Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацыянальнага банка краіны, манеты "М. Багдановіч. 120 гадоў" выпусцілі ў дзвюх версіях: сярэбраную - наміналам 10 рублёў - і медна-нікелевую - наміналам 1 рубель. Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў - кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет- з насечкай.
Аверс: у абрамленні- арнамент, выкарыстаны пры афармленні зборніка вершаў "Вянок"; уверсе - рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, пад ім- надпіс: "Рэспубліка Беларусь" і намінал; унізе - год чаканкі, справа (на сярэбранай манеце) - проба сплаву. Рэверс: злева - рэльефная выява партрэта класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, справа па крузе, у два радкі, - надпісы: "М. Багдановіч", "1891- 1917" (гады жыцця) і арнаментальны матыў з васількоў. Манеты адчаканены ў "Манетным двары Польшчы": сярэбраная - якасцю "пруф", медна-нікелевая - "пруф-лайк". Тыраж кожнага віду- па 2000 штук.