Стандарт “шырока раскрытых вачэй”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

“Лістапад-2011”: не проста “дыск з кіношкай паглядзець”

/i/content/pi/cult/349/6584/4-2.jpgНапярэдадні ХVІІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" карэспандэнт "К" паспрабаваў высветліць падрабязнасці арганізацыйных тонкасцей маштабнага форуму ў яго дырэктара (а па сумяшчальніцтве - дырэктара Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў) Анжалікі КРАШЭЎСКАЙ.

- Анжаліка Аляксандраўна, бадай, упершыню за ўсю гісторыю "Лістапада" дырэкцыя фестывалю працавала над праектам цягам цэлага года. Як дырэктар кінафоруму распавядзіце больш падрабязна пра тую працу і канкрэтныя захады, якія былі зроблены за гэты час.

- Так, па сутнасці, з 24 снежня мінулага года- часу, калі афіцыйна быў адкрыты Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў,- мы распачалі працу і над "Лістападам". І ў першую чаргу - над тым, каб у свеце яго ўспрымалі не проста нашай "хатняй радасцю", а як сур'ёзны фестываль, што адпавядае агульнапрынятым сусветным стандартам. І адным з важных дасягненняў я лічу той факт, што з бягучага года Мінскі міжнародны атрымаў часовую акрэдытацыю ў FIAPF - Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, куды ўваходзяць Берлінскі, Канскі, Венецыянскі, Маскоўскі, Варшаўскі і шэраг іншых самых прэстыжных кінафестываляў.

- Чаму - часовую? - Для таго, каб за гэты час прывесці шэраг арганізацыйна-творчых момантаў і пытанняў у адпаведнасць з існуючымі міжнароднымі стандартамі. Толькі пры выкананні дадзенай умовы мы зможам атрымаць пастаянную акрэдытацыю.

 - Што ўяўляюць з сябе гэтыя патрабаванні?

- Гэта - дзеючая дырэкцыя фестывалю, якую мы на сённяшні дзень ужо маем. Інфармацыйная работа ў адносінах форуму таксама мае праводзіцца цягам усяго года. Сайт наш, які на сённяшні дзень істотна абнавіўся, таксама адпавядае найноўшым патрабаванням: ён - трохмоўны і інфармацыйна насычаны. Сярод іншых пунктаў, дзякуючы якім "Лістапад" павышае свой узровень,- больш увагі да конкурснай праграмы фестывалю: яна павінна не проста ўтрымліваць "добрыя фільмы", а вылучацца сваёй тэматычнай адметнасцю і актуальнасцю, іншымі словамі- быць эксклюзіўнай. І сёлета яна праходзіць пад дэвізам "З шырока раскрытымі вачыма". Гэта яшчэ і запрашэнне да асвятлення кінафоруму карэспандэнтаў міжнародных выданняў - сёлета, дарэчы, мы чакаем дзесяць прадстаўнікоў замежнай прэсы.

Ёсць і яшчэ адзін немалаважны блок патрабаванняў да фестывалю. Ён датычыцца пытанняў бяспекі саміх стужак: мы ажыццяўляем страхаванне фільмакопій, забяспечваем іх абарону ад "піратаў". Гэтага патрабуе і якасць саміх карцін: з гэтага года ніякіх DVDносьбітаў на конкурснай праграме не будзе - толькі стужка або лічба. Тое, зрэшты, - не толькі патрабаванне адпаведнасці статусу міжнароднага фестывалю, але, у першую чаргу, і наша павага да гледачоў, тых, хто прыходзіць пад час "Лістапада" ў кінатэатры не проста "дыск з кіношкай паглядзець", а спрычыніцца да сапраўднага кінамастацтва.

 - Думаецца, пералічаныя вамі асноўныя патрабаванні FIAPF не выглядаюць нерэальнымі...

- Гэта абсалютна так: усе патрабаванні- лагічныя і цалкам выканальныя. Іншая справа, што да гэтага ніхто не надаваў ім належнай увагі, - на першае месца выходзілі задачы іншага кшталту, больш, так бы мовіць, "прадстаўнічыя". Але для таго, каб "Лістапад" не толькі заставаўся святам, але і паступова, набываючы "вагу" ў свеце экраннага мастацтва, станавіўся значным міжнародным кінафорумам, неабходна прыкласці пэўныя - скажу адразу: немалыя - намаганні для таго, каб і ўся яго "падводная", схаваная ад вачэй кінаманаўаматараў, арганізацыйная база адпавядала існуючым стандартам.

- І дзе ваша "падводная база" сутыкнулася з галоўнымі падводнымі камянямі?

- Для нашага Цэнтра гэтай самай складанасцю стаў, у першую чаргу, наш унікальны статус - установы, што ўяўляе з сябе "сімбіёз" дзяржаўнай арганізацыі і ўстановы бізнесу. І менавіта з гэтай прычыны многія пытанні заканадаўчага характару, з якімі мы сутыкаліся ў часе работы, не падпадалі пад палажэнні існуючай на сённяшні дзень юрыдычнай базы. Але ж заўсёды хтосьці ды мусіць быць першапраходцам. Дык чаму б не мы?

 - Што новага чакае сёлета прыхільнікаў і гасцей Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад"?

- Па-першае, усе стужкі, заяўленыя ў конкурсе, будуць дэманстравацца з англійскімі субцітрамі. Тое стала магчымым дзякуючы таму, што цяпер мы працуем непасрэдна з праваўладальнікамі фільмаў. Спадзяёмся, гэта дасць нам магчымасць і на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў уручыць прызы "Лістапада" непасрэдна стваральнікам стужак, а не перадаваць іх праз прадстаўнікоў адпаведных пасольстваў, як тое здаралася раней.

 Я ўжо не кажу пра тых гасцей, якія ў часе "Лістапада" парадуюць сталічных кінаманаў: у дзень цырымоніі адкрыцця ў якасці вядучых у Палацы Рэспублікі выступяць расійская актрыса Вольга Кабо і беларус Дзяніс Паршын, сярод гасцей фестывалю абяцаюць "адзначыцца" Веніямін і Аліка Смехавы, Кахі Каўсадзэ ды шэраг іншых яркіх "зорак" айчыннага і замежнага кінематографа. Зрэшты, не буду зараз раскрываць усе сакрэты фестывалю- іх, скажу па шчырасці, будзе дастаткова.__