“Мудрагеліста тасуецца калода…”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Двое з роду Кастравіцкіх: Карусь Каганец і Гіём Апалінэр

(Заканчэнне. Пачатак у № 44.)

/i/content/pi/cult/349/6589/15-1.jpg...Казімір, адчуўшы сябе паэтам, пачынае падпісвацца псеўданімам "Каганец" - словам, што азначала простую свяцільню ў беднай сялянскай хаце. Зразумела, мэта ягонага жыцця - заўсёды свяціць людзям, дапамагаць ім адчуваць сябе па-сапраўднаму вольнымі і гордымі беларусамі, навучыць іх "людзьмі звацца". Здавалася, маладых чакае свет з усімі колерамі вясёлкі. Такі ж свет адкрываўся ў Парыжы і перад Вільгельмам, які свае першыя вершы "Неба" і "Зімовы досвітак" яшчэ падпісваў "Вільгельм Кастравіцкі", але хутка абраў для сябе псеўданім "Гіём Апалінэр", і з гэтым імем увайшоў у гісторыю сусветнай культуры. А што ж Каганец?

У яго маладой сям'і "музыка грала нядоўга". Нечакана ўзніклі вялікія матэрыяльныя і фінансавыя цяжкасці. Нагадаю, амаль усе ўладанні Кастравіцкіх былі канфіскаваны пасля паўстання 1863 - 1864 гг., акрамя фальварка Навасёлкі на Койданаўшчыне з шасцю сялянскімі дварамі, якія спрадвеку належылі Алене Кастравіцкай. Але тут было не разгарнуцца, і Каганцу ўжо на пачатку новага стагоддзя давялося шукаць любую, нават чорную, працу, каб пракарміць сям'ю: жонку і дзяцей Янку, Мірона, Галечку і Міленку. Чым ён толькі ні займаўся: працаваў у Мінскай чайной, колькі месяцаў - мастаком-афарміцелем у Рызе, потым - аканомам у Мінскім таварыстве дабрачыннасці, дзе арганізаваў беларускі хор і аркестр, пазней будаваў у Лідзе чыгунку на пасадзе дзясятніка... І, канешне ж, пісаў вершы, артыкулы, апрацоўваў нацыянальны фальклор, складаў унікальны "Беларускі лемантар", штосьці маляваў і ляпіў.

У 1902 годзе яго творы на беларускай мове з'явіліся ў газетах "Минский листок" і "Северо-Западный край". Больш за тое: тады ж ён разам з Антонам і Іванам Луцкевічамі, Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і Вацлавам Ластоўскім прыняў удзел у стварэнні Беларускай сацыялістычнай грамады...

Наогул, першыя гады ХХ ст. для Каганца былі гадамі найбольш актыўнай грамадскай і асветніцкай дзейнасці, з-за чаго на ўласна выяўленчую і літаратурную творчасць заставалася зусім мала часу. Але такая была ў яго натура: свяціць заўжды, свяціць усяму, што датычылася народнага шчасця. Яго нават абіралі дэлегатам на Першы сялянскі з'езд Беларусі. Ён ішоў туды і марыў, напрыклад, пра выданне беларускай газеты для працоўнага сялянства пад назвай "Палессе". Але такі дазвол ад царскага ўрада ён, канешне ж, не атрымаў, хаця ўвосень 1904 года і ўвосень 1905-га дасылаў прашэнне на імя міністра ўнутраных спраў князя Святаполк-Мірскага і ліст у галоўнае ўпраўленне па справах друку.

Цікава, што ў гэты ж час Апалінэр таксама марыў стварыць уласны часопіс пад рознымі назвамі ("Рэвю імараліст", "Фэстэн д'Ёзоп", "Летр мадэрн"), але- нічога не атрымалася і ў яго.

 Зімой 1905 г. Каганец арганізаваў шматлюдны антыцарскі мітынг на Койданаўшчыне і быў арыштаваны. Амаль паўгода адсядзеў у мінскай Пішчалаўскай турме, але яшчэ да суда быў выпушчаны на парукі: да пары, пакуль гэты суд не адновіцца. Забягаючы наперад, скажу, што таго аднаўлення "законапаслухмянаму" Каганцу давялося чакаць цэлых пяць гадоў! Такія тады існавалі дзіўныя законы, не кажучы пра тое, што ў камерах можна было свабодна пісаць, рысаваць і нават даволі свабодна перапісвацца з роднымі. Ды і кармілі, як піша Каганец, прыстойна: цур з цыбуляй і маслам, страва з мясам, каша бульбяная з салам, чай з хлебам і маслам. Вось толькі яму вельмі перашкаджалі хваробы.

Справа ў тым, што яшчэ ў Табольску маленькі Казік выпадкова ўпаў з высокага акна, моцна пакалечыўся, і ў яго вырас горб. І што самае дзіўнае: бацька Казіміра таксама быў гарбаты, але ад нараджэння! Проста нейкая містыка! Можна ўзгадаць падобны невясёлы лёс рускага жывапісца Віктара БарысаваМусатава і яго французскага калегі, палкага Тулуз-Латрэка...

/i/content/pi/cult/349/6589/15-3.jpgВось што піша пра Каганца беларускі літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч: "Зімою ён звычайна быў у жоўтым кажуху, падпяразаным поясам, у высокай аўчыннай шапцы, у юхтовых ботах. Зверху палатнянай кашулі насіў суконную світку, каб не так кідаўся ў вочы горб. З усімі, нават панамі і падпанкамі, гаварыў ён толькі па-беларуску. Ва ўсёй ягонай постаці і ў абліччы адчувалася сіла чалавека працы, з глыбокім перакананнем гаварыў ён любімыя словы: "Беларусь трэба падымаць!"... І ён гэта рабіў, па сутнасці, па ўсіх накірунках, дзе толькі можна: у грамадскай і асветніцкай дзейнасці, у паэзіі і драматургіі, у выяўленчым мастацтве, наогул у жыцці. І- не баяўся нічога, акрамя таго, што не паспее рэалізаваць усё, пра што марыў. А марыў ён пра адно: дапамагчы беларускаму народу ўсвядоміць сябе як нацыю. Пра Каганца нават хадзіла легенда: нібыта кожны дзень ён блукаў па вуліцах Мінска з ліхтаром, як калісьці Дыяген шукаў чалавека. На натуральныя пытанні мінчан адказваў, што шукае... беларуса. Зусім па-іншаму выглядаў тады малады парыжанін Гіём Апалінэр: "...Антычны профіль, галава - як у імператара Позняга Рыма...", "...бонвіван...", "...гурман-абжора і таўстун...", "...рафінаваны інтэлігент..." Поўная супрацьлегласць...

 Вось як пра Каруся Каганца згадваў Мікола Шыла: "Напрыканцы 1909 года ці на пачатку 1910-га (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён, як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Світка была падпяразана рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражанне. Ягоны выгляд - малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, пранізлівымі вачыма, - цягнуў да сябе кожнага. Пасяліўся К.Каганец у мяне, на Набярэжнай..." Але праз тры месяцы, 2 красавіка 1910 года, Каганец па старой справе 1905-га быў асуджаны Віленскай судовай палатай на адзін год зняволення і змешчаны ў тую ж самую мінскую Пішчалаўскую турму. Сядзеў там некаторы час са зводным братам - Міхасём Кардэцкім- і Якубам Коласам. У лісце з турмы да жонкі (ад 17 снежня 1910 г.) ён піша: "...Маляваць я маляваў усё найбольш беларускія тыпы. Ажно два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў..." Дзе яны, тыя рысункі, невядома да сённяшняга дня. Тым не менш, у турме здароўе Каруся Каганца вельмі пагоршылася. Ён і сам піша ў лісце да жонкі ад 22 студзеня 1911-га: "Цяпер у нас пагоршала сядзець. Бо народу прыбавілася, а на дварэ холадна. То вокны пазамыканы, а праз тое паветра мала, так што часта галава баліць. Але павінна скора пацяплець..."

/i/content/pi/cult/349/6589/15-2.jpg А тым часам Апалінэр таксама на колькі месяцаў трапляе ў турму па падазрэнні ў крадзяжы "Джаконды" Леанарда да Вінчы. І хаця нарэшце быў вынесены апраўдальны прысуд, паэт доўга не мог адысці ад спалоху. Але перыяд 1900-х гадоў быў, тым не менш, паспяховы ў творчым плане для абодвух Кастравіцкіх. Калі Каганец у 1906-м выйшаў з турмы, адно з беларускіх выдавецтваў Пецярбурга заказала яму малюнкі для сваіх выданняў, а праз тры гады - вокладку да кніжкі Я.Коласа "Другое чытанне для дзяцей беларусаў". У наступным годзе на выстаўцы ў Мінску экспанаваўся шэраг новых твораў Каганца: гэта арыгінальны "сялянскі" жывапіс на палотнах, падносах, шкатулках, бярозавых дошках, фанеры... Усе- з відамі ландшафтаў Беларусі альбо з адлюстраваннем характэрных тыпаў беларусаў. У свой час былі вядомыя і некалькі скульптурных работ Каганца, у тым ліку адно распяцце і барэльеф з слановай косці: спатканне хлопца і дзяўчыны. У гэтым шэрагу - карціна "Беларускі лірнік" у прыглушаным шэрым каларыце, на якой франтальна, паралельна плоскасці палатна, адлюстраваны беларускія сяляне ў белых доўгіх кашулях і лапцях; яны сядзяць на прызбе і ўважліва слухаюць горкія песні пра народную долю сляпога музыкі. У 1900-я гады Каганцом былі створаны і палітычныя карыкатуры "Пахаванне Свабоды" і "Віншую з Новым годам!". У першай рабоце, што складалася з чатырох малюнкаў-кадраў, выяўлена наступнае: Свабода, якую рыхтуюцца адпяваць, паўстае з труны і адкідвае ад сябе вартаўніка-жандара, а святара змушае ад страху лезці пад стол. На другой карыкатуры - новы, 1907-ы год у вобразе беларускага селяніна з касой у руках (як не згадаць тут касінераў!), які праганяе стары год у выглядзе... імператара Мікалая II. Сярод іншых малюнкаў з-пад рук Каганца выходзілі "Партрэт маці" - галава жанчыны, у завязанай па-сялянску паркалёвай хустачцы; трапяткі бусел над гняздом з бусляняткамі- можна сказаць, самы цудоўны беларускі птах, што стаў для наступных пакаленняў мастакоў нацыянальным "брэндам". А яшчэ ў альбоме творцы з'яўляліся лёгкія накіды землякоў-жабракоў, якія адпачываюць ля прыдарожнага распяцця, і земляроба з плугам, таго самага, пра якога сам аўтар пісаў: "Мы працуем бо праз меру, Ды шчасця не відзім..."

 А што да Апалінэра, то пасля выхаду з турмы ў яго ўсё як бы наладжваецца. Ён падрыхтаваў выпуск свайго першага паэтычнага зборніка "Алкаголі", куды ўвайшлі вершы розных гадоў, а франтыспіс кнігі ўпрыгожваў кубістычны партрэт аўтара работы - сябра і аднадумца Пабла Пікаса. А яшчэ Гіём стварае праграмныя тэарэтычныя опусы- "Эстэтычныя думкі" наконт новай эстэтыкі кубізму і футурызму. А яшчэ... Шмат чаго да пачатку вайны паспеў зрабіць сваяк Каганца, чалавек, "...без якога наша стагоддзе тапталася б на месцы і прасіла міласціну", як пісаў чэшскі паэт Вітэзслаў Незвал. А Каганец пасля апошняга вызвалення з Пішчалаўскай турмы перабраўся на часовае пражыванне да сваёй сястры Мані. Там жа, у Мінску, марыў трошкі ачуняць ад хваробы і з новымі сіламі ўзяцца за паэзію, драматургію, мастацтва, публіцыстыку, апрацоўку беларускага фальклору, народных легенд, казак, песень. Але на шыі сястры не сядзеў. Два гады перабіваўся выпадковымі заробкамі, пакуль не атрымаў працу аканома ў фальварку Жартай (Жортаў) каля Багданава ў нейкага Копаця. Там з вясны 1912 г. і праслужыў амаль да канца жыцця. Але самое галоўнае літаратурнае дасягненне Каганца - вадэвіль "Модны шляхцюк", які на Беларусі карыстаўся вялікай папулярнасцю і быў, па сутнасці, адным з п е р ш ы х твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару. У 1910-м Максім Багдановіч з Яраслаўля прыслаў у "Нашу ніву" дзвюхстрофны верш, прысвечаны Каганцу. Вось яго першая страфа: "Змоўк пясняр, затаіў свае песні, Ён іх болей ужо не пяе, Але рвуцца яны, і калісь на прадвесні Лёд халодны ў душы пад напорам іх трэсне, І струёй хлынуць вершы з яе..."

 20 мая 1918 года Карусь Каганец памёр ад запалення лёгкіх у фальварку Лісіныя Норы ў Прымагіллі. Пачала ўжо палаць братазабойчая грамадзянская вайна, якая прынясе шмат гора і пакут нашаму народу. Выдатны беларус быў сціпла пахаваны ў вёсцы Навасёлкі, але на развітанне з ім ні жонка, ні дзеці не прыехалі... А праз паўгода, 9 лістапада 1918-га, пайшоў з жыцця і выдатны француз Гіём Апалінэр, якому так і не давялося пабываць на радзіме сваіх продкаў. У дзень пахавання Гіёма якраз скончылася Першая сусветная вайна. Іронія лёсу...

 Праз 70 гадоў на магіле Каганца быў устаноўлены помнік. Яго імем названа сельскагаспадарчае прадпрыемства. Рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 30 лiпеня 2004 г. новай вулiцы ў мiкрараёне "Лошыца-4, 5, 6" таксама нададзена яго імя.__

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"