“Ён стаў новым!”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Напярэдадні васямнаццатага па ліку “Лістапада” карэспандэнт “К” паспрабаваў зазірнуць у “чарнавік” прамовы з нагоды ўрачыстага адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю яго ганаровага старшыні— народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Расціслава ЯНКОЎСКАГА. Ды Расціслаў Іванавіч адразу сказаў:

/i/content/pi/cult/349/6582/3-2.jpg- Сакрэтаў не раскрыю, а вось сваім адчуваннем ахвотна падзялюся. Калі мы пачыналі фестываль, ён рабіўся, лічы, ні з чаго, а цяпер маем - Мінскі міжнародны! Мне тады хацелася разам з Валянцінай Сцяпанавай стварыць фэст для мінчан, знаёміць іх з дасягненнямі еўрапейскага і сусветнага кіно. Многія артысты тады ехалі проста ў госці да мяне, на маё імя, ды і фінансава ўсё было больш проста. Цяпер жа "Лістапад" стаў больш жорсткім па сваім фармаце. Вось, скажам, мы ўступілі ў FIAP.

Цяпер пра наш форум даведаюцца ў Кане, Венецыі, Берліне. Пакуль гэта выпрабавальны тэрмін, аднак, мяркую, маем падставы для далейшага развіцця, бо сяброўства ў FIAP дае свае перавагі.

Так, з колішняй ініцыятывы ўрача Сяргея Арцімовіча (у якую я, прызнацца, не надта каб паверыў) паўстаў сапраўды значны фестываль, што заручыўся падтрымкай Міністэрства культуры краіны, Мінгарвыканкама. І ўжо які год запар ён праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі значны момант увагі дзяржавы да культуры.

Што яшчэ сказаць? Мы з Генадзем Давыдзькам адзначаем паўналецце нашага "хлопчыка" - "Лістапада". Пабачым, што ж атрымаецца далей! Так, паўтаруся, ён стаў больш жорсткім, але не менш цікавым, запамінальным, родным для нас.

 

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах