Тыдзень Кубы

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

У галерэі "Акадэмія" Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў завяршыліся мерапрыемствы Тыдня кубінскай культуры, арганізаванага Пасольствам Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы БДАМ.

 Тыдзень сапраўды насычаны падзеямі, сярод якіх асаблівую цікавасць выклікае выстаўка кубінскага плаката з калекцыі Пасольства Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь і з прыватнай калекцыі рэктара Акадэміі, прафесара Міхаіла Баразны.

Прадстаўленыя плакаты ахопліваюць самую розную тэматыку: ад палітыкі ды культуры да народнай гаспадаркі і асветы. Многія работы прысвечаны кубінскай рэвалюцыі.

Шэраг плакатаў выкананы ў тэхніцы шаўкаграфіі вядомым майстрам Феліксам Белтранам. Яго творы можна ўбачыць у вядучых музеях свету. У галерэі ж "Акадэмія" прадстаўлены плакаты Ф.Белтрана "А"- гэта першая літара алфавіта", "Антыімперыялістычнае адзінства" і дзве работы, прысвечаныя Анжэле Дэвіс.

Не менш цікавыя творы іншага вядомага кубінскага дызайнера і плакатыста Альда Менендэза на тэмы 70-годдзя з дня нараджэння кубінскага паэта Нікаласа Гілена і выставак Нацыянальнага музея лацінаамерыканскай краіны.

Кацярына КЕНІГСБЕРГ