Ад Манголіі да Бразіліі

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

За тыдзень да пачатку ХVІІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” арганізатары форуму з Міністэрства культуры краіны, УП “Кінавідэапракат Мінгарвыканкама” і фестывальнай дырэкцыі падзяліліся навінамі фэсту з журналістамі.

 

 Асноўная канцэпцыя "Лістапада" засталася нязменнай: "фестываль фестываляў". Па традыцыі, "Лістапад" прапануе сваім гледачам тры праграмы: ігравога, дакументальнага і дзіцячага кіно. Як і летась, ігравая і дакументальная часткі будуць уключаць у сябе па два конкурсы: асноўны конкурс фільмаў з постсацыялістычных краін і геаграфічна неабмежаваны конкурс маладога кіно. Асобна будзе праводзіцца конкурс дзіцячага кіно "Лістападзік". Геаграфія паказаў і ўдзельнікаў, як і ў мінулыя гады, - вельмі шырокая і ахоплівае дзясяткі краін свету. Упершыню ў "Лістападзе" прымуць удзел стужкі з Манголіі, Бразіліі і Аргенціны.

Ганаровыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю, як і раней, адбудуцца ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. Стужкай адкрыцця будзе карціна расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава "Алена". Чакаецца, што цырымонію з "чырвонай дарожкай" напачатку наведае шэраг зорак кіно, ганаровыя госці фестывалю, сярод якіх - Аліка і Веніямін Смехавы, Кахі Каўсадзэ. Прадстаўнікі дырэкцыі таксама адзначылі, што "разыначкамі" шоу стануцца незвычайны канферанс, у якім прыме ўдзел расійская актрыса Вольга Кабо, а таксама ўручэнне прыза аднаго з мінулых "Лістападаў" члену журы - актрысе Інзе Аболдзінай-Стралковай.

Апрача конкурсных, арганізатары прапануюць фестывальнай публіцы шэраг дадатковых праграм, якія прадстаўляюць сучаснае кіно Беларусі, Польшчы, Францыі, Расіі, Паўднёвай Карэі, а таксама новыя творы беларускіх аніматараў і найлепшыя стужкі магілёўскай "Анімаёўкі". Што да нашай краіны, то яна будзе ўдзельнічаць у конкурсе дакументальнага і дзіцячага аддзяленняў "Лістапада". За прызы пазмагаюцца дакументальныя карціны Галіны Адамовіч "Інакіня", Кацярыны Махавай "Званар", казка Алены Туравай "Рыжык у Залюстэраччы" (пра іх, дарэчы, у свой час падрабязна апавядала наша газета). У рамках дакументальных паказаў таксама пройдзе шэраг беларускіх прэм'ер. Сярод іх можна вылучыць новую стужку Віктара Аслюка "Драўляны народ".

Ацэньваць работы ўдзельнікаў у кожнай з конкурсных праграм будуць адпаведныя асобныя журы, у склад якіх увойдуць вядомыя ў свеце кіно асобы. Журы асноўнага конкурсу - ігравога кіно - узначаліць кыргызстанскі рэжысёр Актан Арым Кубат, які на мінулагоднім "Лістападзе" атрымаў прыз за лепшую рэжысуру. Журы маладога ігравога кіно будзе праводзіць пасяджэнні пад кіраўніцтвам аўстралійскага прадзюсара Кэтрын Шэлпер, якая працавала над таксама адзначанай на "Лістападзе-2010" стужкай "Самсон і Даліла". Асноўны дакументальны конкурс ацэніць журы на чале з рэжысёрам Марынай Разбежкінай з Расіі, а адпаведны маладзёжны - узначаліць кіраўнік Расійскага фестывалю антрапалагічных фільмаў Андрэй Галаўнёў.

Пляцоўкамі "Лістапада-2011" стануць кінатэатры "Цэнтральны", "Перамога", "Цэнтр-відэа", "Піянер", "Дом кіно" і- упершыню- Малая зала Палаца Рэспублікі. Па словах арганізатараў фестывалю, згодна з патрабаваннямі Міжнароднай асацыяцыі кінапрадзюсараў, у якую з выпрабавальным тэрмінам нядаўна прыняты Мінскі міжнародны, правы на ўсе фестывальныя паказы закупляліся асобна і будуць дзейнічаць толькі пад час правядзення апошніх. Прадстаўнікі Міністэрства культуры паведамілі: каля 45% бюджэту сёлетняга кінафоруму плануецца атрымаць ад спонсараў - партнёраў фестывалю.