“Яркія і таленавітыя творы — гэта наш агульны інтарэс”

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

25 кастрычніка адбылася сустрэча Прэзідэнта краіны з членамі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

 

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, аўтарытэт пісьменнікаў і ўзровень даверу да друкаванага слова ў Беларусі заўсёды знаходзіліся на высокім узроўні, а савецкі перыяд стаў залатым векам айчыннай літаратуры, часам з'яўлення знакамітых імёнаў і значных твораў. Разам з тым, ён падкрэсліў, што надышоў час ставіць перад пісьменнікамі больш амбіцыйныя мэты: адрадзіць былую славу беларускай літаратуры і ўзняць яе на новы мастацкі ўзровень, варты такіх выдатных майстроў, як Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Іван Мележ, Іван Шамякін ды іншыя.

Прэзідэнт адзначыў, звяртаючыся да літаратараў, што дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для пісьменніцкай працы. "Ваша грамадскае аб'яднанне карыстаецца беспрэцэдэнтнай падтрымкай дзяржавы. У адказ мы чакаем ад вас толькі аднаго: яркіх і таленавітых твораў. Гэта наш агульны інтарэс", - сказаў ён, звяртаючыся да прысутных пісьменнікаў.

"У сучаснай беларускай літаратуры не павінна быць цэнзуры або забароненых тэм, акрамя, зразумела, антыгуманных і амаральных", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да пісьменнікаў, ён папрасіў смела ўзнімаць у сваіх кнігах сацыяльныя, светапоглядныя і маральныя праблемы сучаснасці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, чытач чакае сур'ёзных, маштабных твораў. "На самой справе беларускі народ выстаяў перад тварам многіх трагедый, войнаў і катастроф. Менавіта характар чалавека, яго духоўныя сілы заўсёды былі ў цэнтры самых значных мастацкіх твораў. І сёння востра стаіць праблема героя-сучасніка", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. "Найноўшая гісторыя Айчыны павінна стаць прадметам сур'ёзнага творчага аналізу. Патрэбны яркія, таленавітыя кнігі аб сённяшняй Беларусі і жыцці нашых землякоў. Мы заўсёды знойдзем сродкі, каб выдаць іх і дастойна аплаціць працу аўтараў", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён таксама даручыў Міністэрству інфармацыі навесці парадак у ганарарнай палітыцы, каб пісьменнікам не даводзілася па пяць - сем гадоў чакаць атрымання заробленых грошай. Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і пісьменнікі не павінны забывацца на адваротны бок медаля, маючы на ўвазе неабходнасць звярнуць самую сур'ёзную ўвагу на мастацкую якасць і запатрабаванасць твораў. Апошняе застаецца сур'ёзнай праблемай. Так, паводле даных Кіраўніка дзяржавы, да канца 2010 года нерэалізаваныя астаткі сацыяльна значных кніг выдавецтва "Мастацкая літаратура" складалі амаль 50 працэнтаў ад усіх выпушчаных назваў і 30 працэнтаў ад іх тыражу.

На думку Кіраўніка дзяржавы, заўтрашні дзень беларускай культуры - у руках маладых літаратараў, тых, хто пакуль яшчэ толькі шукае сябе. "Трэба шырэй выдаваць іх і прадстаўляць на старонках літаратурных часопісаў. Але ў першую чаргу ім патрэбны парада і падтрымка пісьменнікаў старэйшага пакалення: каб не перапынялася традыцыя айчыннай літаратуры", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага Лідара, кардынальнага перагляду патрабуе работа па прапагандзе кнігі. "Міністэрству культуры і беларускім тэлерадыёкампаніям варта падумаць аб адраджэнні практыкі экранізацыі твораў нашых пісьменнікаў, аб стварэнні фільмаў і праграм аб іх творчасці. Эфектыўным сродкам далучэння да літаратуры маладога пакалення можа стаць стварэнне беларускіх аўдыякніг", - лічыць Прэзідэнт. На яго думку, магчыма, мае сэнс аднавіць практыку напісання п'ес па дзяржаўным заказе, ажыццяўляць прыярытэтнае фінансаванне спектакляў па творах айчынных драматургаў.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, выхаванне падрастаючага пакалення павінна грунтавацца на найлепшых узорах айчыннай і сусветнай класікі. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што магутным сродкам абуджэння грамадскай цікавасці да нацыянальнай літаратуры і культуры павінна стаць святкаванне 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа: "Адзначыць яго трэба без лішняй помпы, але дастойна".

 Кіраўнік дзяржавы закрануў праблему страты цяпер кнігай свайго ранейшага значэння. "Для мяне катастрофа - усё, што адбываецца сёння. Я вельмі баюся страціць кнігу. Не толькі мы ў гэтым вінаваты - увесь свет, вы бачыце, у якім напрамку ідзе. Для мяне гэта трагедыя. Для мяне няма нічога больш каштоўнага, чым кніга", - сказаў Прэзідэнт.

У час размовы былі закрануты многія праблемы, якія існуюць сёння ў творчых колах. Свой пункт гледжання на працэсы, што адбываюцца ў літаратуры і ў культуры, выказалі Аляксандр Савіцкі, Мікалай Мятліцкі, Вольга Коваль, Таццяна Сівец, Аляксандр Карлюкевіч, Уладзімір Карызна.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава будзе падтрымліваць інтэлігенцыю, ствараць умовы для нармальнай працы. Узамен Прэзідэнт чакае дастойных твораў. На яго думку, "...інтэлігенцыя - гэта найлепшая частка грамадства, самая прагрэсіўная, за ёй усё грамадства павінна ісці, а пісьменнікі ў гэтай частцы - на пярэдніх рубяжах".

На сустрэчы была таксама агучана прапанова аб'явіць 2012-ы Годам кнігі. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтую ініцыятыву.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Афіцыйна

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 25 кастрычніка падпісаў Указ № 487 "Аб мерапрыемствах, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа". Дакумент падпісаны ў мэтах арганізацыі святкавання юбілейных дат класікаў беларускай літаратуры. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

 Указам зацверджаны склад рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, і План мерапрыемстваў да гэтага юбілею.

Планам прадугледжаны правядзенне ў краіне і за яе межамі святочных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею, стварэнне тэматычных літаратурна-мастацкіх публіцыстычных праграм на тэлебачанні і радыё, выданне кніг пісьменнікаў і літаратуры аб іх жыцці і творчасці. Таксама запланавана правядзенне рэспубліканскіх святаў паэзіі, добраўпарадкаванне тэрыторый гісторыка-культурных аб'ектаў, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа, правядзенне капітальнага рамонту будынкаў дзяржаўных літаратурных музеяў ды іншыя мерапрыемствы.

У кантэксце тэмы

"К" звярнулася да некаторых пісьменнікаў - удзельнікаў сустрэчы - з просьбай падзяліцца ўражаннямі ад яе.

Мікалай ЧАРГНЕЦ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

 - Гэта была цікавая і змястоўная гутарка, у час якой мы змаглі паведаміць Прэзідэнту пра свае дасягненні, не прыхоўваючы і недахопаў. Як зазначыў Кіраўнік нашай дзяржавы, роля літаратуры ў сучасным свеце ўзрастае, таму неабходна адпавядаць найноўшым патрабаванням. Аляксандр Рыгоравіч неаднойчы паўтараў, што свет сёння змяняецца, і ў вельмі шпаркім тэмпе. Замест запланаванай гадзіны сустрэча доўжылася ўсе тры, хаця Прэзідэнта ўжо чакалі прадстаўнікі замежных бізнес-структур. І мы шчыра ўдзячныя Кіраўніку дзяржавы за ўвагу да беларускага слова. Вядома, былі агучаны і прапановы, ініцыятывы Саюза, якія падтрымаў Лідар краіны, а таксама - праблемныя моманты: тыя ж ганарарная і выдавецкая палітыка. У хуткім часе правядзём Прэзідыум СПБ, дзе прадоўжым разгляд пытанняў развіцця літаратуры. І падыдзем да іх крытычна.

Уладзімір ЛІПСКІ, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка":

- Адбылася, я перакананы, выключна важная падзея ў жыцці пісьменнікаў Беларусі. Прэзідэнт знайшоў час выслухаць клопат літаратараў. Кожнаму з нас, сапраўды, варта задаць сабе пытанне: "Што я павінен зрабіць у літаратуры, якое мастацкае слова данесці да чытача-сучасніка?". Пісьменнік - на пярэднім краі жыцця, ён - навідавоку. Таму і адказнасць на ім- найвялікшая, і за думкі, і за ўчынкі. І кожнаму з нас варта і ўсвядоміць гэтую адказнасць, і апраўдаць яе.

Таццяна СІВЕЦ, паэт, галоўны рэдактар часопіса "Маладосць":

- Уражанне ад сустрэчы - вельмі пазітыўнае. Была яскрава бачна зацікаўленасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь літаратурнымі справамі ў нашай краіне. Асабіста мяне надзвычай парадавала неабыякавасць Кіраўніка дзяржавы да пачынаючых літаратараў, да маладой літаратуры, якая была, ёсць і павінна быць гонарам нашага мастацкага слова. Маладыя аўтары, я пераканана, пішуць сёння не столькі ў чаканні ганарару, колькі з вялікім жаданнем, каб іхнія творы чыталі. Гэта важна для любога літаратара, а для маладога - асабліва... І літаратура павінна быць добрай, стваральнай, і крытыка. Наша выданне ў гэтым рэчышчы і працуе. Разам з Інстытутам журналістыкі БДУ, дзе з'явілася спецыяльнасць "Літаратурная работа. Рэдагаванне", мы ствараем лабараторыю, дзе маладыя будуць пісаць пра маладых. Усё гэта і новыя таленты прыцягне, і паўплывае на якасць літаратурнага працэсу.