Белы раяль Міра

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Музычны экспанат Замкавага комплексу

/i/content/pi/cult/345/6461/14-3.jpg

Калекцыя ўнікальных экспанатаў Мірскага замка налічвае не адну сотню адзінак. Кожны з іх мае сваю адметную функцыю і значэнне ў музейнай прасторы старадаўняй фартэцыі. Адным з такіх, выключных па сваіх вартасцях, прадметаў з'яўляецца раяль, што пасля рэстаўрацыі Мірскага замка быў змешчаны ў Партрэтнай зале.

 З канца верасня амаль кожную суботу там праходзяць канцэрты пры ўдзеле Белдзяржфілармоніі. І менавіта гэты раяль задзейнічаны пад час ці не кожнай музычнай праграмы.

Як падрабязна пісала "К", якраз у Партрэтнай зале адбыўся вялікі канцэрт твораў ураджэнца недалёкай Любчы Мікалая Набокава. А, да прыкладу, 15 кастрычніка ў сценах Мірскага замка пройдзе канцэрт інструментальнага трыа "Кансананс". Удзельніку калектыву Валерыю Баравікову прадаставіцца магчымасць сыграць на раялі знакамітай маркі "Gebr. Perzina", які быў устаноўлены у самай прыгожай зале замкавага комплексу.

Белы раяль - не проста канцэртны інструмент: ён стварае ў замку атмасферу мастацтва і раскошы, з'яўляецца пацвярджэннем правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў. Падобны інструмент быў у модзе яшчэ напрыканцы XIX - пачатку XX стагоддзя, упрыгожваў будуары ўплывовай арыстакратыі. Не былі выключэннем, відавочна, і прадстаўнікі роду Святаполк-Мірскіх.

Гісторыя музычных інструментаў "Perzina" пачалася 1 ліпеня 1871 года. У гэты дзень браты Юліус і Альберт Перцына адкрылі сваю краму ў горадзе Швэрын, што на Поўначы Германіі. Гэтую дату лічаць датай заснавання сусветна вядомай фабрыкі па вытворчасці піяніна і раяляў "Gebr. Perzina".

Бацька братоў Перцына быў фартэпіянным майстрам у Саксоніі, і сыны прадоўжылі ягоную справу. Браты працавалі на многіх фабрыках, у тым ліку на фабрыцы "Carl Bechstein".

Да 1900-га фабрыка пашырылася, і ў 1910-м вытворчасць ўзрасла да 1000 інструментаў у год. У 1905-м сталі выпускаць таксама раялі, адзін з якіх і прадстаўлены ў калекцыі Замкавага комплексу "Мір". У гэты перыяд "Gebr. Perzina" атрымала вельмі шырокае распаўсюджанне ва ўсім свеце і працягвала развівацца з 1906-га пад патранатам каралевы Вільгельміны.

Раялі маркі "Gebr. Perzina" - адны з нешматлікіх інструментаў, у канструкцыі якіх выкарыстоўваецца рэзанансная дэка, выгнутая сваімі гукавымі платамі ў процілеглы ад звыклага бок. Дадзеная канструкцыя дазваляе атрымаць дзівосны, цалкам збалансаваны, чысты і глыбокі гук. Больш за 140 гадоў гэтая марка карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод прафесійных музыкаў і аматараў.

Наталля КАВАЛЕВІЧ, навуковы супрацоўнік музея "Замкавы комплекс "Мір"