Скажы, хто твой бізнес-партнёр?

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Прадпрымальніцкі рэсурс у культурным абарачэнні

/i/content/pi/cult/345/6463/13-1.jpg

Он-лайн-канферэнцыя: плён дзяржаўна-прыватных стасункаў

 Наш Інфацэнтр "Культура-інфа" працягвае дзейнічаць у планавым рэжыме. І рэжым - напружаны. Сённяшняя он-лайн-канферэнцыя - ужо сёмая па ліку. Гэтым разам мы доўжым гаворку пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў галіне культуры ды наогул - партнёрскія стасункі, пра сацыяльна арыентаваны бізнес, без сістэмнага ўплыву якога на фарміраванне якасна новых грамадска-эканамічных узаемаадносін у краіне цяжка казаць пра заўтрашні дзень музейнай, клубнай, бібліятэчнай справы, пра станаўленне бюджэтаўтваральнага турызму. Да зацікаўленай і канструктыўнай гутаркі менавіта пра гэты прадпрымальніцкі пазабюджэтны рэсурс, далёка не паўсюль яшчэ задзейнічаны напоўніцу, рэдакцыя напярэдадні Дня работнікаў культуры запрасіла дырэктара Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.І. Шклярава Галіну НЯЧАЕВУ, загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦБС Алу ДРАГАН, начальніка аддзела культуры Мядзельскага райвыканкама Ганну ПАДГОЛ, дырэктара Слонімскага раённага дома культуры Мікалая АДАМЧЫКА, дырэктара Пастаўскага раённага дома рамёстваў Таццяну ПЕТУХ, дырэктараў Горацкіх дзіцячых школ: рамёстваў - Людмілу СТАЎСКУЮ, мастацтваў - Аліну БЫЛІЦКУЮ.

 Adm:

- Мы шчыра вітаем удзельнікаў чарговай он-лайн-канферэнцыі і ў вашай асобе горача віншуем увесь рэспубліканскі "корпус" няўрымслівых творцаў з Днём работнікаў культуры! Менавіта вы закладваеце сёння падмурак заўтрашняй рэгіянальнай культуры, ад дзейснасці, уплывовасці якой залежыць маральна-духоўнае здароўе нацыі... А першае пытанне - да прадстаўніка клубнікаў, дырэктара Слонімскага РДК. Якія прыклады дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва існуюць у вашай установе? Наколькі паспяхова яны рэалізуюцца? Мо павялічыўся план платных паслуг і колькасць наведвальнікаў, вырас пазабюджэт?

 Slonim:

-Усім добры дзень, усіх са святам! Пачну з таго, што наш Дом культуры мае на сёння каля дзесяці прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, што так або інакш спансіруюць нашы творчыя пачынанні. Цудоўна разумеем: такое супрацоўніцтва дае максімальную аддачу толькі тады, калі плён яго выкарыстоўваецца ўзважана і справядліва. Да прыкладу, аднаму з ААТ мы прадаставілі ў карыстанне вольныя плошчы, атрымалі выгаду і для сябе: адкрылі кавярню "101 паверх", касметычна адрамантавалі і выкарысталі пад летнюю пляцоўку унутраны дворык РДК. Усё гэта, натуральна, прыцягнула да нас большую колькасць наведвальнікаў.

 Adm:

- Атрымліваецца, гэта не столькі спонсарскія, колькі партнёрскія стасункі. Як гэта адбілася на пазабюджэце?

 Slonim:

- Мяркуйце самі: за дзевяць месяцаў РДК зарабіў каля 160 мільёнаў рублёў. Не без дапамогі прыватнікаў на дыскатэцы "Майстар" адкрыўся і пачаў дзейнічаць бар. Прадпрымальнікі закупілі сталы для дыскатэчнай залы, частку светлавога абсталявання. У свой час яны наладзілі бясплатнае харчаванне для ўдзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці "Жывіце ў радасці!", а нядаўна, да Дня работнікаў культуры, набылі падарункі для ветэранаў працы.

Adm:

- Усё гэта доказна і пераканаўча. Але іншым разам, як сведчыць практыка, надта праблематычна наладзіць такое ўзаемакарыснае партнёрскае сяброўства на месцах. З чаго тут варта пачынаць? Што замінае? У чым тэхналогіі плённага стасункавання і ў чым ягоныя "падводныя камяні"?

 Vetka:

- Добры дзень, калегі! Таксама вітаю ўсіх з прафесійным святам. Узаемадзеянне паміж дзелавым партнёрам, напрыклад, бізнесменам, буйной вытворчай структурай і такой установай, як музей, тым больш этнаграфічны ці мастацкі, падаецца магчымым толькі ў форме дабрачыннай дапамогі. Але гэта толькі на першы погляд.

Adm:

- А калі зірнуць глыбей?

Vetka:

- Насамрэч, музей - акумулятар магутнай энергіі папярэдніх пакаленняў. Тым больш, калі ён, як Веткаўскі, цягам дзясятка гадоў з'яўляецца "палявой лабараторыяй", калі кожны прадмет вывучаецца як "тэкст" духоўнай культуры, калі лакальныя традыцыі даследуюцца ва ўсёй шматстайнасці праяў. У тэхналогіях старадаўніх рамёстваў - магутная семантычная сістэма, коды эстэтыкі... Інакш кажучы, "не блукайце з працягнутай рукой, бо вы - багатыя..." Тыя, хто сёння ўкладвае сваю жыццёвую энергію ў прамысловасць, бізнес, не могуць гэтага не разумець, не могуць не спрыяць захаванню магутнай энергіі продкаў.

 Adm:

- Дайце канкрэтныя факты такога партнёрства, да прыкладу, у музейнай выдавецкай дзейнасці.

Vetka:

 - Плануем прадоўжыць творчы праект па выданні серыі кніг, прысвечаных семантыцы традыцыйнай культуры. Нагадаю, што яны пішуцца ў жанры "сямейнага чытання" з багатым насычэннем звестак па этымалогіі, культуралогіі і з расшыфроўкай знакаў, сімвалаў і значэнняў. Другая кніга называецца "Родны дом". Там будзе шмат малюнкаў і фатаграфій.

Adm:

- Ад спраў музейных пяройдзем да навучальных устаноў. У Горках існуе, як вядома, унікальная дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў, што выхоўвае носьбітаў нашай традыцыйнай культуры, не без поспеху рэалізуе іх творы праз спецыялізаваную краму. Ці зацікавіла ўстанова прыватнікаў - тых жа гаспадароў аграсядзіб?

 Gorki:

- Вітаю ўдзельнікаў канферэнцыі! Дзяржаўна-прыватнае партнёрства для ДШМР не з'яўляецца адным з істотных накірункаў дзейнасці. Справа ў тым, што ў нашым горадзе няшмат прыватных арганізацый, аб'ём іхняй дзейнасці- вельмі малы, таму проста немагчыма наладзіць партнёрскія сувязі.

Adm:

- Пытанне правакацыйнае: пры якіх умовах Горацкая школа мастацкіх рамёстваў можа стаць самаакупай? Па якіх крытэрыях сёння ацэньваецца эфектыўнасць вашай установы? Ці зменяцца яны ў перспектыве?

 Gorki:

- На мой погляд, ДШМР надзвычай цяжка стаць самаакупнай з той прычыны, што галоўная задача школы - выхаванне і навучанне дзяцей традыцыйным відам рамёстваў, пошук таленавітых падлеткаў, падрыхтоўка навучэнцаў для паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы культуры. Што да крытэрыяў ацэнкі і эфектыўнасці нашай працы, дык гэта, па-першае, удзел выхаванцаў у конкурсах, выстаўках, фестывалях з дасягненнем пэўных вынікаў. Па-другое, пад увагу бярэцца і працэнт далейшага паступлення выпускнікоў ва ўстановы мастацкага профілю. Па-трэцяе, колькасць нашых навучэнцаў павінна штогод павялічвацца... Прынамсі, названыя крытэрыі ў бліжэйшы час змяняцца, я лічу, не будуць.

Adm:

- На вашу думку, ці трэба вучыцца стасункам з патэнцыйнымі партнёрамі? Калі так, дык на базе якой установы?

Biaroza:

- Усім добры дзень! Так, трэба вучыцца, і лепшы "ўніверсітэт" - гэта практычная дзейнасць, вопыт калег, сканцэнтраваны ў прафесійных выданнях. Нам даступныя, праўда, толькі расійскія... Стасункам з патэнцыйнымі "донарамі" могуць навучыць на курсах павышэння кваліфікацыі пры Інстытуце культуры Беларусі пры ўмове, што выкладчык дасканальна валодае сітуацыяй на айчынным рынку інфармацыйных паслуг, у тым ліку бібліятэчных, і не прыводзіць адарваныя ад рэальнасці прыклады сухой тэорыі з дапаможнікаў па маркетынгу. Наш вопыт дзейнасці у пошуках рэсурсных партнёраў паказвае: хто з бібліятэкараў знаходзіць больш, так бы мовіць, персанальны падыход да спонсара, тым большага выніку ён дасягае. Гэтую "навуку" мы даводзім работнікам у нашай школе спецыяліста, на семінарскіх практыкумах.

Adm:

 - Пытанне да Паставаў: ці патрэбна дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў перспектыўнай дзейнасці раённага Дома рамёстваў?

 Pastavy:

 - Вітаю ўсіх! Наша ўстанова працуе з 1998 года. За гэты час асноўнымі сродкамі фінансавання былі бюджэтныя крыніцы. Але з 2004-га ўстанова ўключана ў турыстычны маршрут "Край азёр, касцёлаў, паркаў", а з 2005 года пачаў дзейнічаць маршрут "Па дарозе да Зюзі Паазерскага". Праз Пастаўшчыну пралягае міжнародны веламаршрут, і яго ўдзельнікі- частыя госці выставачных залаў і майстар-класаў Дома рамёстваў. А ўсе маршруты распрацоўвае Пастаўскі цэнтр турпаслуг, сумесная дзейнасць з якім прыносіць нам неблагі плён. Супрацоўнічаем таксама і з іншымі турфірмамі рэспублікі.

Adm:

 - Спрыяе дзяржаўна-прыватным стасункам Міжнародны фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік"...

Pastavy:

 - Безумоўна. Фэст за 21 год існавання стаў магутным стымулам для дзейнасці мясцовых майстроў і нашай установы.

Adm:

- Калі доўжыць гаворку пра рэгіянальны турызм, дык варта тут згадаць і высілкі работнікаў культуры Нарачанскага рэгіёна, пра якія "К" неаднаразова пісала...

Miadzel:

- Усіх шчыра вітаю і віншую з прафесійным святам! Пытанне дзяржаўнапрыватнага супрацоўніцтва - вельмі важнае і актуальнае для нашага рэгіёна. Найперш маю на ўвазе захаванне нашых помнікаў гісторыі і культуры. Менавіта прыватнік можа сёння дапамагчы рэгіёну грашовымі сродкамі, бо рамонт і абнаўленне гістарычных аб'ектаў не заўжды ёсць магчымасць прафінансаваць у поўным аб'ёме. Кіраўніцтва раёна станоўча ставіцца да інвестыцый у эканоміку Нарачанскага краю.

Adm:

- Што зрабілі ў гэтым кірунку?

Miadzel:

- Адзін з яскравых прыкладаў дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва- будаўніцтва аздараўленчага комплексу на базе старадаўняй сядзібы, помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя, што размяшчаецца ў весцы Альшэва. Аб'ект перададзены на баланс прыватнай замежнай фірмы, якая атрымала дазвол на аднаўленне сядзібнага дома. Гэтымі днямі распрацоўваеца праект рэканструкцыі аб'екта, а з наступнага года тут распачнуцца актыўныя аднаўленчыя работы.

Adm:

- Якім павінен быць на сёння бібліятэчны маркетынг? Што за месца ў ім займае практыка дзяржаўна-прыватнага партнёрства?

Biaroza:

- Бібліятэчны маркетынг - гэта рэклама, імідж, фандрайзінг, сацыяльнае партнёрства. Калі ўстанова культуры ўмее і імкнецца тое рабіць - яна актыўны суб'ект рынку паслуг. Да прыкладу, бібліятэкі нашай ЦБС прагнуць "вербаваць" чытачоў, усімі творчымі сіламі змагаюцца за карыстальнікаў... Цэнтральная раённая бібліятэка - майстра PR-акцый, электронных прэзентацый. Белаазёрскую гарадскую бібліятэку імя Ніны Мацяш можна смела назваць "стыльнай", дзякуючы экскурсійна-выставачнай экспазіцыі "У спагадзе абярэжлівай нябёс", прысвечанай памяці вядомай паэткі, Ганаровага грамадзяніна горада Белаазёрска.

 Adm:

- А як крэатывяць сельскія бібліятэкары?

Biaroza:

 - "Візітоўкай" Малецкай, Спораўскай, Нарутавіцкай, Боркаўскай аграгарадоцкіх бібліятэк з'яўляюцца інфармацыйныя цэнтры грамадзянска-патрыятычнага і экалагічнага выхавання, папулярызацыі здаровага ладу жыцця і бібліятэчнага краязнаўства. На базе Вайцяшынскай і Сялецкай СБ працуюць, адпаведна, Грамадскі музей этнаграфіі і сялянскага побыту ды Літаратурна-краязнаўчая гасцёўня "Вытокі Башты".

Adm:

- І якая роля ў гэтым належыць інвестарам?

Biaroza:

- Прывабны воблік кожнай з бібліятэк сфарміраваўся, у тым ліку, дзякуючы дзяржаўна-прыватнаму партнёрству. Менавіта яно дазволіла знайсці і сяброў, і прыхільнікаў - патэнцыйных інвестараў, якія дапамаглі стварыць неабходныя ўмовы для рэалізацыі канкрэтных напрамкаў дзейнасці вышэйназваных бібліятэк. Скажам, калі кніжныя калекцыі, мэбля набываліся за кошт раённага бюджэту, дык мастацкае ўвасабленне, напрыклад, экспазіцыі ў Белаазёрскай ГБ прафінансаваў зямляк, бізнесмен з Санкт-Пецярбурга.

Adm:

 - Пытанне да Паставаў: ці стала дзейнасць вашай установы навукова-даследчай?

Pastavy:

- Так. У нас размешчана невялікая музейная экспазіцыя, прысвечаная музычным традыцыям Пастаўшчыны. Тут сабраны звесткі аб майстрах, якія выраблялі такі ўнікальны народны інструмент, як дыятанічныя цымбалы. Ёсць збор старых і сучасных інструментаў. Штогод ладзяцца этнаграфічныя экспедыцыі - папаўняецца картатэка майстроў, складаецца карта распаўсюджвання рамесніцкіх традыцый. Натуральна, сабраныя матэрыялы дапамагаюць у метадычным забеспячэнні дзейнасці гурткоў.

 Adm:

- А што ў перспектыўных планах?

Pastavy:

 - Стварэнне музейнай экспазіцыі пра традыцыі млынарства.

Adm:

 - Пры Дзіцячай школе мастацтваў у Горках створаны апякунскія саветы. Наколькі плённа яны дзейнічаюць? Назавіце канкрэтныя прыклады. Што вы змянілі б у дзейнасці такога савета?

 Gorki:

- Натуральна, школа мастацтваў зацікаўлена ў спонсарскіх інвестыцыях, якія наўпрост уплываюць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашай установы, на паляпшэнне якасці навучальнага працэсу і ўмоў працы педагогаў. Без гэтага, пагадзіцеся, ДШМ будзе працаваць без належнага эфекту.

Adm:

 - І як прыцягваеце спонсараў?

 Gorki:

 - Вось для гэтага ў мінулым годзе і былі створаны апякунскія саветы. Яны дзейнічаюць на аддзяленнях харэаграфіі і выяўленчага мастацтва. Мы звярнулі найпершую ўвагу на ўсебаковае інфармаванне грамадскасці аб дзейнасці школы, аб перспектывах яе развіцця. Лічу, што ўзаемадзеянне ДШМ з установамі горада і раёна можа стаць стабільным дзякуючы шчыльнаму кантакту нашай адміністрацыі з кіраўніцтвам арганізацый ды прадпрыемстваў. І кантакт гэты павінен будавацца на ўзаемавыгадных умовах. Школа можа аказваць дзейсную дапамогу ў стварэнні самадзейных калектываў на базе канкрэтных устаноў, у падрыхтоўцы і наладжванні мерапрыемстваў, у арганізацыі канцэртаў сіламі нашых выкладчыкаў ды навучэнцаў.

 Adm:

- А на якія канкрэтныя мэты выкарыстоўваюцца пазабюджэтныя сродкі?

Gorki:

- На рамонт школьнага абсталявання, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, набыццё сцэнічных касцюмаў, правядзенне сацыяльна-культурных мерапрыемстваў.

Adm:

 - І зноў пытанне да Бярозы: што за канкрэтныя бібліятэчныя праекты рэалізаваны ў ЦБС на падставе дзяржаўнапрыватнага партнёрства?

Biaroza:

- Спектр партнёрства з камерцыйнымі структурамі, прадпрыемствамі не такі шырокі, як хацелася б. Adm: - Дык хто ж яны, партнёры ЦБС?

 Biaroza:

 - Перш за ўсё - органы мясцовага самакіравання. Райвыканкам асвятляе работу бібліятэк раёна на сваім сайце. Шэраг сельвыканкамаў прафінансаваў падпіску на перыядычныя выданні. Першамайскі сельвыканкам падарыў чытачам Кабакоўскай СБ ксеракс. КУВП "Пескаўскае" бязвыплатна добраўпарадкавала тэрыторыю Вайцяшынскай сельскай бібліятэкі і зрабіла рамонт падлогі ў грамадскім музеі пры бібліятэцы. Прафкамы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў "Боркі", "Нарутавічы", аграфірмы "Малеч" унеслі плату за харчаванне ўдзельнікаў тэматычных раённых семінараў бібліятэчных работнікаў. Нам пастаянна дапамагае і раённы вузел сувязі.

Adm:

 - Разумеем, прыкладаў парнёрства з прыватнікамі мо і не так шмат, але, тым не менш...

Biaroza:

- Яно асабліва шчыльнае ў краязнаўчай дзейнасці. І гаворка тут хутчэй пра прыватных асоб, чым пра бізнес. За апошнія гады фонды папоўніліся рарытэтнымі дакументамі з прыватных калекцый бярозаўчан-пашукоўцаў Яўгена Сялені, Мікалая Пейгана, Анатоля Гладышчука, Мікалая Сянкевіча, Валерыя Непаркі. Свой інтэлектуальны прадукт перадаюць у дар бібліятэцы літаратары - ураджэнцы Бярозаўшчыны.

Adm:

- Усё ж давядзецца канстатаваць: пакуль бізнес разважае, творчая інтэлігенцыя актыўнічае?

Biaroza:

- Мусіць, так. Тым не менш высакароднымі ўяўляюцца і ўчынкі жыхароў вёсак Пескаўскага і Белаазёрскага сельвыканкамаў. Першыя сабралі звыш 700 прадметаў сялянскага побыту і стварылі разам з бібліятэкарам народны музей, які працуе ўжо цягам дзесяці гадоў... Другія правялі дабрачынную акцыю па зборы металалому і на заробленыя грошы купілі кнігі для сваёй Хрысаўскай сельскай бібліятэкі.

Adm:

- Як жа знайсці парнёра?

 Miadzel:

- Неаспрэчна, паспяховае супрацоўніцтва з прыватным бізнесам дапаможа наладзіць не толькі шырокая і разнастайная рэкламная дзейнасць, але і прэзентацыі, паказы, правядзенне канкрэтных культурна-масавых мерапрыемстваў з прыцягненнем да ўдзелу у іх прыватнікаў. Прыкладам такога супрацоўніцтва можа служыць наладжванне ў Мядзеле летняга Свята рыбы, якое прайшло ў адпаведнасці з рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гг.

 Slonim:

- У мяне, да прыкладу, стасункі з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу заснаваны на асабістых кантактах, якія імкнуся пастаянна падтрымліваць... Хачу прадоўжыць гаворку аб канкрэтных прыкладах нашых кантактаў з бізнесменамі. Менавіта ў выніку іх мы адрамантавалі лесвічны марш цэнтральнага ўвахода РДК. Вырабілі інфармацыйную дошку і шыльдачкі на дзверы кабінетаў. Дробязь? Але куды без яе? Адна з фірм бязвыплатна перадала нам офісную мэблю. Рэкламнае агенцтва адрамантавала рэкламную шыльду на фасадзе будынка. Салонкрама вясельнай моды заўжды дапамагае (таксама дабрачынна) з пракатам касцюмаў для вядучых... Выказваю сваім партнёрам шчырую ўдзячнасць, а таксама запэўніваю: кантакты займеюць працяг.

Adm:

- Дарэчы, якія перспектыўныя праекты на падставе дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва вы хацелі б ажыццявіць у вашай установе?

 Slonim:

- Поруч з наладжваннем карпаратыўных мерапрыемстваў, канцэртным абслугоўваннем аграэкасядзіб плануем адкрыць выставачную залу для прэзентацыі і продажу прадукцыі нашых прадпрыемстваў, што, неаспрэчна, у перспектыве павысіць колькасць прыватнікаўінвестараў. Хацелася б займець і боўлінг, гульнёвыя аўтаматы, а таксама кінасалон фармату 5D. Мяркуем неўзабаве ўзяцца за добраўпарадкаванне гарадскога парку і канала Агінскага, уладкаваць дзіцячыя атракцыёны, узвесці летні амфітэатр... Усё гэта дасць магчымасць больш шырока і маштабна рэалізоўваць творчыя ідэі, народжаныя ў РДК.

Adm:

- Якім рэалізаваным крэатывам можаце пахваліцца?

Slonim:

 - Тым, што мясцовае кабельнае тэлебачанне шырока рэкламуе нашы мерапрыемствы. Як, зрэшты, і тым, што ў выніку нашага сяброўства нарадзіўся новы сумесны тэлевізійны праект "Рэп. Стрыт. Батл".

Biaroza:

- А на нашай мясцовай тэлестудыі дзейнічае рубрыка "Бібліятэчныя навіны. Інфармацыя. Рэклама". Цягам трох апошніх гадоў у эфіры раённага радыё рэалізаваліся самыя розныя літаратурна-краязнаўчыя праекты. У планах- рэалізацыя праекта "Чытаць аб Брэстчыне - патрыятычна" па прапагандзе роднай мовы. Ёсць неабходнасць і ў распрацоўцы мэтавай праграмы "Бібліятэка - моладзі". Маем задумку наладжвання раённага Свята кнігі-2012.

Adm:

 - Што б вы ўдасканалілі, скарэктавалі ў заканадаўчай базе для больш выніковай дзейнасці Дома рамёстваў? Якой увогуле бачыце сваю ўстанову праз 5 - 10 гадоў?

 Pastavy:

- Патрэбна стабільнае фінансаванне перспектыўных праграм і праектаў. Развіццё турыстычнай інфраструктуры, зацікаўленасць інвестараў у вытворчасці нацыянальнага прадукту дадуць чарговы штуршок і для ўдасканалення працы Дома рамёстваў, які стане не толькі цікавым аб'ектам для наведванняў, але і дзейсным навуковым ды навучальным цэнтрам. Не выключаю таксама наладжванне дзейнасці прыватных рамесніцкіх майстэрняў, а таксама выраб твораў дома, што дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, а таксама значна пашырыць межы аграі экатурызму.

Adm:

- Як з гаспадарамі прыватных турсядзіб супрацоўнічаюць у Мядзеле?

Miadzel:

 - На Мядзельшчыне сёння дзейнічаюць 53 аграсядзібы. Пагадзіцеся, колькасць немалая. Таму ў нашага аддзела з'явіўся такі накірунак працы, як іх паўнавартаснае культурнае абслугоўванне. Раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр распрацаваў адпаведны праект "У нас кожная хата гасцямі багата". Задача яго - пазнаеміць наведвальнікаў раёна з культурай Нарачанскага рэгіёна, яго абрадамі і традыцыямі, а таксама арганізаваць вольны час гасцей аграсядзіб.

Adm:

- І што прапаноўваеце турыстам?

 Miadzel:

- Альтэрнатыву неарганізаванаму адпачынку. У сённяшнім "прэйскуранце" аддзела - абрадавыя і каляндарныя святы, тэатралізаваныя экскурсіі, майстар-класы па розных відах рамёстваў... Увогуле, пытанню рознабаковай дзейнасці аграсядзіб у Мядзельскім раёне надаецца вельмі вялікая ўвага. Безумоўна, гэта беспамылковая пазіцыя, адзін са стратэгічных накірункаў нашай дзейнасці, што цалкам адвавядае асаблівасцям Нарачанскага краю. Літаральна днямі будзе праходзіць выязны семінар для ўладальнікаў аграсядзіб, у якім самы актыўны ўдзел будзе прымаць, натуральна, і наш аддзел культуры. Рыхтуем свае творчыя прапановы, якія з задавальненнем і прэзентуем на семінары. Упэўнена, што ў гэтага супрацоўніцтва - вялікая будучыня, якая гарантуе нам партытэтную выгаду.

Adm:

- У адной з нашых "он-лайнавых" гутарак прарэктар па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці БДУКіМ Канстанцін Рэмішэўскі прапанаваў такі варыянт піяру патэнцыйных інвестараў: стварыць ва ўстанове культуры фотагалерэю ганаровых спонсараў. Чым не першы крок у наладжванні пастаяннага і плённага партнёрства?

Biaroza:

- Мы запланавалі для сябе завядзенне "Ганаровай кнігі прынашэнняў на карысць бібліятэкі" ці памятнага альбома. Сапраўды, пошук рэсурсаў не дазваляе нам сядзець склаўшы рукі.

 Adm:

- Мы яшчэ раз выказваем шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам нашай чарговай он-лайн-канферэнцыі за высокі прафесіяналізм і неабыякавасць да развіцця нацыянальнай культуры. Са святам вас, дарагія сябры! Новых вам творчых здабыткаў, здароўя, шчасця і ўдачы! Спадзяёмся, што ўсе вашы адмысловыя ідэі будуць з поспехам увасоблены ў жыццё.

Матэрыялы он-лайн-канферэнцыі падрыхтаваў

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"