З Ліёзненскага раёна Віцебскай вобласці прыйшла добрая навіна: напярэдадні Дня работнікаў культуры быў капітальна адрамантаваны мясцовы РДК. А першыя канцэрты ў ім адбудуцца з нагоды Дня маці.
Як распавяла "К" начальнік аддзела культуры Ліёзненскага райвыканкама Марыя Казакевіч, рамонт у цэнтральнай установе культуры распачаўся ў маі, а скончыўся 7 кастрычніка. Усяго на рамонтных работах было асвоена два з паловай мільярды рублёў.
- За гэтыя грошы мы адрамантавалі дах, паставілі шклопакеты, дзверы, давялі да ладу ўнутраныя памяшканні, - паведаміла Марыя Станіславаўна, - а таксама ўстанавілі новую мэблю. Раённыя ж улады падарылі нам новую гукаўзмацняльную апаратуру для правядзення канцэртных мерапрыемстваў...
Як пераканана Марыя Казакевіч, установа культуры займее больш магчымасцей для выканання плана платных паслуг. Бо ў РДК цяпер створаны ўсе ўмовы, каб прымаць зорак эстрады, творчыя калектывы, а таксама праводзіць мерапрыемствы раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабу.
На здымку: Ліёзненскі РДК у час рамонтных работ.