КінаЗДАБЫТАК РЭСПУБЛІКІ

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Як зрабіць нацыянальную кінаспадчыну даступнай для ўсіх і кожнага?

/i/content/pi/cult/348/6571/11-1.jpg

26 кастрычніка ў свеце адзначаўся Дзень аўдыявізуальнай спадчыны. За стагоддзе існавання тэхнічных сродкаў фіксацыі бягучага імгнення чалавецтва назапасіла мільёны гадзін адпаведнай інфармацыі, якая стала асновай каштоўнай скарбонкі агульнай памяці нашай цывілізацыі. Найважнейшы раздзел гэтай скарбонкі, безумоўна, - кінадакументы, самымі каштоўнымі з якіх з'яўляюцца творы нацыянальнага кінамастацтва. Як і абяцала "К" колькі нумароў таму, гаворка ў гэтым матэрыяле пойдзе аб спадчыне беларускага кіно - той класіцы, якая з'яўляецца неад'емнай часткай нацыянальнай культуры і якую, на вялікі жаль, большая частка нашых суграмадзян у дастатковым аб'ёме не ведае. Тым самым наша выданне працягвае актуальную тэму захавання і доступу да твораў мастацтва ў сферы візуальнай культуры.

Прынамсі, азнаёміцца з найлепшымі ўзорамі нашага кінамастацтва можна некалькімі спосабамі. Першы, і самы просты, - уважліва прагледзець праграму тэлеперадач на тыдзень: карціны з залатога фонду Нацыянальнай кінастудыі амаль кожны дзень ідуць на беларускіх і расійскіх тэлеканалах. Але атрымаць больш-менш поўнае ўяўленне аб гісторыі айчыннага кіно такім чынам немагчыма. Другі шлях - больш складаны і менш прадказальны: дыскі са стужкамі можна паспрабаваць знайсці ў адпаведных крамах. Трэці шлях - архівы і музеі, да якіх яшчэ трэба дабрацца. Чацвёрты - бязмежжа Інтэрнэта, але апошняе пакуль - відавочна па-за межамі закону, ды і тэхнічная дасканаласць атрыманага такім чынам фільма не гарантуе высокай якасці прагляду. Трэба адзначыць, знаёмства з беларускай кінакласікай многім да патрэбы не толькі з адной цікаўнасці: глядзець рарытэтныя стужкі жадаюць і студэнты-гуманітарыі, і іх выкладчыкі, і кінаманы, прычым не толькі з Беларусі. Урэшце, амаль дзевяностагадовая гісторыя нацыянальнай экраннай культуры - наш здабытак і гонар, пра які павінны ведаць і ў нашай краіне, і ў свеце.

На стужцы і на дысках

Большая частка айчыннай аўдыявізуальнай спадчыны ў нашай краіне надзейна захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, дзе, як запэўнілі карэспандэнта "К", для гэтага створаны ўсе адпаведныя ўмовы. Намеснік дырэктара ўстановы Алена Грыневіч паведаміла аб тым, што айчынны кінафонд архіва складаецца з беларускіх стужак, створаных пачынаючы з 1960-х. Прычым тое тычыцца не толькі ігравога мастацкага кіно, але і кінахронікі, і анімацыі. Захоўваюцца не толькі копіі, але і зыходныя матэрыялы многіх карцін. Зразумела, што ў сховішча са стужкамі ўвесь час паступаюць новыя адзінкі - архіў папаўняецца копіямі ўсіх новых беларускіх фільмаў.

- На жаль, мы пакуль не маем адпаведнага абсталявання, каб рабіць лічбавыя дублікаты карцін, таму гэтым займаюцца непасрэдна на "Беларусьфільме", дзе такое абсталяванне ёсць, - кажа Алена Грыневіч. - Няма ў нас пакуль і поўнай калекцыі копій айчынных стужак, якая захавалася толькі ў падмаскоўных сховішчах. Але мы спадзяёмся, што рана ці позна "адсутныя" карціны апынуцца ў нашым архіве...

Прынамсі, літаральна ўсе беларускія стужкі пазначаны толькі ў аднайменным выданні, адзін з сааўтараў якога - Ігар Аўдзееў - узначальвае Музей гісторыі беларускага кіно. Гэтая ўстанова - самы просты шлях азнаёміцца з айчыннай кінаспадчынай. Ехаць за праглядам стужкі ў архіў, зразумела, нязручна, у Музеі ж гісторыі беларускага кіно, што вельмі ўдала знаходзіцца ў цэнтры нашай сталіцы, створаны ўмовы для прагляду саміх стужак і знаёмства з іх стваральнікамі, якім прысвечана пастаянная экспазіцыя. Але...

- На вялікі жаль, мы таксама не можам пахваліцца поўнай калекцыяй беларускіх кінакарцін, - распавядае "К" кіраўнік музея. - Зразумела, што перагледзець абсалютна ўсе стужкі звычайнаму аматару кіно немагчыма, ды тое і не патрэбна. Але, безумоўна, нават у навуковых мэтах такая калекцыя павінна існаваць у Мінску. Пакуль жа мы дэманструем значную частку нашай калекцыі з дыскаў, якія калісьці былі набыты ў Маскве і шчыльна супрацоўнічаем з Дзяржфільмафондам Расійскай Федэрацыі, калі трэба атрымаць нейкія недаступныя ў Беларусі матэрыялы. А такіх даволі шмат - не будзем забываць, што фактычна беларускае кіно пачыналася ў Ленінградзе. Потым, пад час вайны, усе кінематаграфічныя архівы Белдзяржкіно на тэрыторыі нашай краіны былі знішчаны, фільмакопіі - страчаны. Канешне, атрымаць карціны ў першапачатковым выглядзе на кінаплёнцы - вялікая раскоша, але мець эталонныя копіі на дысках пажадана.

"Беларусьфільм" у Сеціве і не толькі

- Мы карыстаемся ўсімі магчымымі спосабамі для таго, каб дэманстраваць нашы, у тым ліку класічныя, стужкі гледачу, - тлумачыць генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі Алег Сільвановіч. - Прадаём правы на паказы айчынным і замежным тэлеканалам, пачалі актыўна займацца дыскамі, ладзім кінапаказы, у тым ліку класікі, у іншых краінах. Глядзім і ў бок Інтэрнэта: 26 кастрычніка падпісалі дамову з чэшскай кампаніяй, і цяпер колькі нашых стужак у якасці эксперыменту можна будзе на легальнай аснове за грошы паглядзець у Сусветным павуцінні. Карацей, карыстаемся кожнай нагодай. Зразумела, класіка для нас - вельмі важны накірунак дзейнасці, сапраўдны гонар і магчымасць зарабіць пэўныя сродкі, якія можна будзе патраціць не толькі на развіццё кінавытворчасці, але і на далейшую працу з фондам класікі экрана...

Па словах кіраўніка "Беларусьфільма", галоўнае - зрабіць класіку даступнай для гледача, тым больш, што айчыннае кіно мінулых гадоў карыстаецца попытам: сведчаннем таму - "пірацкія" дыскі, якія калекцыяніруе Алег Сільвановіч і абавязкова паказвае сваім супрацоўнікам у доказ таго, што прадукцыя Нацыянальнай кінастудыі розных гадоў - папулярная. Розныя накірункі працы з дыскамі - сярод прыярытэтаў. У ідэале, дыскі з найлепшымі беларускімі фільмамі можна будзе не толькі купіць ці ўзяць напракат. Перспектыўным праектам Алег Сільвановіч лічыць стварэнне калекцыі дыскаў беларускай класікі для адукацыйных мэт. Падобную калекцыю вельмі ўдала стварыў Польскі кінаінстытут. На "Беларусьфільме" ёсць задума выпускаць дыскі па тэматычным прынцыпе, напрыклад, некалькі стужак, ігравую і дакументальную, - на адным носьбіце плюс даведачныя матэрыялы. Але пакуль гэты праект знаходзіцца ў шэрагу перспектыўных і патрабуе добрай распрацоўкі з удзелам шырокага кола спецыялістаўкіназнаўцаў.

- Надзённая праблема - зыходныя матэрыялы, якія пакуль яшчэ не маюць лічбавых копій, - дзеліцца Алег Сільвановіч. - Паступова мы будзем іх рабіць. Першая ластаўка - карціна Міхаіла Пташука "Знак бяды", праца над лічбавым варыянтам якой толькі што завершана. На чарзе - класіка беларускай анімацыі. На дадзены момант у нас ёсць усе магчымасці, каб выконваць такія работы. Ажыццяўляем мы гэта за свой кошт, прычым такія ўкладанні акупляюцца хутчэй у маральным, чым матэрыяльным аспекце, - гэта інвестыцыі ў беларускую экранную культуру. І рабіць іх абавязкова патрэбна, каб апошняя мела добрую будучыню...

Адкрытым, па словах кіраўніка кінастудыі, застаецца пытанне наконт стужак, зыходныя матэрыялы якіх знаходзяцца ў Дзяржфільмафондзе Расіі ў Падмаскоўі. Каб зрабіць іх якасныя лічбавыя копіі, патрэбны значныя сродкі, якія студыя ў дадзеных умовах выдзеліць не можа. Што да стварэння лічбавых копій і рэстаўрацыі карцін, то кіраўніцтва "Беларусьфільма" спадзяецца на прыняцце спецыяльнай дзяржпраграмы, у рамках якой нацыянальная кінакласіка атрымае лічбавае аблічча. Разлічваюць на Нацыянальнай студыі і на дапамогу Саюзнай дзяржавы, да кіраўніцтва якой ўжо некалі звярталіся з гэтым пытаннем.

Немалаважным пытаннем з'яўляюцца аўтарскія правы на нашы стужкі, якія, на жаль, не заўсёды выконваюцца за межамі нашай дзяржавы. А гэтая акалічнасць вельмі істотная пры працы з выданнем дыскаў ды іншымі шляхамі распаўсюджання кінакласікі: "дарыць" свой нацыянальны здабытак "піратам" нікому не хочацца. Тут, запэўніў Алег Сільвановіч, пазіцыя ў Нацыянальнай студыі - жорсткая і прынцыповая: на "піратаў" будуць падаваць у суд.

- Праца з найлепшымі старонкамі айчыннай экраннай культуры можа не прыносіць значных прыбыткаў, а патрабуе штодзённых клопатаў, - кажа Алег Сільвановіч. - Аднак без яе ўжо нельга ўявіць культуру нашай дзяржавы.

Попыт - існуе. Справа - за канцэпцыяй

- Мець пастаянны доступ да класікі беларускага кіно - даўно наспелая неабходнасць, - упэўнена кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Антаніна Карпілава. - У мяне пастаянна пытаюць, дзе можна паглядзець беларускае, і кола гэтых людзей увесь час расце. Зразумела, што асяроддзе кінаманаў на сённяшні дзень надае больш увагі не тэлеэкрану, а камп'ютару. Аднак мець добра выдадзеныя, сістэмна падрыхтаваныя дыскі з айчыннай кінакласікай будзе вельмі важна. Зразумела, сваё месца ў такой своеасаблівай "залатой калекцыі" павінна быць і ў дакументалістыкі з анімацыяй. Задума - цікавая, але як яе рэалізаваць - пакуль не зразумела...

На думку Антаніны Карпілавай, зрабіць выпускі "залатой калекцыі" "Беларусьфільма" камерцыйна паспяховымі могуць і такія маркетынгавыя захады, як трапныя назвы кожнага з тэматычных выпускаў. Трэба вырашыць таксама, што за стужкі ці іх фрагменты ўвойдуць у кожны дыск. Словам, пытанняў пакуль больш, чым адказаў. Але накірунак, у якім трэба рухацца, відавочна зададзены.

Тым больш, што лічбавыя тэхналогіі імкліва пранікаюць у сферу кінапракату: са снежня наступнага года дыстрыб'ютары фактычна прыпыняюць працу з фільмамі на традыцыйнай кінаплёнцы. А гэта значыць, што ў хуткім часе кінапраектары, разлічаныя на плёнку, стануць экзотыкай, і дэманстраваць класіку давядзецца толькі з лічбавых носьбітаў. Прынамсі, менавіта тэхнічны прагрэс можа раз і назаўсёды зняць усе пытанні наконт доступу да нацыянальнай кінаспадчыны. Сёння многія класічныя творы сусветнага кіно і кінахроніку можна знайсці ў Інтэрнэце. Трэба спадзявацца, што ў хуткім часе гэта будзе тычыцца і найлепшых прыкладаў беларускага кінамастацтва, з якімі можна будзе "сустрэцца" ў віртуальным Музеі нацыянальнай аўдыявізуальнай спадчыны. Несумненна, такім чынам яна стане больш даступнай і прывабнай не толькі для беларусаў, але і для карыстальнікаў Сусветнага павуціння.