрыя перспектывы развіцця 3D-анімацыі ў Беларусі зарана.
- Ці плануеце працягваць супрацоўніцтва з Аленай Туравай па стварэнні фільмаў з 3D-эфектамі? - Так, мы, магчыма, ужо сёлета, распачнём праект па здымках новага поўнаметражнага фільма-казкі. Цяпер Алена Турава працуе над сцэнарыем будучай карціны, дзе я таксама выступлю ў ролі супервайзара візуальных эфектаў. Пакуль што думаем над тым, якая колькасць лічбавых персанажаў будзе прадстаўлена ў гэтай стужцы. А тое, што яна атрымаецца такой жа ці нават больш цікавай за "Рыжыка...", я не сумняваюся!