Культурніцкія праекты Саюзнай дзяржавы

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

Прэс-канферэнцыя “Рэалізацыя сумесных праектаў Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры” адбылася 2 кастрычніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры РБ. Яе ўдзельнікамі былі выканаўца абавязкаў кіраўніка Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоль Камісарчук і першы намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Рылатка.

А.Камісарчук пачаў выступленне словамі аб тым, што супрацоўніцтва ў галіне культуры ў рамках Саюзнай дзяржавы з’яўляецца адным з важных складнікаў інтэграцыйнага працэсу паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Аснову гэтага супрацоўніцтва ствараюць мерапрыемствы, значныя для абедзвюх дзяржаў-удзельніц. Гэта культурны абмен, фестывалі мастацкай творчасці і выстаўкі твораў мастацтва, майстар-класы для адораных дзяцей, заснаванне прэмій у галіне літаратуры і мастацтва.
Сёлета з саюзнага бюджэту фінансуецца 9 такіх мерапрыемстваў, у тым ліку правядзенне Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прэміраванне ў галіне літаратуры і мастацтва, майстар-класы для навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў Расіі і Беларусі “Саюзная дзяржава — маладым талентам ХХ стагоддзя”, фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” і інш. Усяго на ажыццяўленне гэтых падзей накіравана 58496 тысяч расійскіх рублёў, у тым ліку з адлічэнняў Рэспублікі Беларусь — 28021 тысяча расійскіх рублёў.
Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва была заснавана ў 1999 годзе, уручаецца раз у два гады. Яе грашовая сума раўняецца 1250-кратнаму мінімальнаму памеру аплаты працы ў Расійскай Федэрацыі. Пераможцамі конкурсу на атрыманне прэміі за 2007 — 2008 гг. сталі народныя артысты Беларусі Уладзімір Гасцюхін і Міхаіл Фінберг і народны артыст Расіі Сяргей Арцыбашаў. Прысуджэнне прэміі прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі 2 красавіка, а ўручэнне традыцыйна адбудзецца на цырымоніі адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” ў 2008 г.Фестываль Саюзнай дзяржавы творчасці інвалідаў “Мы — разам” прайшоў з 1-га па 5-га кастрычніка ў Смаленску. Амаль адначасова, з 28 верасня па 4 кастрычніка, у Растове-на-Доне Парламенцкім Сходам Саюза Беларусі і Расіі пры ўдзеле Беларускага Рэспубліканскага саюза моладзі адбыўся фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”.
Згадаў А.Камісарчук таксама фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” і тэлевізійна-тэатральны фестываль “Ажыўшая казка”, які гэтым разам быў прысвечаны юбілеям С.Маршака і К.Чукоўскага. Ён пачаўся 28 мая і завяршыўся 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей. Праводзілі фестываль Міністэрства культуры РБ, Федэральнае агенцтва па культуры і кінематаграфіі РФ і Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы. Ад нашай краіны на “Ажыўшай казцы” выступалі Тэатр юнага гледача, Гомельскі драматычны тэатр, Гродзенскі абласны тэатр лялек. Асноўныя мэты і задачы гэтага фестывалю — даць новы імпульс развіццю тэлевізійнага і тэатральнага мастацтва для дзяцей, пазнаёміць тэатральную і тэлевізійную грамадскасць з лепшымі ўзорамі гэтага мастацтва, далучыць да яго дзіцячую аўдыторыю.
На майстар-класы пад назвай “Саюзная дзяржава — маладым талентам ХХI стагоддзя” было запрошана па 60 юных музыкантаў з Расіі і Беларусі. 16 — 23 жніўня на базе Цэнтральнай музычнай школы Масквы з імі займаліся выкладчыкі творчых навучальных устаноў расійскай сталіцы. Па заканчэнні майстар-класаў вучні далі справаздачныя канцэрты. Для іх была таксама арганізавана культурная праграма.
Зусім нядаўна паспяхова завяршыліся гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Анапе. А з 31 кастрычніка па 11 лістапада ў Мінску можна будзе паглядзець спектаклі артыстаў МХТ пад кіраўніцтвам Алега Табакова.
У.Рылатка пацвердзіў, што беларуска-расійскія культурныя сувязі вызначаюцца стабільнасцю і пастаянствам. Рэспубліка Беларусь мае пагадненні аб культурным супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры РФ, з Федэральным агенцтвам па культуры і кінематаграфіі, з многімі рэгіёнамі Расіі — напрыклад, з Калінінградскай і Яраслаўскай абласцямі, з Карэліяй. Існуе асобная праграма супрацоўніцтва з Масквой.
— Акцэнт робім на дзяцей і моладзь, — падкрэсліў У.Рылатка. — Асаблівую важнасць надаём майстар-класам, аднаўленню сувязей паміж творчымі навучальнымі ўстановамі нашых краін. Заключаны непасрэдныя дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Чэлябінскім, Краснадарскім, Санкт-Пецярбургскім універсітэтамі, паміж Беларускай акадэміяй музыкі і Санкт-Пецярбургскай ды Маскоўскай кансерваторыямі…
Згадаў У.Рылатка таксама плённыя кантакты Нацыянальнага мастацкага музея РБ з Траццякоўскай галерэяй, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай, тэатральныя абмены, што ажыццяўляюцца з дапамогай Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі. Самае ж галоўнае, на яго думку, тое, што ў нас з Расіяй шматгранныя, шматузроўневыя культурныя стасункі. Канцэпцыя супрацоўніцтва краін-удзельніц Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры распрацавана да 2010 года.

Святлана ІШЧАНКА