“Са святам Коласа!”

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Словы гэтыя, якія прамаўляліся з душэўным хваляваннем, сардэчнасцю і бляскам у вачах, у суботні дзень сярэдзіны верасня гучалі па ўсёй Стаўбцоўшчыне. На шматлікіх пляцоўках у Стоўбцах і раёне ладзілася Рэспубліканскае свята паэзіі ў гонар 125-годдзя з дня нараджэння Песняра зямлі беларускай Якуба Коласа. Галоўная імпрэза Свята паэзіі мелася адбыцца ва ўрочышчы Бервянец недалёка ад Мікалаеўшчыны. А напярэдадні аблвыканкам, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музея Якуба Коласа прапанавалі гасцям свята і журналістам наведаць мемарыяльныя коласаўскія сядзібы. Мясціны гэтыя даўно ўжо сталі своеасаблівай Мекай для аматараў яго творчасці, сучасных паэтаў. І, як сказаў у сваім выступленні дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Валерый Максімовіч, дзякуй Богу, што ёсць гэтая крыніца натхнення, што нам ёсць куды вяртацца.

/i/content/pi/cult/130/652/Kolas1.jpg 
 Сядзіба ў Смольні.
Калі ж гаварыць пра агульнае ўражанне ад гэтай паездкі, дык яго можна перадаць двума словамі— натуральнасць і шчырасць. У коласаўскіх мясцінах сустракалі па-святочнаму апранутыя сяляне, вучні мясцовых школ з кветкамі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, навучэнцы Стаўбцоўскай і Дзераўнянскай дзіцячых школ мастацтваў. Былі падрыхтаваны выстаўкі дзіцячай творчасці і міні-канцэрты.
Акінчыцы. Тут, на хутары, у лістападзе 1882 года нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч— будучы народны паэт Якуб Колас. Тут рабіў ён свае першыя дзіцячыя крокі, слухаў матуліну калыханку. Уражвае ўсё: і непаўторная аура сядзібы, і экскурсія, і калыханка ў выкананні 79-гадовай мясцовай жыхаркі Соф’і Камароўскай. Гучаць вершы сучасных паэтаў, песні на словы Якуба Коласа. Мы едзем далей, а свята ў Акінчыцах працягваецца.
Альбуць. Ужо на падыходзе да сядзібы (сёння тут філіял Музея Якуба Коласа) сустракае — традыцыйнымі народнымі спевамі— узорны ансамбль “Жавароначкі” Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў.
У Альбуці прайшлі 12 гадоў дзяцінства народнага паэта, якія запалі ў душу і выліліся потым на старонкі яго твораў, той жа “Новай зямлі”. Многія наведвальнікі коласаўскіх мясцін памятаюць, як цудоўна, так што мала хто з прафесійных артыстаў мог з ім параўнацца, чытаў на памяць паэму “Новая зямля” коласаў дзядзька Юзік. Сёння гэтую чытальніцкую эстафету пераняў унучаты пляменнік паэта Георгій Камароўскі, які працуе старшым навуковым супрацоўнікам у музейнай сядзібе ў Альбуці і таксама можа па дзве гадзіны запар чытаць паэму на памяць.
Як і абяцалі сіноптыкі, псуецца надвор’е. Але гэта не сапсавала святочны настрой. З
 /i/content/pi/cult/130/652/Kolas2.jpg
задавальненнем знаёмімся з дзіцячымі выстаўкамі жывапісных работ, народных рамёстваў, пякарскага майстэрства. Зноў выступаюць паэты, прытым не толькі нашы: “у госці да Коласа” завіталі і расіяне — паэты з Санкт-Пецярбурга.
Смольня. Калісьці дзядзька Антось з’ездзіў на Уздзеншчыну, набыў там гэтую хату, потым зрабіў плыт і перавёз яе па Нёмане ў Смольню. У гэтай хаце Коласа чакалі з турмы, куды ён трапіў за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе. Тут дагэтуль растуць пяць пасаджаных паэтам ліп. І тут 95 гадоў таму адбылася першая сустрэча Купалы і Коласа. Як распавёў падчас святочнага канцэрта (па ўспамінах бацькі) сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, Колас да той сустрэчы набыў нават новую вопратку, якая, здавалася, не так і добра на ім сядзела. З пункта гледжання Коласа, гэта была сустрэча не толькі двух вядомых ужо літаратараў: шляхціч ехаў у госці да селяніна. І Колас хваляваўся: яму хацелася, каб Купалу было ўтульна ў гэтай хаце, каб спадабалася тут. Але як толькі сустрэліся, Купала і Колас адразу зразумелі адзін аднаго. А шчырая гутарка за сталом паклала пачатак іх сяброўству на ўсё жыццё. Чыя роля большая ў літаратуры і гісторыі Беларусі — Купалы ці Коласа? Гэтае пытанне на свяце гучала неаднойчы, адказ заўсёды быў прыкладна аднолькавы: яны неразрыўныя, як два берагі, што ахінаюць Нёман.… Дождж, між тым, узмацняўся. На пад’ездзе да Мікалаеўшчыны ён быў ужо праліўны. Але ля помніка Коласу нас чакала шмат народу. Надоўга запомніцца гэты мітынг пад парасонамі, прыгожае, палымянае выступленне дырэктара Музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай.
 /i/content/pi/cult/130/652/Kolas4.jpg
 Выступае народны ансамбль “Славяначка”.
Саграваемся гарачай, прыгатаванай, мусіць, акурат па рэцэпце, пададзеным у “Новай зямлі”, верашчакай з блінцамі і, крыху пачакаўшы, пераязджаем у Новасвержанскі цэнтр культуры: сюды арганізатары перанеслі працяг мерапрыемства.
Святочны канцэрт пачынаецца без ніякага намёку на экспромт. Узнёсла, пранікнёна дэкламуе коласаўскія вершы народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая выступае разам з дзецьмі-ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Увогуле, вельмі шмат гучала ў гэты дзень паэтычных радкоў. Часам яны ўражвалі, калі выступалі вядомыя паэты, а часам, калі свае творы чыталі паэты-пачаткоўцы, краналі яшчэ больш. І ўжо, на агульную думку, проста выдатна выступалі чытальнікі-дзеці.
Нават аналіз ролі Якуба Коласа — слыннага паэта, празаіка, навукоўца, грамадскага дзеяча, настаўніка — паспеў зрабіць падчас свайго выступлення намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц. Паведаміў і пра тое, што пабачылі свет першыя тамы падрыхтаванага Інстытутам літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук чарговага, 20-томнага выдання твораў Якуба Коласа. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы, у сваю чаргу, распавёў: на Украіне літаральна нядаўна 6-тысячным тыражом выдадзена коласаўская “Новая зямля” на ўкраінскай мове. Паэт і кіраўнік радыёстанцыі “Беларусь” Навум Гальпяровіч расказаў, што гэтая радыёстанцыя распачала чытанне “Новай зямлі” па-польску.
Пра тое, што Стаўбцоўшчына — калыханка коласавага натхнення, нагадаў у сваім выступленні старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзімір Місько.
Дзве вельмі цікавыя музычныя кампазіцыі— у адной з іх пераклікаліся, амаль як на вясковым вяселлі, гармонікі, да якіх далучаліся дудкі, цымбалы, барабаны, а ў другой — гучалі тры дуды з аркестрам — прапанаваў на суд гледачоў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча. Прачула прагучала “Полька-выхвалянка” ў выкананні “Аношкаўскіх музыкаў” з Нясвіжчыны.
Хораша глядзелася харэаграфічная кампазіцыя “Арэлі” ў выкананні навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Уразіў прыгожым моцным голасам саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Дзмітрый Сяргееў. Вянок жніўных песень натхнёна выканаў Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча.
Гэта быў добры канцэрт, няхай і ў вясковай, але ў сучаснай, добра аформленай зале, на сцэне з сіняй заслонай, расшытай залатымі каласамі. І тыя, для каго гэта было важна, на канцэрт прыйшлі. І ўсе, хто выступаў на сцэне, выступілі годна, адпаведна ўрачыстасці моманту.

Наталля РУСАК
Мінск — Стаўбцоўскі раён — Мінск
Фота аўтара