На сайце Мінгарвыканкама мінчане могуць выбраць адзін або некалькі прапанаваных варыянтаў. Кожны з іх мае падрабязную эксплікацыю, пазнакі пра будучае месца, а таксама - дату рэалізацыі праекта.
Якія ж творы манументалістыкі маюць паўстаць найбліжэйшым часам у беларускай сталіцы? Гэта мемарыяльны знак у памяць аб ахвярах тэрактаў у Віцебску і Мінску, помнік Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Алексію ІІ, скульптурная кампазіцыя, што ўвасобіць герб горада (абраз Божай Маці). У парку "Беларусь", работы над разбіўкай якога вядуцца цяпер, запланаваны два творы: мемарыяльны знак у гонар уз'яднання земляў Беларусі і кампазіцыя да 1000-годдзя нацыянальнай дзяржаўнасці, што выявіць постаці знакавых асоб у гісторыі нашай краіны. На тэрыторыі Мінскага замчышча мае паўстаць помнік князю Глебу Усяславічу, а на праспекце Машэрава - помнік гэтаму дзяржаўнаму дзеячу і партызанскаму камандзіру.
- Зрэшты, прыведзены на сайце пералік- так бы мовіць, мае характар "веча",- зазначыў у каментарыі для "К" начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама Сяргей ХІЛЬМАН.- Апошнім часам практыку інтэрнэт-абмеркаванняў мы скарыстоўваем па самых розных пытаннях жыцця сталіцы.
- У 2009-м быў распрацаваны праект Зводнага плана ўстаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009 - 2012 гг. Шэраг вынесеных на абмеркаванне пунктаў абазначаны і там. У якой ступені Мінгарвыканкам кіраваўся згаданым дакументам пры выбары тэматыкі будучых манументальных твораў?
- Вядома, мы ўлічвалі і пазіцыі Зводнага плана. Як бачыце, акцэнт у прапанаваных варыянтах мы зрабілі і на тысячагадовай беларускай дзяржаўнасці - пачынаючы ад старажытных часоў, Вялікага Княства Літоўскага да ХХ стагоддзя. Вось, скажам, у Англіі ёсць памятныя знакі ў гонар вікінгаў. Дык чаму б і нам не згадаць гісторыю краіны і сталіцы ў такой шырокай перспектыве? Глеб Мінскі, легендарны герб сталіцы, асобы, што ўнеслі значны ўклад у развіццё краіны... Атрымаўшы вынікі галасавання, скарыстаем іх пры выпрацоўцы фарватару дзеянняў сумесна з тымі ж Міністэрствам культуры, Беларускім саюзам мастакоў, Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, ВНУ ды іншымі зацікаўленымі ўстановамі. Цяпер жа найбольш важная менавіта навуковая прапрацоўка пытання.
- Зразумела, што пытанне ўстаноўкі работ - не самая кароткатэрміновая перспектыва...
- Але мяркуем рэалізоўваць некаторыя праекты ў найбліжэйшы час. Спадзяёмся прыцягнуць на іх не толькі бюджэтныя сродкі, але і ахвяраванні грамадзян, дапамогу мецэнатаў.
С.Т.