Восень у дарослым стылі

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Ёсць такі забаўны парадокс: дзеці ў рознаўзроставым грамадстве былі заўсёды, а вось дзіцячае адзенне з’явілася не так даўно. Ды і мы, разглядаючы партрэты, скажам, семнаццатага стагоддзя, не заўсёды можам дакладна сказаць, ці гэта жанчыны на іх, ці маленькія дзяўчынкі. А, можа, гэта і ўвогуле хлопчыкі?..

Мікра-дарослыя дзеці

Першыя спробы стварыць паўнавартасны дзіцячы касцюм робяцца ў ХІХ стагоддзі, калі дарослыя прыходзяць да разумення, што дзецям патрэбна адзенне іншага кшталту, чым ім. Партрэты дзяцей папярэдніх стагоддзяў занатавалі для гісторыі нязручныя касцюмы, пашытыя па дарослай модзе, якія не дазвалялі жвава рухацца, патрабавалі трымаць асанку і высакародную позу, не ўласцівую дзіцячай сутнасці. Але менавіта так дарослыя ўяўлялі прыгожае дзіця: стрыманае, высакароднае, сур’ёзнае. Маленькія дзяўчынкі павінны былі нагадваць паменшаных у памеры жанчын, а хлапчукі — адпаведна, мікрамужчын. Мала таго, апошнія павінны былі да шасці-сямігадовага ўзросту блытацца ў доўгіх дзявочых сукенках, якія былі абавязковыя для сыноў з паважаных саслоўяў, у адрозненне ад сялянскіх, якія свабодна гойсалі ў полі ды на лузе ў доўгіх кашулях. Менавіта гэтая асаблівасць — адсутнасць уласнага вобразу ў хлапчуковай модзе — цяпер падаецца, напэўна, адной з цікавых традыцый у гісторыі моды.
 /i/content/pi/cult/130/647/Tvoj-stylj2.jpg
 Строі хлопчыкаў XVIII i XIX стст.
А традыцыя апранаць маленькіх хлопчыкаў у дзявочыя сукенкі — доўгія і пышныя ад таліі — існавала ў многіх краінах з даўніны. Толькі пасля васьмі гадкоў хлопча мог пазбавіцца сукенак, спадніц і пераапрануцца… у не менш нязручныя касцюмы, якія дакладна капіравалі адзенне дарослага мужчыны гэтага саслоўя. У канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя пачынае ўзнікаць вопратка для хлопчыкаў, адэкватная ўзросту і полу. Тады з’яўляецца просты, не замінаючы руху касцюмчык, які складаецца з кароткага жакеціка ды кароценькіх штонікаў, што прышпільваліся да яго. Для выхаду ў свет камплект шылі з шоўку, дадавалі белы плісіраваны каўнерык, а вакол таліі павязвалі шырокі пояс.
У другой палове ХІХ стагоддзя дзіцячая мода неаднаразова прапанавала хлопчыкам рознага ўзросту копію нацыянальнага шатландскага касцюма, які ўпершыню прадэманстраваў свету малы Прынц Уэльскі, будучы кароль Эдуард VІІ. Гэты касцюмчык удала спалучаў такія займальныя дэталі, як брошка, стужачка пад каўнерыкам кашулі, клятчастыя гольфы са спадніцай і куртачкай. На працягу стагоддзя прапаноўваліся і іншыя фасоны, якія затрымліваліся на гадыці дзесяцігоддзі. Але самай “культавай” дзіцячай вопраткай ужо больш за сотню гадоў быў і застаецца… вядомы марскі касцюмчык.
Захапленне гэтым касцюмам бярэ пачатак у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі адзін вядомы
 /i/content/pi/cult/130/647/Tvoj-stylj3.jpg
 Строі хлопчыкаў XVIII i XIX стст.
салонны мастак намаляваў пяцігадовага прынца Альберта ў касцюмчыку “а-ля уніформа марака”: белым, з сінім геаметрычным каўняром і белай паласой па яго краі. З таго часу марскі дзіцячы касцюмчык меў шмат трансфармацый, прычым ён не з’яўляўся, так бы мовіць, модай унісекс: для дзяўчынак ён быў са спадніцай, для хлапчукоў — са штанамі. Марскі касцюмчык стаў звышпапулярным у дарослых і дзяцей, прычым першыя яго любілі за чароўны, непасрэдны і наіўны вобраз, які быў да твару і хлопчыкам, і дзяўчынкам, а самі дзеці — за зручнасць і практычнасць. Гэтае адзенне было і дэмакратычнае, і святочнае, і да месца ў любой сітуацыі. Мабыць, таму яго так любілі і ў Еўропе, і ў СССР.

Лэдзі, лорды і скейтбардысты

Нягледзячы на тое, што на заваяванне незалежнасці дзіцячай вопраткі ад дарослай пайшло амаль стагоддзе, сённяшнія юныя моднікі адмаўляюцца ад стылю, які паказвае на іх узрост. Іншымі словамі, яны жадаюць выглядаць як дарослыя, адпавядаць апошнім трэндам дарослай моды: яе сілуэтам, колерам, фактурам. Але з папраўкай на тое, што вопратка для іх павінна быць зручнай, экалагічнай і простай, нягледзячы на знешнюю кампазіцыйную складанасць. Вядучы дызайнер Беларускага цэнтра моды Эльвіра Жвікава вылучае чатыры модныя дзіцячыя тэмы восені-зімы 2007/2008.
— У мадэлях для дзяцей, — распавядае Эльвіра, — дызайнеры пастараліся ўвасобіць дзіцячую мару выглядаць на большы ўзрост, таму часцей адзенне для маленькіх адрозніваецца ад апраткі дарослых толькі памерам. Вось, прыкладам, як у адной з тэм — “Нашчадкі лорда”, якая спалучае элегантнасць і кропельку рэтра, прастату і высакародства, у ёй — нейтральныя колеры і шмат шэрага, а тканіны — шэрсць і бархат. Касцюмы хлопчыкаў у гэтай тэме могуць нагадваць брытанскі стыль, але ўвасоблены для дзяцей з кароткімі, напрыклад, штанамі. Дзяўчынкі ж — нібы школьніцы ды віктарыянскія лэдзі.
 /i/content/pi/cult/130/647/Tvoj-stylj1.jpg
 Калекцыя "восень - зіма" 2007/2008.
Наступная тэма ўмоўна называецца “Зімняя казка”: гэта сучасная інтэрпрэтацыя казкі пра Чырвоны Каптурок, дзе вобраз складаецца з кантрастных дэталей. Тут вельмі шмат белага і крэмавых адценняў, асабліва ў верхняй вопратцы, прысутнічаюць футра і трыкатаж. Жакеты і курткі з капюшонамі дзяўчынкі апранаюць паверх лёгкіх сукенак і спадніц.
Скейтборд, графіці, вулічныя субкультуры выклікаюць давер і падабаюцца падрастаючаму пакаленню. Дызайнеры ўвасобілі іх жаданні ў тэме для вуліцы “Тэхнаспорт”: шырокія джынсы, пухавікі з рукавамі, якія можна адшпіліць, прынты, слоганы вулічнай культуры, дэнім, яркія, аптымістычныя колеры. У гэтай тэме актыўна выяўляюць сябе штаны спартыўнага стылю і джынсы, якія багата дэкарыраваны кантрастнымі строчкамі, ці фурнітурай, ці без усяго гэтага, але — каляровыя.
Вельмі шмат эмацыянальных і “выбуховых” фарбаў... Канешне, не абышлі дзіцячую моду і сукенкі, сарафаны, спадніцы-балоны, папулярныя ў жаночым гардэробе апошнім часам. Але, зноў-такі, нагадаю, што яны павінны мець дзіцячы “штрых”, напрыклад, спадніца-балон, але яе ніз прысабраны трыкатажнай гумкай-манжэтай.
Ну, і апошняя тэма — “Арктычная эклектыка”, якая стаіць на мяжы Усходу і Захаду. Хвалюючыя азіяцкія дэталі камбінуюцца з дэнімам па прынцыпе кантрастаў і далучэнняў. А вытанчаны дэкор і складаная вышыўка нагадвае не толькі Усход, але і... віктарыянскі стыль. Аднатоннасць кампенсуецца багаццем валанаў і брыжоў. Для святочнай вопраткі прапануецца віктарыянскі стыль альбо сукенкі з лініяй ампір і валанамі, але ў стрыманай колеравай гаме. У гэтай жа тэме мы назіраем этнічныя матывы, але не з галавы да пят, а далікатнымі, інтэлектуальнымі фрагментамі. Тут вельмі шмат модных этнічных матываў і фальклорных настрояў, якія выклікаюць прыемнае для дзяцей уражанне далучанасці да “сапраўднага” дарослага жыцця... І вельмі парадуе многіх бацькоў той факт, што заніжаная лінія таліі штаноў ды спадніц для дзяцей у калекцыях восені — зімы 2007/2008 адсутнічае. А гэта значыць, што цяпер мамы і таты могуць не хвалявацца за адкрытыя жывоцікі сваіх дзетак.

 

Дэталь

Прыгажосць вымагае ахвяр. Але — не дзіцячых. Што тычыцца малечы, дык іх гардэроб павінен складацца ў першую чаргу з паняццяў камфорту і гігіены. Таму самы час узгадаць сёе-тое з правілаў выбару адзення для дзяцей. Па-першае, тканіна для вопраткі павінна быць натуральная. Гэта ведаюць усе. І толькі для дзяцей старэйшага ўзросту дазваляецца выкарыстоўваць тканіну, дзе доля ненатуральных валокнаў не перавышае 30-40 працэнтаў. Гумкі, якія часта выкарыстоўваюцца ў дзіцячым адзенні, могуць толькі прылягаць, але не сціскаць цела. І нягледзячы на тое, што ў халодны час цяжка пазбегнуць важкіх куртак, футраў, пажадана, каб верхняя вопратка ўсё ж была лёгкая. Напрыклад, футра з аўчыны важкае, грубае і замінае малечы рухацца, што прыводзіць да перагрэву. А вось камплект са штаноў з высокім поясам на брэтэлях і падоўжанай курткі з капюшонам, манжэтамі і гумкай унізе з’яўляецца ідэальнай альтэрнатывай. Ён адпавядае неабходным якасцям дзіцячай вопраткі: лёгкасці, зручнасці і цеплыні. І ніводнай з гэтых якасцей не варта пагарджаць дзеля тых ці іншых павеваў моды.

 

Аўтар і вядучая рубрыкі — Святлана КАСЯЧЭНКА