Перспектывы прэміі

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

21 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося пасяджэнне “круглага стала” “Культура як праваднік беларуска-расійскай інтэграцыі. Аб прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва”.

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Дзяржаўнага сакратара - член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец, Старшыня Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч, члены Экспертнага савета па прэміях Саюзнай дзяржавы, рэктары ВНУ сферы культуры, кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага і Нацыянальнага гістарычнага музеяў, Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны, прадстаўнікі творчых саюзаў.

Пад час "круглага стала" абмяркоўваліся пытанні арганізацыі работы па вылучэнні намінантаў на прэмію Саюзнай дзяржавы і тыя прапановы, што паступілі на пасяджэнні Эскпертнага савета 22 верасня ў Маскве.

Як зазначыў пад час працы "круглага стала" Іван Бамбіза, адна з галоўных мэт, што стаіць на парадку дня, - гэта пашырэнне кола ўдзельнікаў прэміі, павелічэнне прадстаўніцтва ў ёй розных жанраў.

- У апошнія гады аўтарытэт прэміі значна ўзрос, - зазначыў Іван Бамбіза,- пашырыліся сферы дзейнасці яе намінантаў. Таму трэба і надалей уключаць у намінацыі сумесныя беларуска-расійскія праекты з розных галін мастацтва: літаратуры, скульптуры, жывапісу... Патрэбна пастаянна дбаць аб стварэнні падобных праектаў, якія накіраваны на ідэі адзінства, супрацоўніцтва і сяброўства народаў нашых краін...

Таксама, на думку Івана Бамбізы, неабходна прыкласці намаганні для таго, каб маладыя творцы з абедзвюх краін былі прадстаўлены ў намінацыях на прэмію Саюзнай дзяржавы. У ходзе "круглага стала" менавіта гэтая прапанова сталася адным з самых "гарачых" пытанняў, якое ўзнімалі, бадай, усе ўдзельнікі мерапрыемства.

 - На маю думку,- зазначыў у выніку гутаркі Уладзімір Здановіч, - трэба распрацаваць крытэрыі, якія дазволяць не ўшчамляць папраўдзе таленавітых людзей. Але ж не варта забываць, што канчатковая мэта прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва - гэта не толькі падтрымка творчых людзей, але і прасоўванне ідэй будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, пад час "круглага стала" былі агучаны прапановы па вылучэнні сумесных праектаў у галіне музейнай і бібліятэчнай справы, у сферы выяўленчага мастацтва і народнай творчасці.