“Сезонныя” балеты

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Аўтарскі менеджмент для “маленькага Парыжа”

/i/content/pi/cult/348/6567/8-3.jpg

Праект "Рускія сезоны ХХІ стагоддзя" зноў "прысезоніўся" ў Мінску. Акурат тыдзень таму знаныя салісты і тэатр "Крамлёўскі балет" паказалі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі аднаактовыя спектаклі "Тамара", "Балеро" і харэаграфічную мініяцюру "Прысвячэнне Дзягілеву". А яшчэ праз тыдзень, 9 лістапада, мастацкі кіраўнік праекта, знакаміты Андрыс Ліепа прадставіць пастаноўкі "Тамара" і "Шахразады", здзейсненыя разам з нашай трупай. Яны не толькі папоўняць бягучы рэпертуар, але і будуць вывозіцца на гастролі - разам з іншымі адноўленымі ў рамках праекта балетамі.

Калі праект легендарнага С.Дзягілева называўся "Рускія сезоны ў Парыжы", дык А.Ліепа марыць ператварыць у "маленькі Парыж" самыя розныя гарады свету. А сярод іх - і нашы абласныя цэнтры: там у хуткім часе таксама будуць паказаны адноўленыя спектаклі, што справілі ці яшчэ спраўляюць сваё 100-годдзе. Праўда, захаваліся тыя спектаклі па-рознаму. Адны (да прыкладу, "Сіні Бог") - даволі поўна. Іншыя (як той жа "Тамар")- практычна страчаны. Але Андрыс паставіў сабе за мэту аднавіць ці, калі эскізы дэкарацый, сцэнічных строяў і само апісанне балета не захаваліся, - нафантазіраваць усё, што тычылася тых гістарычных "...Сезонаў". І- галоўнае - паказаць усё гэта свету! Таму паралельна з пастаяннымі гастролямі ідзе далейшая пастановачная праца. Так, у чэрвені- ліпені наступнага года адродзіцца дзягілеўская "Клеапатра" на музыку А.Арэнскага. І літаральна адразу паедзе ў Парыж! А пасля, як спадзяецца А.Ліепа, будзе паказана і ў Мінску.

Пакуль жа знакаміты танцоўшчык, які ў справе аднаўлення былых спектакляў працягвае распачатае сваім бацькам- Марысам Ліепам, не стамляўся казаць кампліменты на адрас беларускай трупы:

 - У вас пяць пар шыкоўных салістаў! Два спектаклі былі вывучаны артыстамі літаральна за два тыдні, яшчэ ў мой ранейшы прыезд, і цяпер мы толькі падтрымліваем іх...

 Мастачка праекта Ганна Нежная з не меншым захапленнем гаварыла пра нашы Тэатральныя майстэрні:

- Паверце, у нас ужо даўно такога няма! А ў вас - захаваны найлепшыя традыцыі ручной працы, калі тая ж вышыўка робіцца з любоўю і станоўчай энергетыкай майстрых, а не тым жа метадам аплікацыі, які толькі імітуе раскошу. Розніца бачная адразу! Дый тканіны ў вас выкарыстоўваюцца вельмі добрыя, натуральныя, чаго ўжо мы даўно не маем. А ўсе гэтыя, здавалася б, дробязі насамрэч вельмі важныя. Бо асабіста для мяне як для мастачкі галоўнае, чаму нас вучаць дзягілеўскія спектаклі, - гэта выяўленне творчай індывідуальнасці мастака. Бо Дзягілеў як папраўдзе геніяльны, кажучы сучаснай мовай, менеджар і прадзюсар зламаў тагачасныя сцэнаграфічныя традыцыі Вялікага тэатра, зарыентаваныя на этнаграфічнасць. Ён запрашаў яркіх, неардынарных мастакоў, сапраўдных творчых асоб, нават калі яны раней ніколі не працавалі ў тэатры, бо справядліва лічыў, што сцэнаграфія павінна дапаўняць спектакль аўтарскім бачаннем. Да гэтага ж імкнёмся і мы. Калі эскізы добра захаваліся, выкарыстоўваем нават камп'ютэрныя тэхналогіі, якія максімальна набліжаюць копію да арыгінала, калі ж не - па магчымасці поўна вывучаем традыцыі і побыт краіны, дзе адбываецца дзея, і далучаем асабістае стаўленне да ўсяго гэтага, бо сцэнаграфічнае афармленне можа быць не толькі прыкладным жанрам, але і самастойным мастацкім творам...

Папраўдзе самастойнымі мастацкімі творамі ўспрымаліся і асобныя сольныя партыі ў прадэманстраваных балетах, асабліва на фоне далёка не лепшага ўзроўню кардэбалета. Тое ж "Балеро", у свой час напісанае М.Равелем менавіта для танцоўшчыцы Іды Рубінштэйн і па яе замове, падкрэсліла асаблівую сонечнасць цяперашняй выканаўцы- грацыёзнай, з чароўнай пластыкай рук Ілзе Ліепы. Дый царыца Тамара (Аляксандра Цімафеева) у балеце "Тамар" выглядала не жорсткай ракавой жанчынай, а, хутчэй, гарэзлівай, хаця і крыху разбэшчанай прыгажуняй, якая ад самоты і тугі не ведае, што робіць, плыве па хвалях лёсу і эмоцый без асаблівага асэнсавання таго, што адбываецца з ёй і ейнымі падначаленымі.

Гэты балет, нагадаем, атрымаў не рэканструкцыю, а практычна новую пастаноўку, таму ў ім выкарыстаны і лазарная тэхналогія, і стылістычныя элементы мадэрна. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя "прынады" для гледачоў і ўдзел добрых салістаў (акрамя гераіні, гэта Ілья Кузняцоў і асабліва Ігар Піваровіч у партыі Візіра, якой увогуле не было ў арыгінале Міхаіла Фокіна), спектакль, як і балетны вечар увогуле, вымусіў... засумаваць. Ён добра выявіў, куды рушыла мастацтва балета за стагоддзе: ад прыгожага відовішча (па сутнасці, своеасаблівага шоу) да пульсуючых думак і глыбокіх філасофскіх абагульненняў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова было параўнаць убачанае "Балеро" з аднайменным спектаклем В.Елізар'ева, што ідзе ў нашым тэатры цягам амаль 30 гадоў. Але ж ці не вяртаемся мы апошнім часам да першай згаданай тэатральнай мадэлі, блізкай да бяздумнага, няхай і прыгожага шоу? Гэта становіцца амаль што тэндэнцыяй, і не толькі ўласна ў балеце, - так што тут ёсць над чым паразважаць.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"