Рабіць свет прыгажэйшым

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

VІІ Нацыянальны фестываль архітэктуры “Мінск — 2007” завяршыўся ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў. За некалькі дзён, на працягу якіх праходзіў фэст, адбылося мноства падзей, цікавых сустрэч. Мінскае архітэктурнае свята сабрала шмат знакамітых дойлідаў з розных краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, СНД. У Мінску ў выставачным комплексе БелЭКСПА свае работы прадставілі вядомыя творцы і маладыя архітэктары.

Гран-пры ХІІІ рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект-пабудову журы прысудзіла стваральнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — архітэктарам В.Крамарэнку і М.Вінаградаву. У міжнародным конкурсе работ маладых архітэктараў “Леанарда — 2007”, які праходзіў у межах фэстывалю, Гран-пры ў раздзеле “Праект” атрымаў твор “Жылы комплекс у квартале, абмежаваным вуліцамі 17 верасня і Астроўскага ў Мінску” С.Фурдуя, В.Івашкова, Е. Дайнэкі, У.Генэ; Гран-пры ў раздзеле “Пабудова” дастаўся польскім удзельнікам Р.Канечнаму, М.Вольніку, Л.Пражаку. У конкурсе студэнцкіх работ перамог дыпломнік БНТУ Д.Навасёлаў, які быў удастоены Гран-пры за комплекснае рашэнне рэканструкцыі квартала ў Мінску.
Сёлетні фэст, на думку старшыні Беларускага саюза архітэктараў Аляксандра Корбута, быў як ніколі прадстаўнічы і цікавы. Каля 160 праектаў дэманстравалася на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе, а ў ІІ міжнародным конкурсе “Леанарда — 2007” было паказана больш за 150 праектаў з 12 краін.
Лепшымі работамі прызнаны творы архітэктуры, якія выкананы на сучасным прафесійным узроўні і маюць сацыяльна-грамадскую значнасць і высокія мастацка-эстэтычныя характарыстыкі.
Дзелячыся ўражаннямі ад архітэктурнага свята, якое прайшло ў сталіцы, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза архітэктараў Марцін Драхоўскі (Славакія), гаварыў:
— Багацце зямлі пачынаецца з будаўніцтва, багацце думкі, культуры — з архітэктуры. Фестываль у Мінску прысвячаўся будаўніцтву і архітэктуры. Хацеў бы падзякаваць усім, хто ладзіў фэст, за цудоўнае свята. Арганізатары далі магчымасць прафесійным дойлідам і студэнтам пазнаёміцца са здабыткамі архітэктуры ў Еўропе і свеце. Я ўпершыню ў Мінску. Беларуская сталіца — цудоўны горад, дзе гарманічна спалучаюцца урбанізацыя і прырода: шмат зеляніны, адметны водны дыяметр, які акаляе горад, мноства будынкаў і паркаў у цэнтры,— і ўсё гэта служыць усяму грамадству.
Паводле меркавання вядомага маскоўскага дойліда, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай акадэміі архітэктуры і члена журы конкурсу “Леанарда — 2007” Андрэя Чэрніхава, такія падзеі нясуць шмат пазітыўнага і вельмі карысныя ў плане абмену назапашаным досведам. Маладым архітэктарам, якія прынялі ўдзел у конкурсе “Леанарда — 2007”, прадастаўляецца вялікае поле дзейнасці. Архітэктура — прафесія боская. Па волі яе чароўнай палачкі на ўчарашніх пустках вырастаюць новыя дамы, дзіцячыя пляцоўкі, з’яўляюцца паркі і скверы, — усё тое, што спачатку нараджаецца ў душы, у розуме архітэктараў. Задача старэйшых пакаленняў архітэктараў, гаварыў А.Чэрніхаў, — перадаць эстафету моладзі, годна выхаваць яе, каб яна рабіла свет прыгожым. Маладым архітэктарам Беларусі ён пажадаў “знаходзіць сваю мову”, бо толькі тады можна быць цікавымі ўсяму свету.
Вядомы італьянскі архітэктар Рэнца Джэнара, чые творчыя майстэрні працуюць па ўсім свеце, прадставіў на фэстывалі свой стэнд, які выклікаў вялікую цікавасць у спецыялістаў і будучых дойлідаў. На погляд італьянскага госця, фестываль дае добрую магчымасць, найперш маладым таленавітым архітэктарам, пазнаёміцца з набыткамі архітэктуры іншых краін, што можа стацца штуршком у стварэнні чагосьці новага свайго, уласнага.
— Самая галоўная ідэя конкурсу “Леанарда — 2007” — знайсці баланс, раўнавагу паміж штодзённым і ідэальным, — гаварыў Р.Джэнара. — І хацелася, каб гэта было ўвасоблена менавіта ў новых архітэктурных праектах. Бо сярод работ было дастаткова цікавых твораў з позіркам у будучыню.
Выказваючы свае ўражанні аб Мінску, італьянскі дойлід адзначыў, што гэта горад вялікіх прастораў, ён адрозніваецца ад іншых сваімі зялёнымі ландшафтнымі зонамі, што не заўсёды ўбачыш у іншых еўрапейскіх мегаполісах. Мінск, яго на думку,— горад высокай культуры.
Паводле ўражанняў члена савета Міжнароднага саюза архітэктараў, старшыні Саюза архітэктараў Масквы Андрэя Кафтанава, які ўпершыню наведаў Мінск больш за 15 гадоў таму, сталіца Беларусі мае сваё непаўторнае аблічча, створанае некалькімі пакаленнямі вельмі таленавітых архітэктараў.
— У часы Савецкага Саюза, — гаварыў ён, — Мінск быў адным з лідэраў індустрыяльнага домабудавання. Трэцяе, чацвёртае пакаленні індустрыяльнага домабудавання далі магчымасць домабудаўнічага манеўравання. З’яўляліся вельмі цікавыя, сумаштабныя тэрыторыі. І за апошнія пятнаццаць гадоў маштаб горада не быў страчаны, яго планамерная закамернасць развіцця не была перапынена. Беларускія дойліды не адмовіліся ад сваёй спадчыны, ад таго, што было сфармавана да пачатку 90-х гадоў. Расійскія архітэктары пайшлі іншым шляхам: яны пачалі пазіцыяніраваць новую архітэктуру амаль што на пустым месцы. Еўрапейскія дойліды, Міжнародны саюз архітэктараў ставяцца з павагай да творчасці, якая грунтуецца на пераемнасці. “Белая кніга архітэктуры”, з яе этычнымі нормамі, якімі кіруюцца і па якіх жывуць архітэктары Еўропы, заклікае менавіта да паважлівага стаўлення да нацыянальнай спадчыны. На апошніх кангрэсах МСА ў Берліне, Стамбуле адзначалася,— падкрэсліў А.Кафтанаў,— што важна захоўваць нацыянальную своеасаблівасць, нацыянальны маштаб архітэктурнай культуры, якая ствараецца мясцовымі дойлідамі. Сапраўды, унікальная з’ява — калі новае пакаленне беларускіх архітэктараў (і гэта паказала ўбачанае на выстаўцы) развівае прасторавы і мастацкі вобраз, прыўносячы сучаснасць вельмі далікатна, не змяняючы функцыянальны і пластычны лад цудоўнага горада Мінска, сталіцы Беларусі.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА