“А нацыянальнае кіно — высокамастацкае!”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Ільвіная доля і беларускі інсайт Багдана Ступкі

/i/content/pi/cult/349/6592/2-1.jpgТрадыцыйны спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" з'яўляецца адным з сімвалаў Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". І галерэя імёнаў яго ўладальнікаў - сама гісторыя сучаснага кінематографа. Міхаіл Пташук і Генадзь Гарбук, Алег Янкоўскі і Эмір Кустурыца, Уладзімір Гасцюхін і Эліна Быстрыцкая, Георгій Жжонаў і Васілій Ланавой, Клара Лучко і Пётр Тадароўскі... Сёлета да ліку Асоб на кінанебасхіле айчыннага форуму дадасца яшчэ адна непаўторная зорка...

...Мусіць, імя народнага артыста Украіны, народнага артыста СССР Багдана Ступкі - адно з найчаканых у афішы кожнага "Лістапада". І, бадай, яго постаць асаблівым дыяментам ззяе ў пераліку ўлюбёнцаў мінскіх гледачоў. А калі ўжо Ступка прыязджае з новым фільмам - будзьце ўпэўнены: вольных месцаў на сеансе не будзе! Вось і мне ў якасці гледача пару гадоў таму давялося апынуцца перад шыльдачкай "На сеанс усе білеты прададзены!" на акенцы касы ў даволі-такі немалым сталічным Доме кіно. Той аншлагавай стужкай аказаўся наш, "беларусьфільмаўскі", "Інсайт" Рэнаты Грыцковай са Ступкам у галоўнай ролі ды абавязковай сустрэчай артыста з гледачамі. Дарэчы, карціна тая - бадай, адзіная ў ягонай фільмаграфіі з беларускай "прапіскай". Але сама Беларусь для артыста- зямля асаблівая.

 Вось як ён сказаў пра тое ў эксклюзіўным інтэрв'ю, дадзеным пару гадоў таму газеце "Культура":

- Заўжды любіў Мінск, Беларусь і беларускую мову. Гэта мова сяброў. У Купалаўскім тэатры працуе мой даўні паплечнік, народны артыст Беларусі Арнольд Памазан: разам з ім у свой час вучыўся ў Львоўскай тэатральнай студыі... "Лістапад" жа як міжнародны форум літаральна на вачах набірае вагу, павялічвае свае маштабы. Істотныя змены заўважныя і на "Беларусьфільме". Адраджэнне кінамастацтва - працэс больш чым ухвальны. Правільна, здымаць трэба шмат, і - рознае. Тады колькасць абавязкова пяройдзе ў якасць. А нацыянальнае кіно, неаспрэчна, - высокамастацкае кіно. І на Беларусі робіцца многае, каб такое кіно было. Вельмі хачу, каб усё запланаванае здзейснілася...

 Народны артыст Беларусі, купалавец Арнольд Памазан згадаў па просьбе "К" свае ўражанні ад "лістападаўскіх" сустрэч з сябрам юнацтва:

- Ён заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджае ў Мінск. Я ж яму ўдзячны, што не забываецца на нашае сяброўства часоў тэатральнай студыі пры львоўскім тэатры імя Марыі Занькавецкай. Пасля яе заканчэння кожны з нас пайшоў сваім шляхам. А праз дзесяцігоддзі звёў нас зноўку менавіта "Лістапад". Памятаю нават, як тое адбылося. У тэатры мне паведамляюць: "Тэрмінова выклікае дырэктар!" "Што ж я натварыў?" - думаю сам сабе. Заходжу да дырэктара - і бачу там... Ступку! Карацей, апошнім часам зблізіліся. Нават быў на ягоным 70-годдзі. Папраўдзе: Ступка ва Украіне - адна з самых знакавых фігур у культуры. Пацвярджэннем - званне Героя Украіны, якім яго ўганаравалі сёлета.

Што ж да згаданага "Інсайта", канешне, паглядзеў яго пасля па тэлебачанні, выйшла карціна і на DVD - адной з першых найноўшых айчынных стужак... Да яго прэзентацыі ў рамках форуму рэжысёр стужкі Рэната Грыцкова сказала "К" аб працы з Багданам Ступкам наступнае:

- Працаваць з ім было вельмі адказна і спачатку нават боязна. Але мегазорка аказалася і мегапрафесіяналам, які вельмі цэніць і свой, і чужы працоўны час ды не капрызіць, не ставіць нейкіх невыканальных умоў. Мне вельмі спадабалася быць побач са Ступкам! Сапраўды, часу заглыбіцца ў ролю, стварыць репетыцыйную аснову мелі няшмат. Але стараліся скарыстоўваць кожную хвіліну. І якім падрыхтаваным быў Ступка на пляцоўцы! Было відаць, як перад здымкамі прапрацоўваўся характар героя...

А гэта - нібы рэпліка ў адказ ад самога артыста, таксама з інтэрв'ю "К":

- Удзел у "Лістападзе" - не толькі знакавая падзея, але і магчымасць стасункаў з прафесіяналамі кіно. У тым, што яны ёсць на "Беларусьфільме", пераканаўся чарговы раз, калі здымаўся ў стужцы Рэнаты Грыцковай "Інсайт". Не надта часта даводзілася працаваць з жанчынамі-рэжысёрамі. Першай была Кіра Муратава, другой - ваша Рэната Грыцкова. Больш за тое: і аператарам на "Інсайце" стала жанчына - Таццяна Логінава... Дык вось, на здымках фільма ўсё было высокапрафесійна... Гэта проста цудоўна, калі ўсё атрымліваецца ў творчасці, асабліва - у кіно...

І ў якасці дадатку - яшчэ словы Ступкі, з ужо іншага інтэрв'ю для "Культуры": "Адметнае мастацтва Беларусі павінна захоўваць сваю нацыянальную самабытнасць і даваць прыклад іншым краінам..."

 Як не пагадзіцца з мэтрам? Тым больш, калі з мінскім "Лістападам" у яго звязана таксама не адна старонка поспеху. Скажам, у 2004-м усе журы форуму- прафесійныя і глядацкае - мелі падставы ўручыць Багдану Ступку ажно тры прызы за лепшую мужчынскую ролю: балазе выстаўляліся "Вадзіцель для Веры", "Свае", "Старажытнае паданне". Уручылі тады адзін- за ўсе тры карціны. Такі вось сапраўдны прызапад на "Лістападзе"!

...Так, на жаль, паглядзець "Інсайт" і наведаць сустрэчу з Багданам Ступкам пад час пазамінулага "Лістапада" не ўдалося. Мо пашанцуе ў Кіеве? Але ва ўкраінскай сталіцы ў студзені 2011-га спектакль "Леў і Львіца" ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Івана Франко са Ступкам у ролі Льва Талстога замянілі іншай пастаноўкай "з-за хваробы аднаго з артыстаў"... Што ж, мо пабачу Ступку "з трэцяй прыступкі"?

 ■ ■ ■

А напрыканцы - пра адну мару Багдана Сільвестравіча, таксама з ягонай нядаўняй гутаркі з карэспандэнтам "Культуры": - Я, дарэчы, - у якасці мары, - калі б меў шмат грошай, хацеў бы ездзіць па свеце, і аднаго разу завітаць на Беларусь, вывучыць беларускую мову і сыграць у якім-небудзь спектаклі разам з вашымі акцёрамі, хаця б і эпізадычнага персанажа... Увогуле ж, я не разумею, што такое рамкі таго ж акадэмічнага тэатра... Гэта ж не значыць, што ён кансерватыўны! На эксперыменты неабходна ісці (хаця я і не прыхільнік радыкальных крайнасцей) абавязкова: без іх няма прагрэсу.

 

"Я вельмі люблю "Лістапад"!"

Штогод напярэдадні "Лістапада" я набіраю кіеўскі тэлефонны нумар. Як правіла, слухаўку падымае жанчына з прыязным прыемным голасам.

- Ларыса Сямёнаўна, ці можна Багдана Сільвестравіча?

- Ён на гастролях з тэатрам...

 Менавіта яна, жонка Ступкі, дала мне ягоны нумар мабільнага. І Багдан Сільвестравіч, нягледзячы на жорсткі графік, яскрава распавядаў мне пра тое, што зроблена ў кіно і што плануецца зрабіць, як ён любіць сваіх беларускіх сяброў Арнольда Памазана і Расціслава Янкоўскага, пра тое, як часта бывае ў Мінску...

 Сёлетні тэлефонны дыялог быў да мяжы кароткім. Па традыцыі, адказала жонка, запэўніла, што пачувае сябе Багдан Сільвестравіч няблага, але толькі ўчора ноччу вярнуўся ў Кіеў, зараз адпачывае, а тэлефанаваць яму варта цягам дня і на мабільны, бо спраў - процьма...

 Праз некаторы час на тэлефанаванне адказаў сам Ступка. Натуральна, распытаць хацелася пра ўсё: пра здароўе, апошнія ролі ў тэатры і кіно, пра тое, ці прыедзе, як і заўжды, на "Лістапад"... Але народны артыст Украіны, народны артыст СССР, Герой Украіны адказаў на ўсё адзінай рэплікай:

 - Доўга гаварыць не магу, бо кладуся ў шпіталь. Настрой не той. Даруйце. А "Лістапад" я вельмі люблю!..

Здароўя вам,Багдан Сільвестравіч!

 Яўген РАГІН

 

 

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах