Заканадаўцы трэндаў

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

На прасцягі! На фестывальныя…

/i/content/pi/cult/348/6569/9-4.jpg

 У рамках Міжнароднага тэатральнага форуму "ТЭАРТ", бадай, самай прадстаўнічай сталася праграма польскага тэатра, прадстаўленая дзякуючы праграме "Я, культура". Сталічныя гледачы паглядзелі спектаклі самых розных жанраў і накірункаў: "Фэйс-кантроль" Тэатра Восьмага дня, "Сляпыя" паводле Ж.Сарамага Тэатра "КТО", "Браты Карамазавы" тэатра "Правізорыум", "Голад Кнута Гамсуна" сцэны InVitro Цэнтральнага тэатра, "48/4" Люблінскага тэатра танца і, канешне ж, пастаноўку "У нас усё добра" тэатра "TR-Варшава".

Не заглыбляючыся ў расповед пра самі пастаноўкі, кожная з якіх знайшла ў Мінску "свайго" гледача, хочацца крыху паразважаць пра тыя фестывальныя тэндэнцыі, якія сёння абазначаюцца на нашай тэатральнай глебе. Хаця дзякуючы пастаяннай працы вядучых айчынных дырэктараў фестываляў нам не выпадала скардзіцца на "геаграфію" гасцей, усё ж можна казаць, што спектаклі, якія зазналі сусветны поспех, на айчынных падмостках амаль не з'яўляліся. І калі ў апошнія гадоў пяць, зноў жа, дзякуючы фестывалям, на нашы сцэны сталі трапляць "постсавецкія" заканадаўцы тэатральнай моды з Расіі ды краін Балтыі, то пазнаёміцца на ўласныя вочы з трэндавай еўрапейскай рэжысурай мы змаглі, бадай, толькі зараз. Таму прыезд у Мінск такой буйной фігуры, як Ежы Яжына, можна лічыць папраўдзе знакавым.

Малады рэжысёр, якога ўжо даўно называюць адным з флагманаў польскага і еўрапейскага тэатра, нават вырашыў застацца ў Мінску на больш працяглы тэрмін, чым планаваў раней, адмовіўшыся ад паездкі ў шэраг еўрапейскіх гарадоў. Ён шчыра прызнаўся, што не ведае абсалютна нічога пра тэатр беларускі, пацвердзіўшы сваімі словамі актуальнасць "круглага стала", зладжанага арганізатарамі "ТЭАРТу" і прысвечанага пытанням развіцця ды трансфармацый тэатральнага мастацтва ў сучасным зменлівым свеце. Акурат тэма прасоўвання ўласных творчых здабыткаў і інтэграцыі іх у сусветны тэатральны працэс сталася магістральнай пад час гэтай размовы, якая доўжылася больш за тры гадзіны і сабрала разам практыкаў беларускага, польскага, расійскага, эстонскага тэатраў./i/content/pi/cult/348/6569/9-3.jpg

Якія ж механізмы існуюць для "ажыўлення" тэатральнай цікавасці да ўласнага калектыву як з боку тэатральнай грамадскасці, так і ў вачах свайго сталага гледача? Тэатральны крытык Лукаш Дрэўняк зазначыў, што польскі тэатр у 90-я гады мінулага стагоддзя пачаў свой прарыў на еўрапейскі рынак з таго, што адчуў унутраную патрэбу не адно толькі трымацца за ўласныя традыцыі, а вучыцца ва ўсіх, у каго толькі можна, так што часта нагадваў сабе істоту, якая намагаецца глядзець на Захад і на Усход адначасова. Намеснік дырэктара СанктПецярбургскага Тэатра Юных Гледачоў імя А.Бранцава і дырэктар фестывалю "Вясёлка" Зінаіда Гуляева адзначыла, што запрашэнне пастановак і іх стваральнікаў мае на мэце не толькі "агляд дасягненняў", але і магчымасць па выніках глядацкіх рэакцый весці далейшыя перамовы аб стварэнні спектакляў ужо на сцэне ўласнага тэатра (акурат такім шляхам у нашай краіне рухаецца брэсцкі фестываль "Белая вежа"). А дырэктар фестывалю "Залатая маска" ў Эстоніі" Святлана Янчак падзялілася, што вельмі часта не разавае, але сістэматычнае запрашэнне на сваю пляцоўку знаных пастановак, як тое робіць "Залатая маска", стварае пэўнае поле для таго, каб выклікаць інтарэс і да ўласных тэатральных работ.

Не займаючыся рыторыкай адносна таго, ёсць у нас ці не спектаклі, вартыя таго, каб прадстаўляць Беларусь на еўрапейскай тэатральнай прасторы, Таццяна Арлова паспрабавала засяродзіць увагу на тым, што мы часта не надаём належнай увагі рэальным фактам. А яны ўжо сёння даюць для гэтага платформу, маючы на ўвазе шырокую запатрабаванасць у Еўропе айчынных рэжысёраў-лялечнікаў, а таксама мабільнасць і высокі прафесійны ўзровень беларускіх акцёраў, якія працуюць у жанры монаспектакля. І яна апелявала менавіта да канцэнтрацыі намаганняў і дапамогі тым, хто рэальна выходзіць за межы краіны. Бо толькі практыкі крок за крокам здольныя ствараць рэальныя прэцэдэнты для таго, каб пра тэатральнае мастацтва Беларусі ведалі ў свеце.

На здымках: сцэны са спектакляў "Сляпыя",

"Старасвецкія памешчыкі".