Ад тэхналогій з Сіліконавай даліны...

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай: “кантэнт” для новага будынка

/i/content/pi/cult/348/6553/6-1.jpg

 Бадай, самай знакавай будоўляй нашай краіны сёння з'яўляецца ўзвядзенне новага гмаху Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Па сваім архітэктурным рашэнні і разнастайных сучасных тэхналогіях музей мае стаць унікальнай установай. "К" пільна сочыць за работай на гэтым аб'екце з моманту стварэння інжынернай дакументацыі і ўрачыстай закладкі памятнай капсулы, намагаючыся дапамагчы музею як інфармацыйны партнёр. Калектыў рэдакцыі, дадамо, зрабіў і свой фінансавы ўнёсак у будаўніцтва: адзін дзённы заробак супрацоўнікаў рэдакцыі яшчэ летась быў пералічаны на дабрачынны рахунак, адкрыты па распараджэнні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Ды і сёння адна з галоўных задач, што стаяць перад кіраўніцтвам музея,- збор сродкаў на будаўніцтва аб'екта, стварэнне новых цікавых экспазіцый. Менавіта гэтыя тэмы і абмеркаваў карэспандэнт "К" з дырэктарам установы Сяргеем АЗАРОНКАМ.

 - Сяргей Іванавіч, як ствараюцца і што ўяўляюць з сябе рэкламныя акцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай сёння? У першую чаргу хацелася б даведацца пра тэлемарафон...

- Міністэрства культуры і Белтэлерадыёкампанія сталі ініцыятарамі тэлемарафона. Пры гэтым міністрам культуры асабіста была дадзена ўстаноўка правесці праект на якасна новым узроўні. У выніку мы бачым зусім іншы падыход да тэлепрадукту. Нельга не адзначыць, што і музей прыклаў усе намаганні, каб акцыя прайшла паспяхова. Такім чынам, цэлы дзень - 29 кастрычніка - на Першым канале цалкам аддаецца акцыі "Пабудуем музей разам!". Будуць запрошаны знакамітыя людзі нашай краіны, якія з ранку да позняга вечара пастараюцца данесці да тэлегледачоў ідэю важнасці ўзвядзення сумеснымі намаганнямі новага будынка музея. Неабходна прадэманстраваць людзям, што іх сродкі пойдуць на сапраўды святую справу.

- Думаецца, каб прыцягнуць неабходныя для рэалізацыі грандыёзных планаў сродкі, музей не абмяжоўваецца толькі гэтай піяр-акцыяй?

- Безумоўна, тэлемарафон з'яўляецца толькі адным з вялікага шэрагу мерапрыемстваў музея. Сёння вялікая праца вядзецца сумесна з грамадскімі арганізацыямі, і ў першую чаргу - з Федэрацыяй прафсаюзаў, БРСМ. Вялікую падтрымку аказваюць айчынныя прадпрыемствы, арганізацыі, СМІ, у тым ліку наш даўні сябра - газета "Культура". Але самае галоўнае - не тая сума, якую ахвяруе тая або іншая ўстанова ці чалавек, а сам удзел у гэтай важнай справе. Цяпер мы рыхтуемся правесці акцыю па зборы музейных прадметаў ваеннага значэння, асабліва- буйнагабарытнай тэхнікі, якой, у параўнанні з замежнымі музеямі падобнага профілю, у нас катастрафічна не хапае. Тым больш, запланавана стварэнне новай экспазіцыі "Дарога вайны", дзе менавіта рарытэтная тэхніка мусіць заняць асноўнае месца. Каб не замаўляць дарагія копіі, паспрабуем сабраць неабходную тэхніку з айчынных палігонаў, ваенных гарадкоў... Да прыкладу, аднойчы давялося пабачыць рэшткі знішчаных вінтовак Мосіна са штампамі 1941 года і нават царскім арлом! Зразумела, ліквідацыя спісанай зброі зацверджана на заканадаўчым узроўні. Таму тут трэба працаваць мэтанакіравана, зладжана, з разлікам на разуменне Міністэрства абароны. Цяпер/i/content/pi/cult/348/6553/6-4.jpg мы атрымліваем асобныя канфіскаваныя прадметы, у тым ліку выяўленыя пры незаконным перасячэнні мяжы. Галоўнае - вылучыць у выніку сапраўдныя перліны.

- Відавочна, з узвядзеннем новага будынка паўстануць пытанні павелічэння штату супрацоўнікаў і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. Наколькі яны актуальныя для вас?

- Мы адштурхоўваемся ад таго, што ў музея будуць абсалютна новыя задачы. Прынцыповы падыход заключаецца ў тым, што ўстанова мае стаць сапраўдным сацыякультурным цэнтрам. Неверагодна, але факт: сучасны штат музея на трэць меншы за першапачатковую колькасць супрацоўнікаў у 1944-м! Пры гэтым экспазіцыйныя задачы, колькасць музейных прадметаў выраслі ў шмат разоў. Да прыкладу, у першыя гады працы фонды налічвалі 10 тысяч экспанатаў, а сёння іх колькасць павялічылася ў чатырнаццаць разоў. І трэба ўлічваць: наперадзе нас чакае асваенне больш як трох тысяч квадратных метраў экспазіцыйных плошчаў. Нельга забывацца і на пастаяннае супрацоўніцтва з установамі адукацыі, прыватнымі асобамі, якое таксама адбірае шмат часу. Да таго ж, прызнаюся, мы толькі нядаўна распачалі выпуск факсімільных выданняў. І, відавочна, музею проста неабходны паўнавартасны выдавецкі аддзел. Плануецца таксама актывізаваць працу і з сайтам установы, зрабіць яго адным з найлепшых у сваёй катэгорыі. На якасна новым узроўні павінен быць і музейны маркетынг... А таму, паўтаруся, перад намі стаіць задача не проста павялічыць штат музея, а - узбагаціць яго сапраўднымі прафесіяналамі. Невыпадкова некалькі супрацоўнікаў навучаецца ў аспірантуры БДУ па тэме будучай экспазіцыі. Нягледзячы на невялікі бюджэт, наш музей, відаць, - адзіная ўстанова культуры ў Беларусі, дзе аплачваюцца навучанне ў аспірантуры, падрыхтоўка на курсах./i/content/pi/cult/348/6553/6-2.jpg

- Для павышэння ўзроўню кампетэнтнасці супрацоўнікаў многімі музеямі свету праводзяцца майстаркласы, пастаянна адбываецца абмен вопытам з замежнымі калегамі. Наколькі актыўна выкарыстоўваецца такая практыка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

 - Я ганаруся тым, што наш музей распачаў супрацоўніцтва з нямецкім Інстытутам Гётэ. Дзякуючы гэтаму, да прыкладу, шэраг супрацоўнікаў музея здолеў на свае вочы пабачыць працу нямецкіх калег. Акрамя таго, вельмі важна, што да ўдзелу ў майстар-класах, якія праводзяцца замежнымі спецыялістамі ў сценах нашай установы, запрашаюцца і супрацоўнікі іншых беларускіх музеяў. Пагадзіцеся, абмен кантактамі, меркаваннямі - вельмі карысная справа. Прывяду толькі адзін прыклад. У Музеі Ф.Шапэна мы ўбачылі, як вядзецца праца з такой складанай аўдыторыяй, як дзеці малодшага школьнага ўзросту: нашы польскія калегі здолелі зацікавіць малечу з дапамогай малявання, адукацыйных мультфільмаў, коміксаў. Гэтую ідэю мы таксама ўзялі на ўзбраенне і літаральна зараз распрацоўваем свае падобныя праграмы. Я магу выказаць толькі ўдзячнасць польскім, нямецкім, славацкім, расійскім і ўкраінскім калегам, з якімі ў нас склаліся плённыя партнёрскія стасункі.

- Але вернемся да сучасных тэхналогій. Ці працуе музей над стварэннем новага інфармацыйнага прадукту, што здолее зацікавіць гасцей музея, незалежна ад узросту і прафесіі?

- У чарговы раз хачу падкрэсліць вялікую ролю ў развіцці ўстановы Міністэрства культуры, кіраўніцтва якога падтрымлівае ўсе нашы ініцыятывы. Сёння вельмі важна дыферэнцаваць задачы па стварэнні новага будынка і напаўненні яго рознага кшталту ноу-хау. Я планую паставіць пытанне перад маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі аб фармаце нашага далейшага супрацоўніцтва. Пагадзіцеся, збор металалому і макулатуры - не справа для таго ж студэнта-праграміста, які мог бы дапамагчы нашаму музею сваімі ўменнямі і здольнасцямі. Акрамя таго, застаецца актуальным пытанне сумеснай працы з арганізацыямі айчыннай Сіліконавай даліны. У выніку, я перакананы, выкарыстанне найноўшых тэхналогій павінна аказваць надзвычай моцнае пазітыўнае ўздзеянне на нашых гасцей і стане вялікім крокам наперад у музейнай сферы ўсёй краіны.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"