Адзін з навучальна-выхаваўчых накірункаў нашай дзейнасці называецца "Мая Бацькаўшчына". З гэтай нагоды бібліятэка прыступіла да рэалізацыі праекта "Госці з розных валасцей".
Знаёмім чытачоў з гістарычнымі персанажамі. Сярод іх - князі ВКЛ Міндоўг і Вітаўт... Праект разлічаны для школьнікаў сярэдняга ўзросту. Наступнага госця яны вызначаюць самі. Кожнаму з іх прысвячаецца і кніжная выстаўка.
Усе прэзентацыі праекта рыхтуюцца з дапамогай камп'ютарных праграм. Да прыкладу, мерапрыемства "Жанчыны сям'і Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі" распавяло пра ўплыў бабулі, маці і жонкі на жыццё і творчасць беларускага мастака. Біяграфіі жанчын раскрываліся праз учынкі. Кожная з кабет - увасабленне дабрыні. Яе Вашчанка перадаў і сваім дзецям.
Мультымедыйная прэзентацыя прысвячалася і князёўне Барбары Радзівіл. Гаворка ішла пра тагачасны лад жыцця, род Радзівілаў, творчасць мастака Яна Матэйкі, які прысвяціў Барбары і Сігізмунду ІІ свае карціны. Праект "Госці з розных валасцей" стартаваў нядаўна, але ўжо карыстаецца попытам. Школьнікі чакаюць сустрэч, рыхтуюць мноства пытанняў. Рыхтуемся і мы!
Марына МУРДАК,
бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі № 1 Мінска