Прэмія “з бонусам”

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Прыём заявак на Нацыянальную музычную прэмію ў галіне эстраднага мастацтва павінен быў завяршыцца 1 лістапада. Але— прадоўжаны да 15-га! Можа, гэта шанц менавіта для вас?

 

Паводле шматлікіх намінацый, выбірацца будуць 16 лепшых: песня (асобна- яшчэ і беларускамоўная), жаночы і мужчынскі вакал, музычны гурт, аўтары музыкі і слоў, альбом, канцэрт, кліп, журналіст (музычны крытык), прадзюсар, гастрольны тур ды іншыя. Для мэтраў - намінацыя "За ўклад у развіццё беларускай эстрады". Для дзятвы - "Зорачка года (лепшы юны выканаўца)". Для дэбютантаў - "Адкрыццё года". А яшчэ ж ёсць і спецыяльныя прызы! Таму - спяшайцеся зрабіць адкрыццё сваіх здольнасцей і дасягненняў! Але цягнуць да 15-га лепей не трэба. Што, калі раптам акажацца: у сабраных дакументах чагосьці не хапае?

 - Як звычайна, большасць заявак прыпадае на апошнія дні, - адзначае начальнік канцэртнага аддзела Маладзёжнага тэатра эстрады Ірына Пазнякова. - Таму і быў прадоўжаны тэрмін - гэта, лічыце, бонус для тых, хто мог спазніцца...

 Тое ж пацвердзіла дырэктар прадзюсарскага цэнтра тэлеканала "СТБ" Настасся Гузель-Ганіева: "З кожным днём заявак паступае ўсё больш. І гэта добры знак: чым больш заявак - тым больш магчымасцей выбару будзе ў адборачнай камісіі, якая пакіне ў кожнай з намінацый трох прэтэндэнтаў для далейшага абмеркавання".