Да “...Шлягера” з маніторынгам

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Дванаццаты праектуе трынаццаты

/i/content/pi/cult/346/6486/pic_26.jpgУ Магілёве завяршыўся Міжнародны музычны фестываль "Залаты шлягер-2011".

Як зазначыў пад час форуму міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, Магілёўшчына вылучаецца сярод іншых рэгіёнаў яркімі самабытнымі фестывалямі і праектамі ў сферы культуры. На яго думку, важна, што гэтым разам арганізатары музычнага форуму звярнулі ўвагу на беларускіх выканаўцаў, айчыннае мастацтва і музычную спадчыну. Праект значна пашырыў сваю шматгранную палітру: гэта класічная, народная музыка, аўтарская песня, тэатральнае мастацтва.

А як паведаміў журналістам пасля завяршэння "Залатога шлягера" старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік, фестываль абышоўся бюджэту ў 700 мільёнаў рублёў. Як адзначаюць арганізатары, "Залаты шлягер" за кошт продажу білетаў і спонсарскай падтрымкі акупіў сябе прыкладна на 80 - 90%, а ў перспектыве форум плануецца перавесці на рэйкі самаакупнасці. Ёсць і задумка стварэння дырэкцыі фестывалю.

Падвесці ж іншыя творчыя ды арганізацыйныя вынікі форуму мы папрасілі начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля СІНКАЎЦА.

- Галоўнае на фестывалі, - зазначыў Анатоль Анатольевіч, - гэта тое, як яго ўспрымуць публіка і госці. Напярэдадні мы праводзілі маніторынг, высвятлялі пажаданні слухачоў і запрашалі выступіць менавіта тых, каго яны хацелі бачыць. Таму не дзіва, што і жыхары нашага горада, і ўдзельнікі свята далі яму самую высокую ацэнку. Думаю, гэта правільны падыход - улічваць пажаданні публікі. Увогуле ж, "Залатых шлягераў" сёлета было быццам некалькі: быў "...Шлягер" эстрадны, харэаграфічны, духавы, тэатральны - мы імкнуліся ахапіць усе жанры і віды мастацтваў, паўсюль знайсці свае "хіты". І, што вельмі важна, - хацелася ўшанаваць любімых артыстаў. Упершыню на нашым фестывалі для іх была зроблена "чырвоная дарожка", а знакамітасці пад'язджалі да яе - на рэтрааўтамабілях. Спадабалася і самім зоркам, і, вядома, гледачам! А яшчэ нашы славутасці папоўнілі жывапісную калекцыю: па нашай просьбе зоркі напісалі 13 выяўленчых работ - свае партрэты. Спраўдзіў фестываль і фінансавыя разлікі. Білеты былі ад 20 да 200 тысяч рублёў, і паўсюль - аншлагі. Прайшоў і шэраг бясплатных мерапрыемстваў, шмат цікавага адбывалася на вуліцах горада. А як запаліў публіку наш знакаміты ансамбль "Бяседа"! Ён браў удзел у канцэртнай праграме "Карагод дружбы", дзе выступаў разам з творчымі калектывамі і выканаўцамі з Расіі ды Украіны. Усяго не пералічыць! І ўсё прайшло - на найвышэйшым узроўні. Адно, чаго цяперашняму "Залатому шлягеру", можа, крыху бракавала, - гэта конкурснай інтрыгі. Планавалі, як раней, правесці конкурс вакальна-інструментальных ансамбляў, але не набралі дастатковай колькасці ўдзельнікаў. Таму вырашылі: да наступнага фестывалю абавязкова адродзім конкурс маладых выканаўцаў, які існаваў у нас калісьці.

На здымку: Аляксандр Саладуха і Эдуард Ханок.

Фота Мікалая ЦІТОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"