Без конкурсаў, але з дзятвой

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

12 — 14 кастрычніка адбудзецца традыцыйны Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер — 2007 у Магілёве”. Яго адметнасцю стане ўключэнне ў фестывальную праграму чагосьці накшталт “Дзіцячага шлягера”, на ролю якога прэтэндуе канцэрт “Усміхніся, планета, дзецям”, што збярэ дзіцячыя калектывы і выканаўцаў з усёй краіны.

 /i/content/pi/cult/131/658/Shlyager.jpg
Фестывальныя праграмы разлічаны на людзей розных узростаў і густаў. На свой сольнік у Лядовым палацы запросіць прыхільнікаў Аляксандр Буйноў. Аматарам раманса і опернага вакалу прыйдзецца даспадобы “Рамансіяда”, у якой возьмуць удзел аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Леаніда Іванова, салістка Алена Мацярынка і такія сусветна знаныя спевакі, як Віргіліус Нарэйка (Літва) і Сяргей Захараў (Расія). Людзі сталейшага ўзросту з задавальненнем адгукнуцца на так званую “паркавую музыку”: у скверы “40 гадоў Перамогі” будуць выступаць духавыя аркестры гарадскога Цэнтра культуры і адпачынку і Магілёўскага абласнога ўпраўлення Міністэрства надзвычайных сітуацый. Канцэрт “Гуляй, душа!” з удзелам камерна-інструментальнага ансамбля “Барыня” пройдзе ў Абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава. Завершыцца “Залаты шлягер — 2007” праграмай з красамоўнай назвай “Дваццаць гадоў пасля”. Цэнтральнай жа падзеяй фестывалю стане праграма “Гэтыя песні забыць нам нельга”, якая будзе паказана не толькі ў Магілёве, але і ў Бабруйску.
Сярод гасцей “Залатога шлягера” — такія вядомыя выканаўцы, як Рыкарда Фольі (Італія), ВІА “Поющие гитары”, Людміла Сенчына, Рэнат Ібрагімаў (Расія), Мікалай Гнацюк (Украіна).
Багата будзе і беларускіх артыстаў, у рэпертуары якіх ёсць песні мінулых гадоў. Гэта ансамбль “Сябры”, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, Руслан Аляхно, Уладзімір Ухцінскі, група “Да Вінчы” і многія іншыя.
Ды ўсё ж галоўным удзельнікам фестывалю трэба прызнаць Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна: менавіта гэты калектыў рыхтуе дзве буйныя праграмы, што складуць аснову фестывалю, менавіта з ім будуць спяваць запрошаныя салісты.
Адбудзецца і прэм’ера канцэртнай фантазіі з удзелам салістаў, якую напісаў для Прэзідэнцкага аркестра Ізмаіл Капланаў.
Праўда, сёлета на “Залатым шлягеры” не будзе конкурсаў: ні маладых выканаўцаў, ні вакальна-інструментальных ансамбляў. Але, як адзначыў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, гэтыя творчыя спаборніцтвы вернуцца ў праграму на наступным фестывалі — праз два гады. Ён падкрэсліў, што аўтарытэт фестывалю вельмі высокі. А намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Глаз дадаў: “Залаты шлягер” дажыве да таго часу, калі мы запросім на яго Іглесіяса-малодшага”.

Надзея БУНЦЭВІЧ