...Да эфекту медыямарафону

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Каб даведацца пра ўсе падрабязнасці тэлемарафона, “К” звязалася з куратарам праекта, выконваючым абавязкі галоўнага дырэктара Першага канала Антонам ПІМЕНАВЫМ.

/i/content/pi/cult/348/6554/6-3.jpg

- Згодна з Даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, быў створаны План арганізацыйных мерапрыемстваў па зборы сродкаў на будаўніцтва гмаху знакавай для кожнага жыхара краіны музейнай установы, - распавёў Антон Піменаў. - Белтэлерадыёкампанія цягам доўгага перыяду ў эфіры сваіх каналаў трансліруе відэаролік з інфармацыяй пра акцыю. Да таго ж, у рамках тэлеперадачы "Добрай раніцы, Беларусь!" штодня выходзяць відэасюжэты пра гісторыю стварэння музея, праект новага будынка, разнастайныя экспанаты, унікальныя дакументы, а таксама пра пералік сродкаў грамадзянамі і арганізацыямі. Але нам падалося, што гэтага недастаткова, таму і нарадзілася ідэя правесці акцыю-тэлемарафон "Пабудуем музей разам!".

- Што чакае гледачоў пад час мерапрыемства?

 - Тэлемарафон распачнецца ў 7.25 са спецыяльнага выпуску праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!". Яе госці- прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, маладзёжных арганізацый, эстрадныя выканаўцы ды іншыя медыйныя асобы, што пералічылі сродкі на будаўніцтва музея. Цягам дня адбудзецца восем прамых уключэнняў: тры - са студыі Белтэлерадыёкампаніі і пяць - з будынка музея, а таксама на тэлеканалах будзе размешчаны бягучы радок з інфармацыяй аб зборы сродкаў і з усімі неабходнымі рэквізітамі. Да таго ж, мы дамовіліся з "Белтэлекамам" пра выдзяленне бясплатнага нумара, патэлефанаваўшы на які, кожны ахвотны зможа спісаць са свайго рахунку сем тысяч рублёў - суму, якая пойдзе ў фонд усенароднай будоўлі.

- Напэўна, гэтым днём у эфіры Першага канала чакаюцца і паказы адпаведных тэлефільмаў...

 - Так, безумоўна. 29 кастрычніка мы тэматычна напоўнім эфір: раніцай выйдзе дакументальная стужка "Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны", удзень гледачы ўбачаць ваенную драму "Лёс чалавека" з "Залатой калекцыі савецкага кінематографа", а ўвечары будзе прадэманстраваны відэафільм Агенцтва тэлевізійных навін "Захоўваць вечна". Магу запэўніць, што падобныя мерапрыемствы, скіраваныя на максімальнае прыцягненне ўвагі да ўзвядзення новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай, Белтэлерадыёкампанія будзе праводзіць і надалей.

Фота Пятра ОВАДА

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"