“Гасцёўня Манюшкаў” у небяспечнай зоне

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Чаму тураўтобусы не спыняюцца ў Смілавічах? або Фактар “прыстасаванага памяшкання”

/i/content/pi/cult/346/6478/pic_18.jpgХаім Суцін ужо трывала "прапісаўся" ў айчыннай медыяпрасторы - пішуць і здымаюць пра яго рэгулярна. Адносна нядаўна ўсё было зусім інакш. Артыкул пра знакамітага творцу ў №2 газеты "Культура" за 1994 год пачынаецца са слоў: "Пра гэтага цудоўнага мастака, нашага земляка, на Беларусі мала што вядома...". На той момант гэта было праўдай. Грунтоўны матэрыял Барыса Крэпака стаў ці не першай у краіне сур'ёзнай спробай запоўніць лакуну. Ведаюць пра Суціна сёння і на яго малой радзіме - у мястэчку Смілавічы. Але згадаўшы мінулае, варта думаць пра перспектыву... 

Ёсць мясціны, якія можна ператварыць у турыстычныя адметнасці дзякуючы крэатыўным задумам і салідным інвестыцыям, - гэтак сама, як пустэльню можна ператварыць у сад. Смілавічы належаць да іншай катэгорыі - тых мясцін, якім проста наканавана стаць "магнітам" для турыстаў. Пра гэта ў свой час "паклапаціліся" і Суцін, і Станіслаў Манюшка, і многія іншыя выхадцы з таго кутка... Адпаведна, ствараць турпрынады "з нуля" тут няма ніякай патрэбы. Варта толькі дбайна распарадзіцца пакінутымі нам у спадчыну "актывамі".

Выправіцца ў Смілавічы - ці не самы хуткі ды танны спосаб адчуць сябе паўнавартасным турыстам. Усяго паўгадзіны дарогі ад Мінска - і ты ўжо нібы ў іншым вымярэнні... Тым больш, неабавязкова ехаць туды спецыяльна. Мястэчка знаходзіцца ля магістральнай магілёўскай трасы. Турыстычныя аўтобусы ездзяць па ёй не так часта, як хацелася б. Чаму? Як патлумачыў адзін з прафесіяналаў турбізнесу, адна з прычын у тым, што ехаць да Магілёва - каля 200 км, а спыніцца па дарозе, каб убачыць нешта цікавае, няма дзе.

Дык чаму ж тыя аўтобусы не спыняюцца ў Смілавічах?

 

Музей па замове

Прыехаўшы ў Смілавічы, скіраваўся на пошукі Музея Суціна ў Доме дзіцячай творчасці. Ды, як выявілася, знайсці яго без дапамогі мясцовых жыхароў не варта нават і спрабаваць. Будынак месціцца наўзбоч ад цэнтра мястэчка, а ніводнага ўказальніка, які скіроўваў бы ў яго бок, мной выяўлена не было. Здавалася б, пра інфармацыйнае забеспячэнне турмарштрутаў гаварылася ўжо вельмі шмат, ды і асаблівых сродкаў вырашэнне той праблемы не патрабуе. Аднак...

Экспазіцыя музея папраўдзе "цэліць у яблычак", бы той чароўны дыван-самалёт, пераносячы наведвальніка ў кавярню на Манпарнасе. Сродкі - простыя, але густоўныя: антураж, музыка, кава... Аўтары канцэпцыі Уладзімір Шчасны і Надзея Усава пераканаўча засведчылі, што добры музей можна стварыць нават, лічы, "з нічога" (як вядома, ні твораў Суціна, ні звязаных з ім артэфактаў на Беларусі няма). Бо галоўнае - гэта крэатыў. Удалая задума не губляецца нават ва ўмовах "прыстасаванага памяшкання".

Кававарка па-ранейшаму спраўна функцыянуе. Экскурсаводам стала метадыст Дома творчасці Святлана Хасіневіч. Менавіта ёй нададзены і пачэсны статус "захавальніцы ключоў".

Як наведаць музей? Алгарытм - наступны: знайсці ў Інтэрнэце нумар мабільнага Святланы Якаўлеўны, загадзя патэлефанаваць ёй і дамовіцца пра час сустрэчы.

- Я не адмаўляю нават групам з некалькіх чалавек, прыходжу сюды і ў выхадныя, - запэўніла яна. - Адзінае што... Галоўнае, каб я была на месцы: у мяне ж ёсць і асноўная праца, часам даводзіцца ездзіць у камандзіроўкі...

Інтэр'еры калідораў Дома дзіцячай творчасці, праз якія трэба рушыць да музейных залаў, адпавядаюць назве ўстановы, ды і сама яна выгадна кантрастуе з даволі-такі занядбанымі ваколіцамі. Але, тым не менш... Неаспрэчна, размяшчэнне экспазіцыі ў яе сценах стала свайго кшталту кампрамісным, часовым варыянтам. Добрым, ды не ідэальным. Ці адпавядае такі варыянт маштабу постаці Суціна?

Са Смілавічаў мой далейшы шлях ідзе цераз несупынную чараду вёсак. Дзесьці праз паўгадзіны прыбываю ў пасёлак Азёрны. І столькі ж часу ў мяне ёсць на знаёмства з Музеем Станіслава Манюшкі. Цікавая экскурсія па ім магла б доўжыцца больш, але... Калі не паспееш ускочыць у той самы аўтобус, на якім сюды прыехаў, ёсць рызыка застацца да вечара.

Чаму музей кампазітара паўстаў у звычайнай вясковай школе, а не ў тых самых пакоях смілавіцкага палаца, дзе Стасік часцяком гасцяваў у дзядулі? Выпадковасць, але - шчаслівая. Каб не ініцыятыва колішняга дырэктара школы Васіля Несцяровіча, ніякага музея наогул не было б. Цяпер ягоная дачка Ірына Серада рупіцца, захоўваючы спадчыну бацькі.

У фондах створанага яшчэ за савецкім часам музея ёсць нямала цікавых артэфактаў - напрыклад, арыгіналы малюнкаў Чэслава Манюшкі, бацькі кампазітара. Але ж у экспазіцыі іх не пабачыш - хіба толькі копіі. Як тлумачыць Ірына Серада, выстаўляць каштоўныя рэчы не дазваляюць умовы.

З гэтым не паспрачаешся. Вось ужо тры гады лёс музея даволі няпэўны. Школа, пад дахам якой ён знаходзіцца, была зачынена, а яе будынак - прададзены расійскаму інвестару. Як адзначыла Ірына Серада, новы гаспадар не толькі не мае намеру пазбавіцца ад музея - наадварот, ён выказаў зацікаўленасць у яго развіцці. Бо для турыстычнага комплексу, які ўласнік мяркуе стварыць на месцы школы, лепшай прынады нават і не прыдумаеш. Таму ёсць надзеі рэалізаваць даўнія мары ды стварыць своеасаблівы музычны салон.

Але... Гэта ўсё ў перспектыве. Пакуль жа музей літаральна змагаецца за выжыванне, імкнучыся захаваць хаця б тое, што ёсць. На шчасце, паспяхова. Экспазіцыя ставіць сабе за мэту засведчыць, што Манюшка - гэта не "местачковая знакамітасць", але постаць сусветнага маштабу. Ірына Серада агучвае назвы вядомых тэатраў, дзе ставіліся яго оперы, імёны слынных людзей, што лічылі за гонар паціснуць яму руку... Слухаючы яе захапляльную экскурсію, краем вока заўважыў у адной з музейных залаў абагравальнік. І адразу ж з "эмпірэяў" спусціўся на зямлю. Што ні кажы, наперадзе зіма, а ацяплення ў будынку няма ўжо трэці сезон.

Школа давала ўстанове не толькі прытулак, але і цяпло ды святло. Па яе закрыцці камунікацыі былі абрэзаны. І каб не дбайнасць аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама, які знайшоў спосаб забяспечыць музей электрычнасцю і набыў абагравальнікі, тэмпература ў залах скочвалася б "у мінус".

І ўсё ж такі ўстанова не можа паскардзіцца на брак наведвальнікаў. За год іх бывае больш за тысячу - як, дарэчы, і ў Музеі Суціна.

- У суботу вось тры аўтобусы былі, у нядзелю - два, - кажа Ірына Серада.

Чым не сведчанне таго, што ад турыстаў гэтаму краю ну ніяк не адкруціцца?

 

Гніль прыцягвае вільгаць

З лёгкай рукі небезвядомай заўсёдніцы "Вулея" Марэўны, Смілавічы трывала ўвайшлі ў гісторыю сусветнага мастацтва як тое месца, дзе адзінай адметнасцю была воданапорная вежа. Вядома, такі вобраз удала дапаўняе міфалагему Суціна: маўляў, "из грязи в князи"... Але... Міфы не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці.

- Да рэвалюцыі ў Смілавічах была сядзіба Манюшкаў і Ваньковічаў, прыгожы барочны касцёл з кляштарам, дзве царквы, тры сінагогі, мячэць, суконная фабрыка, актыўна віраваў гандаль...- распавядае Святлана Хасіневіч. - Таму самі мяркуйце, ці можна лічыць гэтае мястэчка "занядбаным"...

З усяго вышэйпералічанага засталася толькі адна адметнасць - мабыць, самая каштоўная. Абодва карпусы шыкоўнага палаца, аточанага паркам, сёння пустуюць. Адзін захаваўся параўнальна няблага. Другі вось ужо каторы год ператвараецца ў руіны. Дах над ім можна ўбачыць хіба на музейных фотаздымках - дарэчы, не такіх ужо і даўніх.

У свой час палац выкарыстоўваў Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, на тэрыторыі якога ён, фактычна, знаходзіцца. Гэтая ўстанова і сёння з'яўляецца фармальным уласнікам помніка спадчыны. Як распавёў начальнік раённага аддзела культуры Сяргей Суша, ахоўныя абавязацельствы былі падпісаны. Што да самога аддзела культуры... Ён дапамагае чым можа, рэгулярна ладзячы суботнікі.

- Акурат днямі вось плануем чарговую такую выправу,- адзначыў Сяргей Суша. І гэта дзіўна, бо - паўтаруся - палац знаходзіцца на тэрыторыі каледжа. Няўжо там няма каму праводзіць суботнікі?

Ды і помнік - у цяперашнім яго стане - патрабуе куды больш сур'ёзнага ўмяшальніцтва ў свой лёс. А яго прыкмет, на жаль, не заўважыць. І хаця палац знаходзіцца далёка не на "выселках", ён выглядае цалкам кінутым на волю стыхій.

На парэпаным, пазелянелым муры заўважыў невялічкую (прыкладна 15 на 20 см) таблічку з надпісам "Небяспечная зона!". Ці здатная яна перасцерагчы ўсіх аматараў "пагасцяваць у Манюшкаў"? Пытанне - рытарычнае, асабліва калі ўлічыць, што ўнутры палаца дзе-нідзе сустракаюцца "сляды пікнікоў".

 Між тым, удзельнікам апошніх моцна пашчасціла. Старыя кроквы і рэшткі перакрыццяў выглядаюць настолькі лядашчымі, што скалануць іх можа любы павеў ветру. Доступ у аварыйны будынак адкрыты для ўсіх. Дадамо яшчэ, што літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад палаца месціцца інтэрнат каледжа. А моладзь - гэта моладзь... Таксама фактар.

 Да таго ж, рэшткі даху ўяўляюць небяспеку не толькі для людзей, але і для самога помніка спадчыны. Менавіта таму начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі звяртае асаблівую ўвагу не толькі на тэхнічны стан помнікаў спадчыны, але і на санітарны, бо гніль прыцягвае вільгаць, істотна спрыяючы працэсам руйнавання...

Не нашмат лепшы стан мае і колішняя камянічка вартаўніка, якая выходзіць непасрэдна на смілавіцкую вуліцу. У яе даху адсутнічаюць некалькі дошак, і ніхто пакуль не паклапаціўся аб тым, каб падкласці на іх месца новыя.

 

Каб не было запозна...

Ніякага аптымізму адносна лёсу палаца ў гутарках з мясцовымі жыхарамі я не заўважыў: маўляў, колькі ўжо было спроб знайсці фінансаванне для яго рэстаўрацыі - і ўсё марна... Прыкладна тое ж яшчэ год таму можна было пачуць у знакамітым Залессі.

Параўнанне помнікаў спадчыны зусім не выпадковае. Абодва яны каштоўныя не толькі сваёй архітэктурай, а таксама і экзотамі, што захаваліся ў парку. Шыкоўных палацава-паркавых ансамбляў на Беларусі было шмат, але далёка не ўсе яны рабіліся сапраўднымі цэнтрамі культуры рэгіёна. Смілавіцкі палац - з яго бібліятэкай, карціннай галерэяй, зімовым садам - ім быў. У той самай меры, як, напрыклад, маёнтак Тызенгаўзаў у Паставах або Нямцэвічаў у Скоках.

Дарэчы, аднаўленне абодвух гэтых аб'ектаў ужо пачалося. Упэўнены, што рана ці позна справа дойдзе і да смілавіцкай сядзібы. Але... Гэта менавіта той выпадак, калі можа быць сапраўды позна.

Тая самая сядзіба Агінскіх прычакала змены ў сваім лёсе ў даволі памысным стане, ды і каштарыс работ аказаўся не надта вялікі. І ўсё таму, што яна ніколі не была "бросавым аб'ектам". Палац у свой час закансервавалі, а яго даглядчыкам стаў руплівец Сяргей Верамейчык. Уласна, менавіта гэтыя канкрэтныя ды сціплыя крокі - кансервацыя і забеспячэнне дагляду - належыць перадусім зрабіць і ў Смілавічах. Яны не вымагаюць непасільных выдаткаў. Ды, разам з тым, - і кардынальна вырашыць праблемы абодвух музеяў. Бо не я буду першы, хто адзначыў, што ідэальнае месца для іх экспазіцый - менавіта котлішча Манюшкаў. Такая выснова - навідавоку.

 У тым, што атмасфера палаца паўплывала на станаўленне Манюшкі як кампазітара, нават і сумнявацца не выпадае. Пагатоў, даследчыкі знайшлі ў ягоных творах канкрэтныя згадкі пра гэтыя мясціны.

- У оперы "Страшны двор" ёсць эпізод, дзе гучыць мелодыя гадзінніка,- распавядае Ірына Серада. - Той гадзіннік і сапраўды стаяў у смілавіцкім палацы, і біў ён апоўначы. Хлапчука вельмі вабіла яго музыка, але падысці бліжэй, каб яе паслухаць, яму было боязна... Праз гады ён перадаў гэты вусціш у сваім творы...

Што да Хаіма Суціна... Здавалася б, шляхі беднага хлопчыка і заможных паноў ніяк не маглі перасякацца - паміж імі была сапраўдная прорва. Аднак у музеі мастака вам распавядуць гісторыю, якая перадавалася ў сям'і Суціных з вуснаў у вусны. Аднойчы юны Хаім маляваў у парку ля палаца, і да яго падышоў апошні ўладальнік сядзібы Лявон Ваньковіч. Ён не толькі пахваліў хлапчука, стаўшы ці не першым, хто ацаніў ягоны талент, але і даў яму грошай на патрэбныя для малявання прылады.

Да таго ж, як слушна заўважыла Ірына Серада, гэтымі дзвюма постацямі зусім не вычэрпваецца гісторыя Смілавічаў ды ўвогуле колішняй Ігуменшчыны. Бо ледзь не кожны з Манюшкаў быў вельмі адметнай асобай. А яшчэ за дзедам-шведам сядзіба належыла Агінскім... Урэшце, і родавае котлішча Ельскіх - таксама непадалёк.

Такі музей стаў бы сапраўдным сведчаннем еўрапейскай велічы беларускай культуры ў яе гістарычнай парадыгме. Сведчаннем, здатным пераканаць самую розную аўдыторыю - ад замежных V.I.P.гасцей і да навучэнцаў таго самага каледжа, землякоў Манюшкі і Суціна.

- Пра такое мы можам толькі марыць,- у адзін голас кажуць і жыхары Чэрвеньшчыны, і проста неабыякавыя да культуры людзі. Але ж калі марыць і працаваць разам, тады мары здзяйсняюцца...

...Наастачу Ірына Серада распавяла назвычай аптымістычную гісторыю:

- На месцы фальварка Убель стаіць старая таполя, якую пасадзіў яшчэ сам Станіслаў Манюшка незадоўга да сваёй смерці. Мы з дзецьмі рэгулярна хадзілі прыбіраць тое месца і заўсёды бачылі дупло, якое з'явілася ў старым дрэве. І вось неяк я заўважыла, што таполі хапіла сілы поўнасцю яго зацягнуць! Цуд...

У цуды трэба верыць, але... Пры гэтым варта рабіць хаця б маленькія і пасільныя крокі ім насустрач.

Мінск - Смілавічы - Мінск