Ужо сёлета Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь зможа прадставіць для сваіх замежных наведвальнікаў аўдыягіды на чатырох мовах: рускай, англійскай, французскай і нямецкай. "Віноўнікам" мультылінгвістычнай падзеі стала не толькі кіраўніцтва музея, але і васямнаццацігадовая Мірэй Барт.
Мірэй, якая нарадзілася ў нямецкім Брайзах-на-Рэйне, а сёння жыве ў французскім Сэн Луі, прыехала ў Беларусь, каб... наведаць сваіх сваякоў. Ейная бабуля - родам з Брэста, і бацька дзяўчыны параіў ёй абавязкова наведаць краіну, якая з'яўляецца яго радзімай. Так яно ўсё і здарылася. Але ж акрамя візіту да "сваіх" Мірэй апынулася на працы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як будучы артменеджар (дзяўчына плануе звязаць свае жыццё з музейнай справай) яна прапанавала свае паслугі адной з вядучых устаноў культуры краіны.
- Мірэй пераклала тэксты для аўдыягідаў тых залаў, дзе экспануецца мастацтва краін Усходу, заходнееўрапейскае, старажытнабеларускае і рускае мастацтва ХVIII стагоддзя, - кажа намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Надзея УСАВА. - Усю тую працу яна зрабіла за два месяцы. Для нас, безумоўна, гэта неацэнная дапамога. Праца такога кшталту вымяраецца ў тысячах долараў, але дзяўчына зрабіла пераклады абсалютна бясплатна. Да слова, яна вельмі адказна ставілася да справы і, ведаю, нават тэлефанавала родным, каб удакладніць пэўныя словы.
- Тэксты былі напісаны ў навуковым стылі?
- Улічваючы, што гэта матэрыял для аўдыягідаў, тэксты не перагружаліся мастацтвазнаўчай лексікай. Аднак нельга сказаць, што аўдыяльнае суправаджэнне было зусім спрошчана.
- Ці плануеце дадаць да чатырох варыянтаў аўдыягідаў пяты - беларускамоўны?
- Так. Сёння мы, дзякуючы дапамозе Мірэй, займелі аўдыягіды на англійскай, французскай, нямецкай мовах, не лічачы версіі на рускай, але ж без беларускай музей ніяк не застанецца. Запіс беларускамоўнага аўдыягіда запланаваны ў найбліжэйшыя тэрміны.
- Калі ж можна будзе скарыстацца новай паслугай музея?
- Справа ў тым, што, нягледзячы на вялізную працу Мірэй, перакладзена зусім малая частка экспазіцыі. Нагадаю, усяго ў Нацыянальным мастацкім музеі - 17 залаў, а Мірэй зрабіла пераклад толькі для некаторых з іх: прыкладна 20% ад агульнай колькасці экспазіцыйнай прасторы. Таму пакуль не будзе завершаны пераклад усёй экспазіцыі, складана казаць аб тым, калі паслуга будзе даступная. Ды ўсё ж, напэўна, у бліжэйшы час мы разгледзім пытанне аб тым, каб праца Мірэй не ляжала дарэмна ў шуфлядцы, і паспрабуем адкрыць доступ аўдыягідаў хаця б для асобных экспазіцый...
Такім чынам, дзяўчына з беларускімі каранямі пераклала сто тэкстаў на тры мовы для аўдыягідаў Нацыянальнага мастацкага. І зрабіла гэта абсалютна бясплатна.
- Мне прапанавалі менавіта гэтую працу - і я пагадзілася, - кажа сама Мірэй БАРТ. - Нічога дзіўнага. Лічу гэта добрай практыкай. Мне самой было цікава такім чынам пазнаёміцца з вашым мастацтвам.
- А што вам падалося найбольш цікавым з прадстаўленых твораў Нацыянальнага мастацкага музея?
- Для мяне было цікавым усё. Але беларускага мастацтва, на маю думку, у музеі прадстаўлена не так шмат. Увогуле, ваш музей дэманструе розныя стылі і напрамкі - гэта аказалася даволі нечаканым для мяне. У нас музейныя ўстановы звычайна канцэнтруюцца на пэўным кірунку. Вялікае ўражанне зрабілі іконы, хоць гэта зусім не той напрамак, які мяне цікавіць.
- Ведаю, што вам, нягледзячы на юны ўзрост, ужо даводзілася працаваць у некаторых музеях. Мо параўнаеце вопыт працы еўрапейскіх і беларускіх устаноў?
- Так, я жыву самастойна амаль з адзінаццаці гадоў, часу, калі паступіла ў каледж. І досвед працы - ёсць. Напрыклад - у аддзеле работы з дзецьмі ў адным з краязнаўчых музеяў маёй краіны. Але падобны аддзел існуе і ў вашай установе. Параўноўваць няпроста, але ў Беларусі мне, прызнацца, не ставала прыгожых прэзентацый выставак...
- А як вам наша Ноч музеяў?
- Гэта адваротны бок медаля! (Усміхаецца.) Людзей пад час акцыі прыходзіць вельмі шмат! З іншага боку, такі наплыў моладзі сведчыць і пра тое, што падобных арыгінальных культурных акцый у Мінску, відаць, магло б быць больш.
- Якія вашы планы пасля вяртання ў Францыю?
- Я паступіла ў адзін з найпрэстыжных універсітэтаў Германіі па сваёй спецыяльнасці і буду надалей удасканальвацца. Цяпер стаўлю сабе за мэту атрымаць стажыроўку ў адным з музеяў ЗША.
- А ў Беларусь жадаеце вярнуцца зноўку?
- Абавязкова! Планую з бацькам прыехаць у Мінск на наступную ж Ноч музеяў. Гэта ўсё ж такі было незабыўна!..
- Мірэй, наогул вы адчулі, што трапілі ў краіну продкаў?
- Я ў захапленні ад Мінска! Мне ён падаецца падобным да некалькіх славутых гарадоў Еўропы: Парыжа, Мадрыда... Цікава і тое, што некаторыя беларускія словы, якія ўжывае мой бацька, я пачула тут. Да прыкладу - "кавун". Ведаю, што па-руску гэта "арбуз".
На здымках: увесь аўдыягід можа змясціцца на вось такім носьбіце; Мірэй Барт.