Рэтвіт і танга

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Дванаццаць месяцаў Веніяміна Смехава

/i/content/pi/cult/349/6586/5-3.jpgЗ народным артыстам Расіі, госцем сёлетняга Мінскага міжнароднага фестывалю "Лістапад" Веніямінам СМЕХАВЫМ скантактаваўся праз ягоны акаўнт у Твітэры. Мусіць, яшчэ год таму пасля прыназоўніка "праз" паставіў бы шматкроп'е. Цяпер- не: настолькі натуральным стаў падобны сродак камунікацыі. І форма гэтага мікраблога, на маю думку, надзвычай пасуе самой асобе Веніяміна Барысавіча: трапны, востры на слова і дакладны ў кантакце з залай, з аўдыторыяй ці то па той бок рампы, ці то па той бок экрана. Мяркуйце самі, прачытаўшы адзін з нядаўніх ягоных твітаў: "Правялі вечар со старым сябрам і знакамітым мастаком Б.Заборавым (Мінск - Парыж). Ён робіць дызайн да юбілейнай кнігі А.Калягіна (шанцуе Сашу!)". Вось і нагода пачаць інтэрв'ю са згадкі пра беларускую сталіцу.

 - Стыльна, інтэлектуальна, цікава - такімі словамі хочацца апісаць ваш сучасны вобраз ды новыя праекты. Спадзяюся, уражанні ад сталіцы Беларусі будуць для вас таксама самымі станоўчымі! А ці часта вам даводзілася наведваць Мінск? Гэта былі гастролі або кіназдымкі?

 - І гастролі 1979 года з Тэатрам на Таганцы, калі за 30 дзён давялося сыграць 32 спектаклі, і кіназдымкі на пачатку 1980-х фільма "Дурніца" рэжысёра Аляксея Коранева з цудоўнымі партнёрамі Ларысай Удавічэнка і Мікалаем Карачанцавым. Усё тое- незабыўна і проста выдатна! А літаральна летась я выконваў англійскі "Чырвоны Каптурык" з вашым Дзяржаўным камерным аркестрам пад кіраўніцтвам цудоўнага Яўгена Бушкова. - Веніямін Барысавіч, ваш сумесны з дачкой Алікай спектакль "Дванаццаць месяцаў танга" мінчане пабачаць упершыню. Вы ў ім спяваеце, чытаеце цудоўную паэзію, нават танцуеце. А ці часта даводзілася пець і танцаваць на тэатральнай сцэне і здымачнай пляцоўцы?

- Я сваё адтанцаваў у Тэатры на Таганцы з 1964-га! А ў спектаклі "Дванаццаць месяцаў танга" радуюся сам ды, спадзяюся, радую гледачоў шэдэўрамі Сярэбранага веку і талентам маёй партнёршы па сцэне, а дачкі - па жыцці. Гэтай радасці вельмі дапамагаюць бліскучыя маладыя музыканты "PASIONAL ORQUESTA". Наогул, для мяне надзвычай важна, што на сцэне я- з Алікай.

- Вядома, з дачкой прыедзеце і ў Мінск...

- Так. На жаль, мы вельмі рэдка працавалі разам, але заўжды аб гэтым марылі. Апынуліся побач на экране толькі аднойчы: у сцэне серыяла "Усе мужыкі сво... або Бальзакаўскі ўзрост", дзе Аліка кажа мне: "Здаецца, мы з вамі дзесьці сустракаліся". Зрэшты, толькі з-за гэтай фразы я, прызнаюся, пагадзіўся на той эпізод. Такія вось маленькія сямейныя радасці. Пасля я ставіў на канале "Культура" мальераўскага "Лекара па прымусе", дзе Аліка сыграла дзве ролі і была дастойным партнёрам майстроў і найперш - вялікага артыста Вячаслава Нявіннага.

 Разам са многімі іншымі адоранымі і паспяховымі акцёрамі яе пакалення яна нямала зрабіла і робіць у кінематографе, на эстрадзе, тэлебачанні. Ды, нягледзячы на ўсё тое, усё ж такі адчувае некаторую нявыкарыстанасць творчага патэнцыялу. У яе ёсць пастаянныя запрашэнні на ТБ, у кіно, але ад многіх роляў даводзіцца адмаўляцца, паколькі ад яе жадаюць паўтарэння поспеху ў серыяле "Усе мужыкі сво... або Бальзакаўскі ўзрост".

- Спектакль, што заўтра мінчане пабачаць на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, пабудаваны на танга 1930-х. Гэты танец блізкі асабіста для вас?

- Заўжды любіў танга, а наведаўшы Буэнас-Айрас, напоўніўся захапленнем і павагай да гэтага складанага, шматаблічнага і страснага мастацтва. У адрозненне ж ад аргенцінскага, танга польскіх кампазітараў 1920 - 1930-х насычана славянскай меланхоліяй і лірызмам. Таму і мы адышлі ад Аргенціны ў больш блізкі нам кірунак. Нагадаю, у сталінскі час барацьба вялася не толькі з вершамі Ахматавай, Ясеніна, Мандэльштама, не толькі з навагодняй ёлачкай, але і з танга - "танцам буржуазнай дэградацыі". А ўжо затым, пасля смерці Сталіна, танга "выйшла на свабоду": наша пакаленне круціла яго на патэфоне, і гучала кружэлка "Польскія танга". Гэта была пласцінка, якая з'явілася ў 1930-х у Маскве, і тады знакаміты джазавы ансамбль Аляксандра Цфасмана захапіўся і заадно зацікавіў за сабой усіх тымі мелодыямі. Выконвалі тыя творы і найпапулярныя выканаўцы Пётр Лешчанка, Леанід Уцёсаў, Ізабэла Юр'ева, Клаўдзія Шульжэнка, Лідзія Русланава... Як і цяпер, тады спеўны або танцуючы народ быў не ў курсе паходжання ўлюбёных мелодый. І па сёння мала хто ведае, што Фані Гардон (Фаіна Квяткоўская) напісала "У самавара я і мая Маша", а "Апошнюю нядзелю" (па нашаму - "Стомленае сонца") і "Сінюю хусцінку" напісаў Ежы Пецярбургскі.

- Паводле праграмы "Дванаццаць месяцаў танга", наколькі мне вядома, быў зняты тэлефільм. А як вам бачыцца канцэпцыя сучаснай музычнай стужкі? Што змянілася ў такім жанры цягам апошніх дзесяцігоддзяў?

 - Так шмат, што мая мара цяпер - вярнуцца да шэдэўраў 1930-х, скажам - да "Вясёлых рабят". А наша карціна - падарожжа з Масквы ў Санкт-Пецярбург, на сцэну Эрмітажнага тэатра. І пад час гэтай вандроўкі праносяцца ўсе дванаццаць месяцаў і ў выкананні Алікі, і за акном...

- А тым часам вы...

- Я паралельна распавядаю сапраўды захапляльныя гісторыі танга. Калі я пісаў тэксты да старых танга, дык пачуў у гэтай музыцы ўсе поры года. Скажам, захаваў у тэксце толькі адзін радок з арыгінала: "Зоркі трэба рваць, як з неба вішні". Такі вясёлы паэтычны парадокс. Здзівіўся падказцы інтуіцыі з нагоды "Чэрвеня": атрымлівалася сумна-сумна, і раптам - згадаў "Поры года" Чайкоўскага! "Чэрвень"? Гэта ж светла-самотная "Баркарола". І ў рытмічным малюнку тут аказалася супадзенне з песняй майго сябра Юрыя Візбара: "Всем нашим встречам разлуки, увы, суждены...". Юра нарадзіўся 20 чэрвеня 1934 года, і я прысвяціў ягонай памяці свой "Чэрвень".

- Цяпер мінчане актыўна "гугляць" звесткі пра спектакль, глядзяць яго відэаканал. А на якім месяцы вы параілі б спыніцца, каб адчуць яе дух?

 - Вельмі прыемна, калі гэта так. На відэасэрвісе сапраўды прадстаўлены колькі месяцаў. Мне падаецца, што адзін з самых яркіх эпізодаў - "Жнівень".

- "Дванаццаць месяцаў танга" - гэта ўсё ж такі камерная пастаноўка, або яна, на вашу думку, цалкам арганічна ўпішацца ў немалую прастору глядзельнай залы нашага Музычнага тэатра?

- Цягам бягучага года і ў Расіі, і за мяжой мы выконвалі нашы "Дванаццаць месяцаў танга" на самых розных пляцоўках. Пры поўнай зале ад 500 да 1500 месцаў у гэтага прадстаўлення шчаслівае дыханне і энергетыка. - Веніямін Барысавіч, зробім колькі крокаў ад танга да электронікі. Вы - актыўны карыстальнік Інтэрнэта, рэсурсы Сеціва ўжываеце і для прэзентацыі сваіх работ. А што самае цікавае з тэхнічных навінак здзівіла вас апошнім часам?

- Я "ігравы чалавек", але ў тэхніцы не вельмі разбіраюся. Інтэрнэту ж удзячны за пахутчанае і пашыранае поле інфармацыі для маіх работ у тэатры, на ТБ і эстрадзе. Тым самым Твітэрам я карыстаюся як формай кароткага сціслага дзённіка і задаволены зваротнай сувяззю з разумнымі людзьмі.  

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах