Экзотыкі будзе больш!

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Будаўніцтва: заапарк "пад крылом" аддзела

/i/content/pi/cult/345/6465/13-2.jpg

Начальнік аддзела культуры адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы Ірына Шугала паведамляе "К", што Мінскі заапарк, які курыруе аддзел, пастаянна развіваецца. І гэта датычыцца не толькі павелічэння колькасці экзатычных насельнікаў: рыб, птушак, рэптылій, амфібій і самых розных драпежнікаў.

Тут, да ўсяго, не спыняецца будаўніцтва. Узводзіцца, да прыкладу, павільён "Экзатарыум", дзе мяркуецца ўзнавіць атмасферу трапічнага лесу. З'явіцца на тэрыторыі заапарка і дэльфінарый.

Па словах Ірыны Шугала, Мінскі заапарк даўно стаў культурным цэнтрам Заводскага раёна. Адпачыць тут можна цягам усяго дня. Апрача знаёмства з жывёльным светам, культурна-асветніцкая ўстанова прапаноўвае наведвальнікам самыя разнастайныя мерапрыемствы. Сёлета, да прыкладу, тут упершыню правялі Купалле. А фестываль "Экалогія. Творчасць. Дзеці" даўно стаў традыцыйным і ладзіцца штогод, як, дарэчы, і дзень нараджэння заапарка.

А адкрыўся ён у жніўні 1984-га, у дзень 40-годдзя Мінскага аўтазавода. Заснавальнікам новай сталічнай установы стаў ветэран МАЗа Фёдар Рэўзін, талантлівы вынаходнік і пісьменнік. Першымі засялілі заапарк белы бусел па мянушцы Журка, вярблюд Хан- падарунак дрэсіроўшчыцы Тэрэзы Дуравай, - зубраня Гай і дзік Хруша.

Усе канцэртныя мерапрыемствы ладзяцца на пляцоўцы перад заапаркавай "Вясковай сядзібай" і спакою жывёлін не замінаюць. Наадварот, свет мастацтва арганічна суіснуе са светам фаўны.

 На здымку: "Вясковая сядзіба" ў сталічным заапарку.