Пайсці ў кіно і вярнуцца ў сімфонію

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Рэжысёры ў пошуках кінакампазітара

/i/content/pi/cult/349/6598/11-1.jpgАлег Хадоска - кінакампазітар? З гэтым азначэннем прыхільнікі ягонай творчасці відавочна не пагодзяцца. Ужо хаця б таму, што колькасць фільмаў, музыку да якіх ён ствараў, супадае з колькасцю яго сімфоній: і тых, і гэтых - акурат па чатыры. А ёсць жа яшчэ буйныя харавыя, вакальна-сімфанічныя творы (найперш - духоўныя), два балеты, дзве "з паловай" оперы (трэцяя яшчэ не завершана), нарэшце, музыка да тэатральных пастановак. Але з тым, што мысленне кампазітара, драматургічныя асаблівасці многіх яго акадэмічных партытур склаліся пад уздзеяннем кіно, спрачацца не даводзіцца. Да таго ж, менавіта апошняе прынесла яму папулярнасць.

 Сапраўды, знаўцы зацікавіліся творчасцю Алега Хадоскі яшчэ з 1990-х, калі адна за другой сталі з'яўляцца харавыя партытуры маладога аўтара, нечакана для многіх напоўненыя глыбокім духоўным зместам. Неўзабаве кампазітар атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь- за буйныя сімфанічныя творы. У замежжы пра яго загаварылі пасля балета "Папялушка", пастаўленага ў Латвійскай нацыянальнай оперы. А ў шырокіх колах беларускай грамадскасці - пасля доўгачаканай кінастужкі "Масакра", што прэзентавалася на "Лістападзе" летась.

 Не ўсе ведаюць і тое, што Хадоска як адзін з самых прызнаных у Беларусі кампазітараў-сімфаністаў нарадзіўся... пад уздзеяннем кіно. У свой час на яго такое вялікае ўражанне аказала стужка Тэнгіза Абуладзэ "Пакаянне", што ён вырашыў зрабіць нешта падобнае і ў музыцы.

 - Я зусім не збіраўся "перакласці" той фільм на музычную мову. Для мяне сталася своеасаблівым адкрыццём, што кіно можа ўзнімаць і вырашаць такія складаныя, надзвычай актуальныя і папраўдзе вечныя маральна-этычныя і духоўна-філасофскія праблемы. Значыць, гэтыя тэмы можна ўзняць і ў жанры сімфоніі! Так з'явілася мая Першая сімфонія. А за ёй - і астатнія тры...

 Між тым, Першую сімфонію папярэджвала праца не толькі над "Літургіяй Іаана Златавуста", фрагменты з якой увайшлі ў гэтую сімфанічную партытуру, але і над музыкай да экранізацыі быкаўскай аповесці. Так, у кіно Алег Хадоска трапіў літаральна адразу пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прычым па класе далёка не самага "кіношнага" кампазітара - прызнанага майстра вакальна-сімфанічных жанраў, прафесара Анатоля Багатырова. На час завяршэння навучання малады кампазітар быў аўтарам балета "Залаты ключык"- надзвычай яркага, запамінальнага па мелодыцы і аркестроўцы, напоўненага каларытнай тэатральнай вобразнасцю і пластыкай. Пэўна, гэта і прывабіла рэжысёра Мікалая Князева, які папрасіў пачаткоўца напісаць музыку да фільма "Пайсці і не вярнуцца" паводле Васіля Быкава.

 - Працаваць з Князевым, - узгадвае Алег Ігаравіч, - было вельмі цікава і лёгка. У яго ўсё дзеянне ў стужцы было распісана не тое што па хвілінах - па секундах! А галоўнае, ён абсалютна дакладна ведаў, чаго хоча ад музыкі: тая ў яго таксама была распісана па секундах яшчэ да сустрэчы са мной. Здавалася б, якія жудасныя межы для кампазітара! Аказалася ж, гэта зусім не абмяжоўвае творчую фантазію, а толькі скіроўвае яе ў пэўнае рэчышча. Бо калі ты ведаеш, дзе і як будзе гучаць той або іншы музычны фрагмент, над якім працуеш, дык намагаешся патрапіць "у дзясятку"...

 Відаць, творцы, да ўсяго, сышліся характарамі, бо супрацоўніцтва прадоўжылася. Пасля была дзіцячая казка "Вогненны стралок", за ёй - дакументальны фільм "Сымон Будны". А потым той жа Мікалай Князеў прывёў Алега Хадоску ў тэатр: яны разам працавалі над спектаклем "Каханне смешнага чалавека" паводле Дастаеўскага, пастаўленым у Тэатры-студыі кінаакцёра. Кампазітара "прыкмецілі" - і Рыд Таліпаў запрасіў яго на пастаноўку "Шасцёра персанажаў у пошуках аўтара" ў Магілёве, Уладзімір Шчэрбань - на "Падступства і каханне" на Малой сцэне Купалаўскага тэатра. Нарэшце, дзякуючы Аляксандру Гарцуеву музыка кампазітара трапіла і на Вялікую сцэну Купалаўскага: там былі пастаўлены спектаклі "Івона - прынцэса бургундская" і "Не мой", уганараваны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй Беларусі ледзь не па ўсіх намінацыях, уключаючы ўласна музычную.

 Яшчэ не паспела адбыцца прэм'ера апошняга ўзгаданага спектакля, як кампазітар пераключыўся на "Масакру". Асаблівую інтрыгу стварала тое, што рэжысёр Андрэй Кудзіненка, здымаючы свой "трылер па-беларуску", спрабаваў супрацоўнічаць ледзь не з дзясяткам іншых музыкантаў - і ўсё безвынікова. Менавіта Алег Хадоска стаўся апошнім звяном таго, здавалася, бясконцага ланцужка, што прывёў фільм да завяршэння.

 - Праца над "Масакрай", - сумна ўсміхаецца кампазітар, - была для мяне самай, бадай, цяжкай: не з прафесійнага пункта гледжання, а выключна з маральна-псіхалагічнага. "Прыціскала" і тое, што я ўключыўся ў творчую групу толькі на апошняй стадыі, калі тэрміны "палалі" і, адпаведна, усе былі ў стрэсава-шокавым стане, і тое, што ніякіх больш ці менш акрэсленых пажаданняў я не пачуў: маўляў, трэба напісаць урачыста-трагічную тэму пахавання Мядзведзя - і тэму кахання. Галоўнае, каб ужо па музыцы адчувалася, што гэта не "савецкі фільм", а гэткі Галівуд. І ўсё! Затое потым... Было напісана па чатыры - пяць варыянтаў кожнай тэмы, але пастановачнай групе ўсё чагосьці не хапала - зноў-такі, на ўзроўні "тут нешта не тое". Шмат сіл і нерваў адняло звядзенне гуказапісу: на стварэнне музыкі пайшоў месяц, на звядзенне - удвая больш. Праз нейкі час я быў гатовы адмовіцца ад усяго. Памятаю, ішоў на сустрэчу і думаў: калі і зараз штосьці не задаволіць- усё, досыць! Але, мабыць, тэрміны канчаткова "падціскалі", ці, можа, мае дарадчыкі самі стаміліся, ці яшчэ што, але музыка была прынята...

 Дарэчы, акрамя дзвюх згаданых тэм - "пахавання Мядзведзя" і кахання, у стужцы з'явілася і трэцяя. Ціхая і пранікнёная, яна адгукаецца ў сэрцы шчымлівым болем, успрымаецца сімвалам згубленага шчасця, прадвесніцай хуткага знікнення такіх якасцей, як шляхетная вытанчанасць і замілаванне прыгажосцю...

 - На думку пастаноўшчыкаў,- працягвае Алег Ігаравіч, - пасля пачатковых цітраў на тэме пахавання Мядзведзя фільм павінен быў адкрывацца нейкай вясёленькай музыкай, нават чымсьці джазавым. Але я разумеў, што такая стылістыка будзе надта рэзка кантраставаць з усім астатнім, выбівацца з агульнага настрою. І прапанаваў іншую мелодыю - у стылі накцюрнаў Шапэна...

 Што ж да міжжанравых сувязей, дык музыку, якая з тых або іншых прычын не ўваходзіць у фільм, Хадоска, здараецца, выкарыстоўвае ў сур'ёзных акадэмічных творах. Для таго ж Купалаўскага тэатра, калі там працавалі над "Дзікім паляваннем караля Стаха" паводле Уладзіміра Караткевіча, была напісана шмат музыкі. Але потым спектакль вырашылі суправаджаць класічнай "нарэзкай", і частка напісанага ўвайшла ў балет "Папялушка", оперу "Чорны манах". Гэтак жа было з "Масакрай": музычныя тэмы, не выкарыстаныя ў фільме, кампазітар распрацаваў у оперы "Шляхціч Завальня" паводле кнігі Яна Баршчэўскага.

 - Прыкладам плённага сумяшчэння ў сваёй творчасці акадэмічных жанраў і кінамузыкі, - зазначае Алег Хадоска,- сталіся для мяне Альфрэд Шнітке і Гія Канчэлі. Увогуле, цяпер наспеў час яшчэ большага, чым раней, сінтэзу мастацтваў, таму няма чаго здзіўляцца, што музыка да спектакля "Не мой" напісана для поўнага (я нават сказаў бы "насычанага") сімфанічнага аркестра, а не для асобных сольных інструментаў...

Ды і развіццё музычных тэм у гэтым спектаклі адбываецца па законах сімфанізму - праз інтанацыйныя сувязі і пераасэнсаванне матэрыялу. Узгадаем і прыклад "сінтэзу наадварот". У оперы "Чорны манах" ёсць цэлыя сцэны, пабудаваныя па законах кінамузыкі - праз бясконцыя паўторы адной тэмы, якая не столькі развіваецца, колькі "пераапранаецца" ва ўсё іншыя тэмбравыя адзенні. І гэта робіць оперу максімальна дэмакратычнай, зразумелай самай шырокай, нават непадрыхтаванай, аўдыторыі.

 - А вось пісаць адначасова некалькі партытур не магу,- прызнаецца кампазітар. - Калі раптоўна ўзнікае нейкая прапанова, працу над іншымі творамі папросту перапыняю. Цалкам пераключаюся на фільм ці драматычны спектакль, а потым зноў вяртаюся да сімфоніі ці оперы. Бо, пры ўсёй блізкасці розных жанраў, функцыі музычнага складніка ў іх- прынцыпова розныя. У драмтэатры і кіно музыка павінна быць "непрыкметнай" - іншымі словамі, настолькі натуральна ўплятацца ў агульную драматургію, каб яе практычна не было заўважна. А праверыць яе якасць вельмі проста. Трэба прайсці тую ж сцэну без музыкі, і калі нічога не змянілася - значыць, можна абыходзіцца без музыкі і надалей. Калі ж уражанне змяняецца, раптоўна "чагосьці не хапае", значыць, музыка - трапная.