Каляндар і бюджэты

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Шэраг пытанняў, у тым ліку звязаных з унясеннем у Спіс гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO найлепшых узораў матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей нашай краіны, будзе разглядацца ў рамках 36-й сесіі Генеральнай канферэнцыі.

 

Яна пройдзе з 25 кастрычніка па 10 лістапада ў Парыжскай штаб-кватэры арганізацыі. Як паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі, у рабоце сесіі прыме ўдзел і айчынная дэлегацыя на чале з паслом па асобых даручэннях, старшынёй Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах UNESCO Уладзімірам Шчасным.

 Праграма работы беларускай дэлегацыі прадугледжвае сустрэчы з кіраўніцтвам міжнароднай арганiзацыі, а таксама кансультацыі з кіраўнікамі нацыянальных дэлегацый па адукацыйных і культурных праектах, сумеснай дзейнасці па захаванні агульнай культурнай спадчыны ды іншых пытаннях, якія ўяўляюць цікавасць для нашай краіны. У прыватнасці, будзе разглядацца пытанне па ўключэнні святкавання 1150-годдзя Полацка ў Спіс юбілейных дат UNESCO на 2012-ы.

Плануецца, што на сесіі будзе зацверджана праграма работы і бюджэт арганізацыі на 2012 - 2013 гг. па кожнай з асноўных праграм: адукацыя, натуральныя, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, культура і камунікацыя, а таксама будзе разгледжаны праект праграмы і бюджэту на 2014 - 2015 гг.