У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся вернісаж выстаўкі жывапісу і скульптуры "Кубанская зямля" з калекцыі Краснадарскага краявога мастацкага музея імя Ф.А. Каваленкі.
У экспазіцыі - рэтраспекцыя: 55 карцін 46 мастакоў, творчасць якіх ахоплівае перыяд з 1948 года па сённяшні дзень. Сярод аўтараў - народныя мастакі Расіі В.Нечытайла і В.Мардовін, а таксама шэсць жывапісцаў са званнем заслужаных дзеячаў мастацтваў: А.Апалонаў, С.Дудко, А.Паршкоў, В.Сідараў, С.Булгакаў, У.Жданаў.
Выстаўка вельмі разнастайная: ад "чыстага" сацрэалізму і "суровага стылю" да сучаснага авангарда, а таксама творчага асэнсавання некаторых з'яў гісторыі еўрапейскай выяўленчай культуры, як гэта робіць, напрыклад П.Бабенка ў карціне "Маціс у гасцях у Пашы" ці У.Андрушчанка ў "Нацюрморце з работай Мадзільяні". У жанравым сэнсе глядач пабачыць фігуратыўныя кампазіцыі, пейзажы кубанскай зямлі, нацюрморты, партрэты. Сярод апошніх ёсць і натурны партрэт Героя Савецкага Саюза Пятра Гаўрылава пэндзля В.Сідарава: легендарны абаронца Брэсцкай крэпасці апошнія гады жыцця жыў якраз у Краснадары.
Па вялікім рахунку, экспазіцыя - зрэз гісторыі развіцця пасляваеннага савецкага жывапісу ў "асобна ўзятым рэгіёне" з багатай урадлівай зямлёй, казачнымі сланечнікамі і вінаградам, шыкоўнымі кірмашамі і раздольнымі песнямі, а галоўнае - з цудоўнымі працавітымі людзьмі, якія гераічна выстаялі ў Вялікай Айчыннай ("Каўпак на рацэ Прыпяць" В.Авечкіна, "Паміж баямі" В.Крысіна, "Трывожныя гады" Б.Сіромы) і пасля Перамогі зрабілі Кубань залатой хлебніцай. І таму такія творы, як "Рысаводы" Р.Краўчанкі, "Сельскае свята" А.Бабаш, "Збор вінаграду" Т.Паўлавай, "Даярка Ніна Чуб" В.Нечытайлы, "Хлеб. Чырвоная каліна" Л.Самокіша ды іншыя, з'яўляюцца своеасаблівым "працоўным" летапісам жыцця народа Кубані.
На жаль, многіх аўтараў, творы якіх экспануюцца на выстаўцы, ужо няма сярод нас, але ўсе яны ўнеслі свой уклад у скарбніцу рэалістычнага мастацтва. Хаця ў экспазіцыі зусім мала прадстаўнікоў пакалення ХХІ стагоддзя, няспыннае мастакоўскае абнаўленне адчуваецца ў палотнах жывапісцаў сярэдняга пакалення, якія нарадзіліся адразу ж пасля вайны. Змяняючыся, мастацтва захоўвае цэласнасць, бо застаюцца яго асновы: светлы жыццесвярджальны пачатак, яркасць вобразна-пластычнага мыслення, прамая сувязь з зямлёй, што яго ўзрасціла, сувязь з чалавекам на ёй.
На адкрыцці выстаўкі выступілі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, паўнамоцны прадстаўнік главы адміністрацыі Краснадарскага краю ў Беларусі Алег Мурахоўскі, саветнік Пасольства Расіі ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Бірулёва, прадстаўнік Камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Сяргей Забалоцец, галоўны захавальнік Краснадарскага краявога мастацкага музея Вольга Гармаш, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Апіёк, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзімір Пракапцоў.