Дзякуючы аналізу, праведзенаму аўтарамі выдання, можна пераканацца, што айчынная навука зрабіла даволі шмат у навуковым асэнсаванні гісторыі Беларусі. Варта зазначыць, што толькі за апошнія два дзесяцігоддзі былі адкрыты і ўведзены ў навуковы зварот невядомыя раней дакументальныя крыніцы. Як адзначылі стваральнікі кнігі, апошнім часам беларускія даследчыкі звярнуліся да новага метадалагічнага інструментарыя, што дазволіла не толькі значна пашырыць тэматычныя сюжэты, але і ўдакладніць ранейшыя звесткі і ўяўленні па шматлікіх тэмах. У прыватнасці, больш увагі стала надавацца праблемам гістарыяграфіі і методыкі даследавання гісторыі нашай зямлі канца XVIII - пачатку XX ст.
Якія ж пытанні з'яўляліся для даследчыкаў ХХ ст. найбольш актуальнымі? Як бачна з кнігі, у полі зроку гісторыкаў знаходзіліся праблемы аналізу эвалюцыі канцэптаў "нацыя" і "нацыянальны суверэнітэт", вызначэнне ролі канфесійнага фактару, аналіз уяўленняў айчыннай і замежнай гістарыяграфій аб праблеме вытокаў беларускай нацыянальнай ідэі...
Варта падкрэсліць, што ў афармленні кнігі выкарыстаны ўнікальныя архіўныя матэрыялы. Дзякуючы ім можна ўбачыць старонкі рэдкіх друкаваных выданняў пачатку ХХ ст., фотаздымкі дзеячаў беларускага культурнага адраджэння.
К.А.