АПЫТАЛЬНІК па традыцыйным ткацтве

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г


Складальнік — Ірына МАЗЮК, навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры 

Запішыце, калі ласка, наступныя звесткі: месца запісу (вёска, раён, вобласць); дата запісу (дзень, месяц, год); прозвішча, імя, імя па-бацьку, год нараджэння чалавека, з якім вядзецца гаворка. 

Самы даступны ў наш час інструмент фіксацыі — фотаапарат. Калі ў вас няма свайго, то заўсёды можна папрасіць “гарадскіх” прыезджых сваякоў, якія іх маюць, набыць плёнку і сфатаграфаваць тканыя рэчы. Самы эканомны — “лічбавы” фотаапарат: ён дазваляе зрабіць адразу многа фотаздымкаў без плёнкі.
Калі будзеце здымаць, то сачыце, каб майстрыца сама дакладна паказала элемент, пра які яна распавядае (часам вельмі дробны — у некалькі пракідак ніткі).
Фатаграфаваць тканыя рэчы лепш за ўсё на вуліцы, але не на моцным сонцы.
Спачатку тканыя рэчы трэба сфатаграфаваць так, каб яны цалкам змясціліся ў кадры, потым зблізку сфатаграфуйце цікавыя дэталі, элементы, а потым на самай магчыма блізкай адлегласці пры добрым асвятленні сфатаграфуйце ткацкае перапляценне, узоры, цікавыя швы, зборкі і г. д.
Акрамя здымак, рэкамендуецца запісваць размову на дыктафон. Калі спецыяльнага дыктафона ў вас няма, то самы просты спосаб — выкарыстоўваць даступныя ў наш час усім аўдыёмагнітафоны, у якіх ёсць кнопка REC і адтуліна MIC для запісу на звычайныя касеты.
Відэакамера — не такая ўжо і рэдкасць у наш час. Найбольшую каштоўнасць будуць мець апытанні з расповедам, калі ў кадры будзе сама бабуля, і яе прыгожая мазолістая рука буйным планам дакладна абазначыць, якія дакладныя элементы тканіны так ці іначай называюцца.
Спосаб апытання трэба выбраць у залежнасці ад характару чалавека. Калі вам трапіўся гаваркі чалавек, то вы папрасіце яго расказаць усё пра вырошчванне, апрацоўку лёну, канопляў, усё пра авечак, апрацоўку воўны, пра працэсы ткання, забабоны, звязаныя з тым ці іншым пытаннем. Ваша роля — накіроўваць размову. Калі чалавек даволі сціплы ці маўклівы, то можна працаваць з прапанаванымі пытаннямі.
Пры апытанні рэкамендуецца пытацца: а што пра тое ці іншае казалі старыя людзі?
Вельмі ўважліва сачыце за тым, якія словы ўжывае ваш інфарматар, пры запісванні старайцеся дакладна перадаць, не перайначваючы на літаратурную мову. Калі ў час размовы майстрыца скажа якую прымаўку, прыкмету, заўвагу, абавязкова дакладна запішыце.
Часам, калі ўзнікаюць цяжкасці ў вядзенні гаворкі, можна разгаварыць чалавека “правакацыйнымі” пытаннямі “наадварот”: для гэтага трэба сказаць нешта наўмысна няправільнае пра тое, што вы хочаце даведацца. Напрыклад: “Мне казалі, што кросны ставілі летам”. Чалавек атрымае пэўны імпульс, і вы пачуеце шмат цікавага пра тое, што вас цікавіць.
Калі паказаць у час апытання тканыя рэчы на фотаздымках ці ў кнігах, то можна даведацца некаторыя звесткі пра рэчы, якіх няма ў калекцыі на сённяшні дзень.
Калі апошні раз ставілі кросны?
Якія тканіны некалі выраблялі ў хатніх умовах?
Можа, захаваліся кросны ці іх дэталі? У якім стане? Ці можна паставіць, каб працаваць?
Ці ёсць у вас колішнія ручнікі, посцілкі, другія рэчы, вытканыя на кроснах?
Хто іх рабіў: вы самі ці вашы мама, бабуля?
Найлепш распытваць, трымаючы ў руках тканы выраб. Для гэтага рэкамендуецца папрасіць жанчыну паказаць тыя тканыя рэчы, якія захоўваюцца ў шафе ці куфры.
Пажадана вельмі пільна сачыць за тымі словамі, якія гаворыць жанчына, дакладна перадаваць іх гучанне літарамі пры напісанні.
Пра кожны прад’яўлены выраб варта спытаць:
Хто і калі зрабіў (прозвішча, імя, імя па-бацьку, год і месца нараджэння)?
Як называецца палатно? Якім узорам ткалі? Як называюцца ўсе фігуры ўзора?
Як накідалі ў ніты?
У колькі пасмаў ткалі?
Колькі нітак кідалі ў трысцінку?
Якую шырыню мела палатно?
Як гаварылі пра даўжыню гатовага палатна, у якіх адзінках (у “локцях”, метрах, ці яшчэ як)?
Якія ніткі выкарыстоўвалі для ткацтва? Якія — на аснову, якія — на ўток?
Ці рабілі ў вас ніткі з канопляў? Як яны называліся?
Як у вас называўся ткацкі станок: “кросны”, “стаў”, ”ставы”, ”ставок”, “стаціва”, “статовыны”, “варштат”, “вярстак”, ці яшчэ як?
Ці не памятаеце старадаўні ткацкі станок, які ўкопвалі ў хаце і маглі называць “сохі”, “расошкі”, “бялейкі”, “строе”, ці як-небудзь яшчэ?
Як называлі набор састаўных частак кроснаў: “нарад”, “панарад”, “снасці”, ”строй”, “начынне”, “прычындалле”?
Як называлі бакавыя часткі станка?
Як называлі перакладзіны, якія злучаюць бакі ткацкага станка?
Якой даўжыні было бёрда ў вашых кроснах?
Хто рабіў бёрды? Колькі нітак і ў якім выпадку накідалі ў адну трасцінку?
У якія дні нельга было прасці, ткаць, снаваць? Што будзе, калі парушыць гэтыя забароны?Ці дапамагалі пры ткацтве дзеці?
Што рабілі?
Калі дзяўчынка першы раз садзілася за кросны?
У якую пару года, месяца ў вас ставілі кросны? Хто ставіў? Як казалі: “ставіць”, “пастроіць”, “ладзіць” кросны, ці іначай?
Ці гаварылі якія словы (малітву) перад тым, як ставіць кросны, пачынаць снаваць ці ткаць?Як у вас гаварылі: “снаваць”, “снуць”, “сноваты”?
Калі звычайна пачыналі снаваць кросны? Пасля якіх святых? У які дзень лепш было снаваць?
Ці было так, што вялі дзве ніткі пры снаванні? Як называлі такое снаванне?
Як у вас снавалі: на сцяне, на раме, на рухомай сноўніцы (як яе называлі — “крутуха”, ці іначай?)? Як называліся калкі сноўніцы: “чыноўны”,” цэнавы” калок, ці іначай? Ці рабілі і як называлі петлі, у якія устаўлялі чыноўныя калкі?
Як называліся канцы асновы (“глухі канец”, ці як?) Ці карысталіся якой палачкай пры снаванні, як яна называлася (“сноўка”)?
Як называлі ўсю даўжыню паміж калкамі: “губа”, “губка”, ці як? У колькі губак для якога палатна звычайна снавалі?У колькі “пасмаў” ткалі тое ці іншае палатно?Колькі нітак у пасме?
Колькі пасмаў з каторай пражы атрымлівалася?
Ці фарбавалі ніткі перад тканнем?
Чым? Дзе бралі фарбы? Ці фарбавалі раслінамі, травамі, карой, торфам?
Як даўней атрымлівалі чырвоныя ніткі для ўзора?
Ці выбельвалі ніткі? Як гэта рабілі?
Як рыхтавалі наснаваныя ніткі да накідання? Ці, можа, іх мачылі ў нечым? У чым: у жлукце, лугу, вобліўцы?
Як іх рабілі: з мукі, ці яшчэ чаго?
Як гаварылі, калі памыляліся, накідаючы ў ніты ці ў бёрды: “ворото”, “мінуха”, “перамот”, ці як яшчэ?
Як у вас казалі, калі намотвалі ніткі на навой: “навіваць аснову”, “ладзіць кросна”, “ладзіць аснову”, ці як?
Як называліся асобныя ніткі ў нітах, куды ўкідвалася нітка: “кабылка”, ці іначай?
Якія ў вашых нітах былі кабылкі: з вочкамі ці без вочак?
Як казалі, калі ўводзілі ніткі ў ніты і бёрды: “накідаюць”, “уводзяць”, “зводзяць”, ”усмыкаюць”, ”зараджаюць”, ці як?
Хто звычайна накідаў у ніты: самі ці некага запрашалі? Як называлі чалавека, якога запрашалі накідаць у ніты?
Калі накідалі ў ніты, то рабілі гэта па памяці ці глядзелі на вытканыя рэчы?
Ці запісвалі на паперу, як трэба накідаць у ніты?
Дзе бралі ўзоры, ці былі родавыя ўзоры? Ці казалі старыя людзі, што нельга мяняць узоры, якія ткалі спрадвеку?
Ці было так, што памыляліся пры накіданні? Што тады рабілі? Як называлі памылкі?
Як называлі тыя круглякі ў кроснах, на якія намотвалі ніткі і палатно: “навой”, “вороціло”, ці як?
Як называўся прамежак паміж ніткамі асновы: “зеў”,”рот”, ці як яшчэ?
Як гаварылі, калі кідалі ўток?
Ці адрозніваліся бёрды для рознага палатна? На колькі пасмаў рабілі бёрды? Як называлася бёрда для самага тонкага палатна: “кужэльнае”, “кужолнэ”, “сорочэчнэ”, ці як? На колькі яно было пасмаў? Ці былі бёрды для грубейшага палатна? Як называлі: “пасцілкавае”, “суконнае”, “обдірковэ”, ці як яшчэ?
Ці было нейкае прыстасаванне для намотвання (насуквання ) нітак на цэўкі? Як называлася: “сукала”, ці як? Як казалі: “сукаць”, “сучыць цэўкі”, “насукаць”, ці як?
Ці была спецыяльная прыспасоба для змотвання пражы ў клубок? Як яна называлася?
Як у вас казалі, калі ткалі: “ткаць кросны”, “рабіць кросны”, “чыніць кросны”?
Як называлі пачатак ткання: “заткаць кросны”, ці як? Як гаварылі пра канец ткання: “даткаць”, “адаткаць”, “выткаць”, ці як?
Як называлі канцы асновы: “канцаўе”, “датыкі”, “хвасты”, “махры”, “рахмачы”, “матузы”, “стыкалле”, “кунціўе”, ці як іначай? Што з імі рабілі?
Як гаварылі, калі скручвалі ў сувой: “скруціць”, “скачаць”, “згарнуць”, ці як?
Як называлі скручанае палатно: “сувой”, “труба”, “сувалак”, “пастаў”, “суверцень”, “сугруб”, “качалкі”, “своец”, ці як? 

Тэхнікі ткання


Простае ткацтва
Ці ткалі ў вас палатно ў два ніты (у два цапы)?
Якое: кужаль, палатно, зрэб’е, радно, якое яшчэ? З ільну ці з воўны?
Якія рэчы рабілі ў два ніты: посцілкі, хусты-абхінанкі, спадніцы, што яшчэ?
Ці снавалі каляровымі ніткамі? Ці ператыкалі каляровым утком?
Ці ператыкалі чырвонымі ці іншага колеру палоскамі па палатне і для чаго: ручнікоў, кашуль, яшчэ чаго?
Ці ткалі што палоскамі або клеткамі (“кратамі”)? 

Шматнітовае ткацтва
Ці ткалі ў вас у тры ніты? Як называлася палатно? З ільну ці з воўны? Што
з яго рабілі: ручнікі, абрусы, ці яшчэ што?
Як падвязвалі ніты?
Як хадзілі па панажах? Можа, ткалі палатно ў тры ніты (“у трыбушкі”), ці спадніцы (“убіванкі”) ?
Якія тканіны рабілі ў чатыры ніты (у чатыры цапы)? З ільну ці з воўны? Як называлася палатно? Што з яго рабілі?
Якія вытыкалі ўзоры (“у кэскі”, “у елачку”, “у касіцы”, “кажушок”,” рыбная шалушка”, “у грэчачку”, “у сачывічку”, “у гарошак”, “у вочкі”, якія яшчэ)?
Як накідалі кожны з узораў? Як хадзілі па панажах?
Які ўток пракідвалі?
Ці ткалі ў чатыры ніты з двума чоўнікамі? Якія ніткі бралі на аснову, якія — на ўток?
Як накідалі? Як хадзілі па панажах?
Як называлася палатно? Якія вытыкалі ўзоры?
Можа, казалі: “дымкі”, “ арцабы”, “у краты”, “мяцеліца”, “дэсы мандэлі”, “ламонікі”, “цераз ніт”, “цераз понаж”, “цераз цапок у цэпы”, ці яшчэ як?
Ці ткалі ў вас у пяць нітоў? Як называлася палатно (“у вілейку”, “у кружкі”, “у крыжыкі”)? Што з яго рабілі? Як падвязвалі ніты? Як хадзілі па панажах?
Ці ткалі ў вас у шэсць нітоў, у восем, дванаццаць, шаснаццаць нітоў? Як падвязвалі ніты? Як называлі палатно?
Як накідалі ў ніты? Як хадзілі па панажах? У колькі чоўнікаў ткалі? Што рабілі з гэтых тканін? 

Закладное ткацтва
Ці ткалі так, калі закладвалі каляровыя ніткі ўручную па простым палатне (“закладанкі”, “у заклады”, “у матрушкі”)? Якое пры гэтым ткалі палатно: у 2 ці 4 ніты?Як закладалі: пад палатно, ці пад рыпс (ці паркі)? Што аздаблялі: ручнікі, падолы кашуль, фартухоў, ці што яшчэ?
Дзе рабілі заклады? Якімі колерамі? Як называліся ўзоры?
Як рабілі разварот дзвюх нітак, якія высцілалі ўзор: на суседніх нітках, абедзьве — на адной і той жа, ці яны счэпліваліся паміж сабой? 

Бранае ткацтва
Ці ткалі ўзорыстае палатно пры дапамозе дошчачкі-бральніцы (“перабіранне”, “пераборы”, “набіранне на дошку”, “браннё на матузах”, “ператыканне”)?
У колькі пруткоў (дошчачак, матузоў, нітоў)?
З адным чоўнікам ці з двума?
Як называліся такія тканіны? Якія выраблялі ўзоры?
Што рабілі з такога палатна?
Ці рабілі на палатне браныя ператыкі: гладкія ці зубчатыя? На якіх выра-бах? 

Пераборнае ткацтва
Ці ткалі ў вас перабіранкі?
Можа, казалі: “перабор пад палатно”, “перабор пад рыпс”, ці “пад паркі”?
Можа, ткалі посцілкі “ў пуплы”, “у вузлы”, “цяганы”, “выцяганкі”, “цяганкі”?
Можа, перабіралі “ў троечкі”, “троечкамі”?
Можа, казалі: у “прашэсце”, “укладанае”, “выбіранае”, “закладанае”, “выкладанае”, “у ніткі”, “у шмат ніткоў”, “у матузы”, “падыманае”, “перабіранае”, “падбіранае”, “набіранае на дошку”, ці іначай?
Ці рабілі перабор “пад слупок”? Як называлі тыя ніткі, якія падымалі асобна, каб замацаваць узор: “страчавыя ніткі”, “строчкі”, “падлепкі”, ці іначай?
Ці на ўсю шырыню палатна пракідвалі чаўнок з каляровай ніткай?
Як ткалі такіятканіны: добрым бокам уверх ці ўніз?
Як называлі такую тканіну? 

Выбарнае ткацтва
Ці было ў вас такое перабіранне, калі ўзор выбіраецца не па ўсёй шырыні, а выбарна (“накладанае”, “у матрушкі”), калі ўзор перабіраецца на дошчачку, кожны атрыманы зеў фіксуецца пруткамі або паўнітамі — матузамі за нітамі. Узорны ўток закладваецца не на ўсю шырыню, а асобнымі ўчасткамі. На які бок ткалі ўверх: левы ці правы? 

Падвоенае ткацтва
Ці ткалі ў вас у дзве асновы, падвойныя дываны? Як снавалі, як накідалі ў ніты?
Як называлася дошчачка, якою выбіралі малюнак? 

Двайное ткацтва
Ці ткалі адным утком падвойныя ці двайныя тканіны для посцілак? З якой пражы? Палатном ці рыпсам? Палосамі, клеткамі, ці гладка? Ці ткалі посцілкі “пасякі”, ці “ў радугі”? Калі з’явілася такая мода? 

Ажурныя тканіны
Ці ткалі ў вас рэдкія тканіны — “рэдчыкі”? Ці такія, каб па простым палатне былі акенцы з рэдкай тканінай? Як яны называліся? Што з іх рабілі: фіранкі, полагі, ручнікі, посцілкі, абрусы?
Як накідалі ў ніты і ў бёрды? Як кідалі чоўнік?
Ці былі такія рэдкія палотны, у якіх потым перавівалі ніткі па аснове ці ўтку? 

Валюшнае рамяство
Ці рабілі ў вашай мясцовасці вопратку з валянай (катанай) воўны? Як называлі катаную воўну: лямец, ці іначай?
Якое шылі адзенне: сярмягі, буркі, якое яшчэ?
Ці рабілі шапкі (магеркі, брылі), валёнкі, конскую збрую?
Апішыце па парадку, што рабілі з воўнай пасля таго, як пастрыглі авечак, каб атрымаць валяныя пляйстры:– мылі;– часалі;– мачылі;– разбівалі;– раскотвалі ;– церлі;– сушылі;– абпальвалі.
Як называліся ўсе неабходныя прыстасаванні для валяння?
Як кроілі адзенне з такога матэрыялу?
Як фармавалі валёнкі ці шапкі?
Ці былі майстры, якія займаліся вырабам валёнак, зімовай вопраткі, шапавалы?

Валянне тканага палатна
Што рабілі з вытканым сукном, кааб яно было шчыльнейшым, мякчэйшым (валілі, білі, мялі, ці іначай)?
Як гэта рабілі: мялі, круцілі ў ногі, ці як яшчэ?
Рабілі гэта ў нейкай пасудзіне, на падлозе, як яшчэ?
Можа, былі спецыяльныя валюшні (фалюшы)?
Якое адзенне шылі з такога сукна?

Паясы
Ці падпяразваліся пры вашай памяці тканымі паясамі? Хто: мужчыны, жанчыны, дзеці (з якога ўзросту)?
Як іх завязвалі?
Хто рабіў паясы? Дзяўчаты,ці жанчыны, бабулі?
Ці рабілі маладым да вяселля паясы?
У якіх сітуацыях выкарыстоўвалі пояс на вяселлі? Ці дарылі паясы?
Ці чаплялі над вакном, павязвалі на каня, дзе яшчэ?
Ці адрозніваліся жаночыя, мужчынскія і дзіцячыя па шырыні, узоры, колеры?
Ці павязвалі пояс нябожчыку?
Ці рабілі спавівач? Якой даўжыні і якога колеру?
З якіх нітак рабілі паясы? З воўны, ільну, бавоўны? Якога колеру?
Якую даўжыню мелі паясы? Якую даўжыню нітак трэба было наснаваць на адзін пояс?Якую шырыню?
Як называліся краі ўздоўж пояса: беражкі, абложкі, вокладкі, пружкі, ці іначай?
У колькі нітак рабілі беражкі? Якія колеры снавалі на іх? З якімі прыстасаваннямі ткалі паясы ў вашай вёсцы:
— на бердзечку:
Якога памеру было бердзечка?
Колькі нітак можна было ў яго заправіць?
— на ніту:
Як снавалі: укругавую, ці з глухім канцом?
Колькі нітак снавалі на пояс: колькі — на ўзор і колькі — на беражок?
Снавалі пучкамі, троечкамі, двоечкамі, можа, як іначай?
Як ткалі: у палосы ці ўзорам?
Калі узорам, то як выбіралі ўзор?
Якога колеру быў фон, якога — узор?
Як казалі: выбіраць, перабіраць узор, ці іначай?
Якую нітку бралі на ўток?
Якой шырыні атрымліваўся пояс?
Ці былі такія тканыя ўзорныя паясы, каб узор мяняўся ад пачатку да канца?
— на дошчачках:
Колькі дзірачак мела дошчачка?
Якога яна была памеру?
Колькі дошчачак бралі на адзін пояс?
Як набіралі колеры?
Як складалі дошчачкі на ўзор: у адзін бок ніткамі, ці ў розныя?
Як трэба было складаць дошчачкі да ткання, каб пояс не перакручваўся?
Як запраўлялі дошчачкі, каб не заблытацца ў нітках?
Як круцілі дошчачкі: увесь час у адзін бок, ці паварочвалі?
Што рабілі, калі свабодныя ніткі пры тканні закручваліся?
Як называлі ўзоры, якія атрымліваліся пры тканні?
Якой шырыні пояс атрымліваўся?
Як прыбівалі ўток, каб тканыя паясы былі шчыльныя? Ці выкарыстоўвалі якія прыспасобы для прыбіўкі? Як казалі, калі пояс атрымліваўся няшчыльны?
Як ткалі паясы: нацягваючы на назе, ці прывязвалі яго да сцяны, ці яшчэ да чаго?
Як называліся ўзоры: “сырнічкі”, “ступа”, “елачка”, “грабелькі”, “вочкі”, “кружок”, “огнівак”, “капыцік”, “арэшак”, як яшчэ?
— на калодачцы, катушачцы:
Як гаварылі: “віць”, “плесці”, “вязаць на калодачцы”, можа, іначай?
Як выглядала калодачка?
Якога памеру рабілі катушачку?
Колькі было на ёй цвічкоў?
З якіх нітак рабілі пояс?
Ці змяшчалі ў сярэдзіну пояса ніткі, апроч той, што перавівалася?
Як пачыналі вырабляць пояс?
У якой руцэ трымалі калодачку?
Як перавівалі: па сонцы ці наадварот?
— плялі, перабіраючы ніткі пасярэдзіне нацягнутай асновы:
Як мацавалі ніткі: на сцяне, можа, на сякерах, як яшчэ?
Як снавалі: на палачкі, ці як іначай?
Рабілі такія паясы ў адзін колер, ці снавалі рознымі ніткамі?
Як трэба было нацягваць ніткі: моцна ці не дужа?
У якім парадку перабіралі ніткі пры пляценні?
Якое атрымлівалася палатно?
Ці можна было рабіць рознае палатно і розны ўзор?
Як злучалі петлі пасярэдзіне? Ці аздаблялі шво іншым колерам?
Якую шырыню і даўжыню меў пояс?
Як упрыгожвалі канцы такога пояса?
— на вілачцы (пляцёнка):
У колькі нітак рабілі такія паясы?
Як набіралі ніткі?
Якія атрымліваліся ўзоры?
— на пальцах:
Пакажыце і апішыце ў словах, як гэта рабілі.
— вязалі вузельчыкамі:
У колькі нітак? Як мацавалі ніткі? Ці можна было рабіць нейкія ўзоры?
Пакажыце, як вязалі вузлы.
— вілі з дзвюх пасмаў:
З якога матэрыялу вілі: з ільну, пянькі, воўны, конскага воласа, з чаго яшчэ?
Якім спосабам, акрамя апісаных, маглі яшчэ рабіць паясы?
Як аздаблялі канцы: кутасамі, махрамі, пампонамі, як яшчэ? Як называлі кутасы?
Апішыце, калі ласка, па парадку ў словах, як рабілі пояс тым ці іншым спосабам. Калі можна — здыміце на відэакамеру працэс снавання, запраўкі і вырабу зблізку; калі няма відэакамеры, то зрабіце серыю фотаздымкаў у розныя моманты працы майстра.

Назвы ўзораў
Як называўся ўзор, які рабілі фарбаванымі ніткамі на палатне: “аздоба”, “украса”, ”цацкаванне”? Ці іначай?
Ці знаёмы вам такія назвы ўзораў:
балонкі
вада
вакенцы
вавёрка
васількі
вочкі
вяночак
грабелькі
дубчык, дубок
дымкі
у драпкі
елачка
у жучкі
зоркі
у зубры
у кветкі
касіца
кучараўкі
крывулькі
казельчыкі
кашэчая лапка
капыцік
калатушкі
ключыкі
кіёчкам
кругі, кружкі
коска
катушкі
крыжыкі
лісты
люлькі
лукатка
маланкі
месяц
огнівак
павукі
пеўні
у ромбы
птушкі
сабачкі
січок
шпора
шашкі?
Якія яшчэ вы можаце ўспомніць? Як яны называліся? Дзе вытыкаліся? Як накідалі і выраблялі?
Ці былі нейкія павер’і, прыкметы, забароны, звязаныя– з прадзеннем;– са снаваннем;– з тканнем;– з палатном?
Што раней людзі казалі пра гэтыя віды работы?
Ці можна было глядзець у “зеў”, праз ніты? Чаму нельга? Калі можна — для чаго?
Якія павер’і былі звязаны з новым палатном?нікамі? Якія ніткі бралі на аснову, якія — на ўток?
Як накідалі? Як хадзілі па панажах?
Як называлася палатно? Якія вытыкалі ўзоры?
Можа, казалі: “дымкі”, “ арцабы”, “у краты”, “мяцеліца”, “дэсы мандэлі”, “ламонікі”, “цераз ніт”, “цераз понаж”, “цераз цапок у цэпы”, ці яшчэ як?
Ці ткалі ў вас у пяць нітоў? Як называлася палатно (“у вілейку”, “у кружкі”, “у крыжыкі”)? Што з яго рабілі? Як падвязвалі ніты? Як хадзілі па панажах?
Ці ткалі ў вас у шэсць нітоў, у восем, дванаццаць, шаснаццаць нітоў? Як падвязвалі ніты? Як называлі палатно?
Як накідалі ў ніты? Як хадзілі па панажах? У колькі чоўнікаў ткалі? Што рабілі з гэтых тканін?