Рарытэтны ўзор крыжыка

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Што абяцала “спагаду” Перуна?

/i/content/pi/cult/346/6500/pic_51.jpgЧарговым крокам у справе дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ўстаноў культуры і бізнесу стала перадача Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь ад аднаго з буйных айчынных банкаў вялікай калекцыі рарытэтаў: 168 язычніцкіх амулетаў і хрысціянскіх крыжоў, што былі выкуплены ў збіральніка прадметаў даўніны.

Пабачыць калекцыю можна было цягам усяго толькі трох дзён, пад час якіх каштоўныя прадметы дэманстраваліся ў музеі. А ўжо зараз распачалася яе музейная апрацоўка, што ўключае карпатлівую працу па апісанні кожнага з перададзеных прадметаў, унясенні іх у электронную базу даных. Акрамя таго, прадугледжваецца іх навуковая апрацоўка. Да гэтай працы плануецца прыцягнуць айчынных гісторыкаў якія спецыялізуюцца на вывучэнні рэлігійных старажытнасцей Х - XVI стст.

Як адзначыў загадчык аддзела археалогіі, нумізматыкі/i/content/pi/cult/346/6500/pic_52.jpg і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі, каштоўнасць уяўляе з сябе ўся калекцыя ў сукупнасці як адзінае цэлае. Дзякуючы падтрымцы банка музей закупіў ці не самы буйны ў краіне збор культавай пластыкі. Пры гэтым калекцыя дазваляе адлюстраваць рэлігійныя ўяўленні людзей ад дахрысціянскіх часоў да XVII ст. І хоць, на думку спецыяліста, практычна кожны з перададзеных прадметаў мае свае аналагі, у той жа час, у калекцыі прадстаўлены і ўнікальныя для нашай краіны крыжы, якія маюць вялікую навуковую і музейную каштоўнасць.

Па словах Мікалая Плавінскага, гэтая калекцыя збіралася цягам доўгага часу. Пры гэтым, многія з прадметаў закупляліся калекцыянерам, у тым ліку праз пасрэднікаў, а таму іх першапачатковае месцазнаходжанне сёння высветліць, на жаль, малаверагодна. Хаця для некаторых прадметаў удалося ўстанавіць хаця б прыкладную лакалізацыю.

Якое ж значэнне мае збор для вывучэння айчыннай гісторыі? Як вядома, да канца Х ст. на беларускіх землях, як і ва ўсёй Усходняй Еўропе, панавала язычніцтва. Адной з яго характэрных асаблівасцей пантэізму было выкарыстанне амулетаў. У залежнасці ад сваёй формы, кожны амулет меў пэўнае значэнне. Да прыкладу, упрыгожанне ў выглядзе сякеркі, якое таксама прадстаўлена ў новай калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, адлюстроўвала прыналежнасць свайго ўладальніка да дружыны і мусіла забяспечваць спагаду Перуна. У сваю чаргу, амулеты ў выглядзе лыжачак ці ключоў, што вырабляліся выключна для жанчын, мусілі прынесці дабрабыт у дом. І хоць прадстаўленыя ў калекцыі амулеты - фактычна язычніцкія, аднак, на думку Мікалая Плавінскага, яны датуюцца ХІ - ХІІ стст. і, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца перажыткамі дахрысціянскіх уяўленняў. З агульнай жа колькасці калекцыі такія язычніцкія артэфакты складаюць досыць малую частку - менш за 20 прадметаў, у адрозненне ад разнастайных нацельных крыжоў.

/i/content/pi/cult/346/6500/pic_53.jpgРаспаўсюджанне апошніх непасрэдна звязана з прыняццем хрысціянства. І хоць з гэтага часу наш край пачаў развівацца ў агульнаеўрапейскім рэчышчы, тым не менш, даволі працяглы час захоўваліся адметныя асаблівасці язычніцкага светаўспрымання. Акрамя таго, вялікі ўплыў на насельніцтва нашага краю аказалі варагі, чые мастацкія традыцыі адлюстраваліся ў з'яўленні на беларускіх землях шэрагу разнавіднасцей нацельных крыжыкаў, у тым ліку своеасаблівага "скандынаўскага тыпу".

Як адзначыў Мікалай Плавінскі, многія з прадстаўленых у калекцыі крыжоў-энкалпіёнаў з'яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва, дзе ўвасобіліся традыцыі сярэднявечнага бронзаліцейнага рамяства. У гэтым шэрагу ўнікальных прадметаў спецыялісты вылучаюць срэбны пазалочаны крыжык з Гальшанаў і крыж-энкалпіён з выемчатай эмаллю з Мсціслаўскага раёна.

Варта нагадаць, што энкалпіёны, або, як іх яшчэ называюць, крыжы-машчавікі, складаліся з пярэдняй і задняй створак, паміж якімі закладвалі свяшчэнныя рэліквіі. На паверхні яны мелі інкруставаныя або рэльефныя выявы святых ахоўнікаў ці сюжэты на біблейскія тэмы. Гэта вельмі каштоўныя вырабы, якія досыць часта завозіліся на тэрыторыю Беларусі з паўднёвых раёнаў. Паводле звестак айчыннага археолага, прафесара Пятра Лысенкі, у свой час энкалпіёны былі знойдзены ў Полацку ў пластах XII ст., а таксама ў Навагрудку, Мінску, Брэсце і Тураве.

На думку археолага, зыходнай сыравінай для іх вытворчасці было імпартнае срэбра, якое паступала на тэрыторыю Беларусі ў выглядзе сярэбраных манет з краін арабскага/i/content/pi/cult/346/6500/pic_54.jpg ўсходу і Заходняй Еўропы. Паступленні былі, відаць, даволі вялікія, бо дазвалялі засяроджваць у асобных р у к а х в е л ь м і значную маёмасць. Згадайма хаця б мінскага князя Глеба Усяславіча, які ў 1119 г. завяшчаў Кіева-Пячэрскаму манастыру 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата, што складала, адпаведна, каля 120 і 10 кілаграмаў гэтых каштоўных металаў. Прыкладна такія ж буйныя выдаткі мела і полацкая князёўна Ефрасіння ў 1161 г. пры вырабе напрастольнага крыжа, матэрыялы якога каштавалі 100 грыўняў.

Калі ж убачаць калекцыю язычніцкіх амулетаў і хрысціянскіх крыжоў госці Нацыянальнага гістарычнага музея?

Па словах Мікалая Плавінскага, плануецца, што гэтая каштоўная калекцыя знойдзе сваё ганаровае месца ў новай пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея ўжо ў наступным годзе. Акрамя таго, ёсць планы выдання каталога, дзе яна будзе падрабязна апісана, адлюстраваны характарыстыкі, памеры кожнага з прадметаў калекцыі.

На здымках: нацельныя крыжы і амулеты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея.