“Альфабэт” Гальшан

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Інвестары і гіпатэтычная рэканструкцыя

/i/content/pi/cult/348/6575/14-4.jpg24 кастрычніка ў Гальшанскім СДК адбылося адкрыццё выстаўкі "Гальшанскі альфабэт" - спробы адлюстраваць гісторыю мястэчка пачынаючы з ХVІІ стагоддзя, часу будаўніцтва знакамітага замка, і да драматычных падзей ХХ-га.

Падзея адбылася дзякуючы намаганням Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO, Беларускаму фонду культуры, камтэта ІКАМОС, мясцовых улад і гальшанскіх школьнікаў, якіх з маленства вучаць любіць і ведаць свой край.

Назву экспазіцыя атрымала ад спробы прадставіць гісторыю і культуру Гальшан храналагічна "ад А да Я", але ж... У апошніх раскопках, якія, зрэшты, штогод вядуцца ў мястэчку, знаходзяць рэчы нават эпохі палеаліту. А на выстаўцы ж прадстаўлены чатыры апошнія стагоддзі. Тым не менш, і гэтага матэрыялу дастаткова, каб зацікавіцца гісторыяй унікальнай вёскі.

Усе прадстаўленыя ў экспазіцыі дакументы, фотаздымкі і малюнкі структурна падзелены на тры тэмы. Першая - гэта гісторыя Гальшанскага палаца: яна ўключае старажытныя планы памяшканняў капліцы Сапегаў, фотаздымкі з экспедыцый па руінах замка 1940 - 50 гг., гіпатэтычную рэканструкцыю ў малюнках і ўнікальны інвентар Гальшан 1649-га. Другая - планы ды карты вёскі ў 1-й палове ХІХ стагоддзя, іх параўнанне з планамі буйных еўрапейскіх гарадоў. Трэцяя змяшчае фотаздымкі і сведчанні пра лёс гальшанскіх яўрэяў, большасць з якіх на пачатку ХХ стагоддзя імігрыравала ў ЗША. Дарэчы, як падкрэслівалася краязнаўцамі пад час прэзентацыі выстаўкі, Гальшаны- шматканфесійныя, але ж яны ніколі не зазнавалі канфліктаў на рэлігійнай глебе. Да Першай сусветнай краявід цэнтра вёскі вызначаўся трохкутнікам: сінагога - касцёл - царква./i/content/pi/cult/348/6575/14-6.jpg

Дакументы, прадстаўленыя на выстаўцы, збіраліся цягам апошніх гадоў у архівах Мінска, Варшавы, Вільнюса. Частка матэрыялаў знойдзена ў Нью-Ёрку, дзе жывуць нашчадкі колішніх жыхароў мястэчка.

Некаторыя знаходкі дапамаглі высветліць многія незразумелыя раней рэчы. Напрыклад, дзякуючы плану мястэчка 1830-х гадоў было знойдзена месца, дзе да Першай сусветнай вайны стаяла Гальшанская сінагога. Мо менавіта тут хутка распачнуцца раскопкі (а, на думку мясцовых краязнаўцаў, да пабудовы сінагогі тут мог стаяць яшчэ і іншы храм)?

Пад час адкрыцця пра экспазіцыю і мінулае Гальшан казалі старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, пісьменнік Анатоль Бутэвіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна. Усе прысутныя зазначалі, што выстаўка - сапраўды адметная падзея, прычым не толькі для Гальшан: мястэчка гэтае знітавана шматлікімі гістарычнымі повязямі з магутнымі, у тым ліку каралеўскімі, родамі па ўсім кантыненце. Менавіта таму пасля экспанавання ў Гальшанскім СДК выстаўка пераедзе спачатку у будынак Міністэрства замежных спраў у Мінску, потым - у польскі Беласток, і будзе вандраваць далей па нашай краіне і за яе межамі.

наш спецкарэспандэнт

 Мінск - Гальшаны - Мінск

На здымках: спроба рэканструкцыі палаца;

стэнды выстаўкі.

 Фота аўтара

 

Аўтар: Пётр ОВАД