Знайсці свой скарб

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Орша: бібліятэчны праект

Незвычайнае мерапрыемства прайшло ў Дзіцячай бібліятэцы імя Уладзіміра Караткевіча. Называлася яно "Нясумны вечар". У мурах колішняга калегіума сабралася больш за 500 чалавек.

На вечар бібліятэка змяніла шыльды. Аддзел абслугоўвання стаў "Полем цудаў": тут чытачоў чакалі казачныя героі, прадстаўленне тэатра "Батлейка", конкурсы і гульні. У сектары перыёдыкі дзейнічала "Арт-студыя", дзе госці і самі малявалі, і станавіліся мадэлямі для партрэтаў ды шаржаў мастака Уладзіміра Жытнова. "Машына часу" ў сектары краязнаўства прапаноўвала віртуальную вандроўку ў мінулае. Педагог ДШМ №2 Уладзімір Савіцкі ў абліччы манаха вёў заняткі ў школе езуітаў, а майстры з гарадскога Дома рамёстваў навучалі падлеткаў рукадзеллю.

Пакой масавых мерапрыемстваў стаў "Пячорай мёртвага Джо". Чытальная зала ператварылася ў "Выспу скарбаў". Ва ўнутраным дворыку выступалі артысты цыркавой студыі, праходзіла дэфіле тэатра моды "Нюанс". Падсілкавацца можна было ў харчэўні "Тры печкуры".

Валянціна КОШЫКАВА, загадчык Дзіцячай гарадской бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча

Орша