Антыкварыят для індустрыялізацыі

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

У адным спісе: шыйная грыўня з ХІІ стагоддзя і шпілька для гальштука з XX-га

/i/content/pi/cult/349/6590/14-1.jpgАрхіўныя матэрыялы, знойдзеныя апошнім часам айчыннымі даследчыкамі, даюць адказы на многія пытанні, што дзесяцігоддзямі былі схаваны ў папках пад грыфам "Сакрэтна". Да прыкладу, не многім вядома, што акрамя такіх крыніц фінансавання рэалізацыі планаў па індустрыялізацыі Савецкага Саюза, як экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі, у 1920 - 30-х гадах мінулага стагоддзя адбываўся і масавы продаж мастацкіх і гістарычных каштоўных прадметаў, што давала неабходныя валютныя сродкі для будаўніцтва прамысловых комплексаў.

 Магчымасці экспарту антыкварыяту за мяжу для атрымання сродкаў на індустрыяльную мадэрнізацыю краіны абмяркоўваліся на Палітбюро ЦК ВКП(б) асабіста з Іосіфам Сталіным пачынаючы з 1927 г. А пасля прыняцця 23 студзеня 1928-га сакрэтнай пастановы СНК СССР "Аб мерах па ўзмацненні экспарту і рэалізацыі за мяжой прадметаў даўніны і мастацтва" вываз антыкварыяту і прадметаў мастацтва набыў арганізаваны характар. Згодна з пастановай, кіраўніцтва работамі па выяўленні і адборы прадметаў, якія ўваходзілі ў склад музейных фондаў, даручалася Наркамгандлю і Наркамасветы саюзных рэспублік. Пры гэтым, уся практычная дзейнасць па лініі Наркамгандлю ўскладалася на спецыяльны орган - "Галоўную кантору па скупцы і рэалізацыі антыкварных рэчаў", што скарочана называлася "Антыкварыят".

Функцыі і прыярытэты двух ведамстваў знаходзіліся ў пэўнай супярэчнасці. Наркамасветы імкнуўся захаваць дзяржаўны фонд, у горшым выпадку - пазбавіцца ад другараднага, дублетнага матэрыялу. У задачу ж Наркамгандлю ўваходзіла павелічэнне аб'ёмаў антыкварнага экспарту і выкананне валютнага плана любой цаной, нават шляхам продажу сусветных шэдэўраў. Атрымаўшы заданне ад кіраўніцтва рэспублікі, Галоўнавука рабіла "экспартную раскладку" па музеях, вызначала тэрміны. Музеі праводзілі інвентарызацыю фондаў, адбіралі прадметы для рэалізацыі, праводзілі іх першасную ацэнку.

 Пасля адбораў з музейных калекцый рэчы дастаўляліся на склады "Антыкварыяту" у Маскве і Ленінградзе, адкуль прадаваліся праз спецыяльныя савецкія гандлёвыя ўстановы альбо на замежных аўкцыёнах. Акрамя таго, з буйнымі пакупнікамі супрацоўнікі "Антыкварыяту" вялі перамовы непасрэдна альбо праз савецкія прадстаўніцтвы за мяжой.

/i/content/pi/cult/349/6590/14-2.jpgУ 1928 - 1929 гг. Палітбюро ЦК ВКП(б), незадаволенае вынікамі антыкварнага бізнесу, стварыла адмысловую камісію, якая павінна была здзейсніць прарыў у справе "ліквідацыі мастацкіх запасаў краіны". Гэтае рашэнне азначала пераход ад продажу другараднага матэрыялу да гандлю шэдэўрамі.

У выніку продаж скарбаў закрануў усе найбуйнейшыя музеі краіны, у тым ліку і БССР. Храналагічна ўвесь продаж рэчаў з музеяў нашай рэспублікі за мяжу ахопліваў перыяд першай пяцігодкі (1928 - 1933 гг.), калі краіне, паводле планаў кіраўніцтва, трэба было разгарнуць будаўніцтва новых галін прамысловасці.

 Пытанні адбору гісторыка-культурных каштоўнасцей з беларускіх музеяў кантраляваліся вышэйшым партыйным кіраўніцтвам рэспублікі. Пра гэта сведчыць і даклад намесніка Наркамгандлю БССР другому сакратару ЦК КП(б)Б І.А. Васілевічу, які датуецца 17 снежня 1928 г. У ім паведамляецца, што пытанне аб экспарце рэчаў мастацтва, даўніны і іншых каштоўнасцей з музеяў рэспублікі ўзгоднена з Наркамасветы БССР, разасланы спецыяльныя апытальныя лісты ва ўсе акругі, арганізаваны спецыяльныя камісіі "для выяўлення у мясцовых музеях рэчаў, годных для экспарту".

 Першай іх "ахвярай" стаў Беларускі дзяржаўны музей у Мінску, дзе напрыканцы 1928-га быў адабраны шэраг абразоў, што зацікавілі заходніх калекцыянераў. У тым жа годзе з фондаў музея зніклі творы М.Антакольскага, Ю.Пэна, Я.Кругера ды іншых вядомых мастакоў. У 1929-м вываз музейных рэчаў з музеяў БССР дасягнуў такога ўзроўню, што паўстала неабходнасць стварыць у Мінску экспартную камісію і экспартны музейны фонд.

Але тэмпы і аб'ёмы адбору ў музеях БССР не задавальнялі саюзнае кіраўніцтва. Загадчыкі музеяў шукалі хоць якія зачэпкі, каб замарудзіць справу. Таму ў лістападзе 1931-га з Масквы ў БССР быў камандзіраваны прадстаўнік "Антыкварыяту", які ажыццявіў буйнамаштабную праверку. У выніку, з Мінскага, Магілёўскага, Віцебскага і Гомельскага дзяржаўных музеяў вывезлі 285 гістарычных і мастацкіх помнікаў.

Куды ж трапілі прадметы з беларускіх музейных калекцый? Асноўнай краінай прамысловага імпарту ў СССР і яго асноўным крэдыторам на той час выступала Германія. Яна ж паглынула асноўную частку агульнага аб'ёму савецкага антыкварнага экспарту. Амаль трэцяя частка была адпраўлена ў ЗША. Астатняе асела ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі і Францыі. Напрыканцы 1920-х - на пачатку 1930-х гг. галоўны маршрут, якім музейныя каштоўнасці вывозілася на Захад, праходзіў параходамі ад Ленінграда да Рыгі, а адтуль - сухапутным шляхам у Берлін. Трэба адзначыць, што ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу 1929 - 1933 гг. скіфскае золата і палотны майстроў Рэнесанса, унікальная мэбля, парцаляна, бронза, абразы, старадрукі ды іншыя музейныя каштоўнасці рэалізоўваліся на Захадзе па заніжаных цэнах, якія змяншаліся з кожным аўкцыёнам. Падлічана, што ў сярэднім упаўнаважаныя Наркамгандлю атрымлівалі за прададзенае 30 - 40% ад рэальнай цаны рэчаў, і нават менш. Да прыкладу, палатно "Аплакванне Хрыста" Ван Дэйка было набыта ўсяго за 30 тысяч долараў, "Хрыстос вылечвае хворага" Рэмбранта - за 4600.

 /i/content/pi/cult/349/6590/14-3.jpgАпошняе масавае, і найбольш варварскае, адабранне рэчаў з музеяў сістэмы Наркамасветы БССР для продажу за мяжу адбылося ў 1933 г. На пасяджэнні сакратарыята ЦК КП(б)Б пад старшынством першага сакратара М.Гікалы была прынята пастанова "Аб каштоўнасцях у музеях БССР". На тым жа пасяджэнні ўтварылі спецыяльную камісію. Цягам верасня яна правяла праверку дзяржаўных музеяў у Мінску, Магілёве, Гомелі і Віцебску. Па выніку яе высветлілася наступнае. "Шэраг каштоўнасцей (золата і срэбра) падлягае адабранню і рэалізацыі. Акрамя таго, ва ўсіх музеях ёсць значная колькасць прадметаў, якія не маюць гістарычнай, навуковай і мастацкай каштоўнасці. Рэчы гэтыя захламляюць сховішчы музеяў, паступова псуюцца і патрабуюць тэрміновай рэалізацыі (адзенне, посуд, карціны)".

 Пра сапраўдныя мэты камісіі, работа якой была закамуфліравана пад праверку, сведчаць наступныя радкі з яе справаздачы: "За немагчымасцю праверыць поўнасцю захаванасць музейных фондаў - камісія праверыла на выбарку наяўнасць залатых і сярэбраных рэчаў ды буйных сярэбраных манет". Не фіксаваліся ні іх мастацкая, ні гістарычная значнасць. Залатой шыйнай грыўні ХІІ ст. аўтары спіса надавалі значэнне не большае, чым залатой шпільцы для гальштука 1916 г.

 Нельга не адзначыць і яшчэ адзін факт. Тэхніка прыёмкі супрацоўнікамі "Антыкварыяту" і ператварэнне музейных каштоўнасцей у сродак плацяжу была варварскай: золата і срэбра прымалася як лом, старажытныя манеты і ўзнагароды пераплаўляліся ў зліткі. Такім чынам, нацыянальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці знікалі не толькі з месца іх паходжання - яны знікалі ўвогуле!

...Пасля выканання першага пяцігадовага плана пачаўся спад экспарту савецкага антыкварыяту. У сярэднім за чатыры гады пяцігодкі Наркамгандаль СССР выручаў ад продажу музейных прадметаў мізэрную суму: каля пяці мільёнаў рублёў у год- менш за адзін працэнт ад агульнага штогадовага экспарту.

 Aляксандр ГУЖАЛОЎСКІ,

доктар гістарычных навук, прафесар

На здымках: экспертыза каштоўнасцей

у Дзяржаўным музейным фондзе;

 прадметы кшталту сярэбраных абраза

і шаты нярэдка адпраўляліся на экспарт.