Як мама вучыла, або Докшыцкія ўрокі прафесійнага майстэрства

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Прафесія культасветработніка ў Докшыцкім раёне набывае ўсё большую прэстыжнасць. Работнікі клубаў, бібліятэк і школ мастацтваў заўжды знаходзяць паразуменне з кіраўніцтвам і горада, і сяла. Няма асаблівых праблем з жыллём для маладых спецыялістаў. Таму штогод у гэты старадаўні куток Віцебшчыны размяркоўваецца да дзесяці выпускнікоў самых розных навучальных устаноў культуры. Сярод 185 культасветработнікаў раёна 55 маюць вышэйшую адукацыю, 97 — сярэднюю спецыяльную. Завочна вучацца 19 спецыялістаў. Для райцэнтра, які ў сярэдзіне верасня адсвяткаваў 600-годдзе і здавён праславіўся ўдумлівым стаўленнем да развіцця культуры, такі падыход да кадравага пытання стаў будзённасцю..

“Не ўмею працаваць па шаблоне”

Дырэктар ЦБС Галіна Цыбульская (Броўка — у дзявоцтве) у 1979 г. скончыла Інстытут культуры. Родам яна з Докшыцкай зямлі, з вёскі Бяседа, хоць і далёкая, але сваячаніца народнага пісьменніка Беларусі Петруся Броўкі. Той выпадак, калі будучыня і наканавана слыннай радзінай, і яе творчым плёнам прадвызначана. Аб прыхільнасці паэта да кнігі, культуры і развіцця маладых талентаў расказваць можна бясконца. Гэткі ж жыццёвы шлях абрала для сябе і Галіна Віктараўна, размеркаваўшыся ў Докшыцы з жаданнем працаваць сумленна і вынікова. Натхненне шукае ў добрых людзях, трапных вершах і ў… кветках, высаджаных ля ўласнае хаты.
Ужо тры гады як узначальвае цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму раёна. У
тым, што тры бібліятэкары з Докшыччыны завочна вучацца цяпер ва Універсітэце культуры, а два — у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, прамая заслуга Цыбульскай.
І яе словы “не ўмею працаваць па
шаблоне” не ўспрымаюцца, як нешта галаслоўнае і бяздоказнае. Амаль 23 мільёны рублёў, цэнтралізавана выдаткаваныя з абласнога і мясцовага бюджэтаў на папаўненне кніжнага фонду, выкарыстоўваюцца з розумам. Цыбульская наўпрост выходзіць на дзяржаўныя выдавецтвы “Мастацкая літаратура”, “Вышэйшая школа”, “Беларуская навука” і іншыя, знаёміцца з прайс-лістамі, у адпаведнасці з попытам робіць заказы. У выніку фонд бібліятэк раёна папоўніўся сёлета на 3624 кнігі.
Гэта жыццёвая аксіёма, што пра выніковасць працы кіраўніка мы мяркуем
па плённасці шчыраванняў яго падначаленых. Дык вось, на шаблоны тут і намёку няма. У тым, што бібліятэка в.Крулеўшчызна план платных паслуг за 8 месяцаў выканала больш чым на 120 працэнтаў, неаспрэчная заслуга бібліятэкараў Іны Каросцік і Сашы Пятроўскай. Стварылі чытацкі клуб “Мудрасць”, здолелі ўзвесці карыстанне камерцыйным кніжным фондам у ранг прэстыжнай духоўнай патрэбы ледзь не кожнага вяскоўца.
А ў бібліятэках вёсак Янушкава і Літоўцы надзвычай цікава працуюць з дзецьмі. Для таго каб увайсці ў элітарны лік
“чарадзеяў-кніжнікаў”, шкалярам трэба наведацца ў бібліятэку не менш трох разоў у месяц, прачытаць за лета не менш чым 15 кніг, падарыць установе цацку,кветку ці казку і запісаць хаця б аднаго новага чытача. У “чарадзеі-кніжнікі” — чарга, бо стаць ім — прэстыжна.
Бібліятэкар Людміла Козел з Янушкава
“прызнаецца”, што любы прафесійны культасветработнік у сваёй справе павінен кіравацца простым прынцыпам: прымусіць далучыцца да культуры немагчыма, а вось зацікавіць — можна і неабходна. Людміла Мікалаеўна стварае кнігу рэкордаў Янушкаўскай бібліятэкі. І трапляе сюды не толькі той, у каго вялікі чытацкі фармуляр, самая “кніжная” сям’я, але і злосны кніжны даўжнік. Натуральна, сістэма дзейнічае, а паміж бібліятэкарамі раёна — негалоснае і бестэрміновае творчае суперніцтва на самую арыгінальную інавацыю. На шаблоны часу няма.

Пад маміным крылом

Калі гаварыць пра пераемнасць пакаленняў і дынастыі культработнікаў, дык ці не самы красамоўны прыклад — у вёсцы Літоўцы.
Ніна Іванская — чалавек тут знаны і
аўтарытэтны, бо і мясцовым сельскім клубам, і тутэйшай бібліятэкай пачала кіраваць аж у 1964 г. Хоць і не атрымала Ніна Пятроўна спецыяльнай адукацыі, але яшчэ на пачатку працоўнага шляху зразумела, што любая ўстанова культуры павінна вабіць наведвальнікаў хатняй утульнасцю і цеплынёй. Маўляў, якую энергію ў справу ўкладзеш, такую духоўную аддачу і атрымаеш. За гэтую сваю энергію атрымала Ніна Пятроўна незлічоную колькасць раённых і абласных грамат. І да кожнага вяскоўца заўжды ставілася як да сваяка. Гэтаму ж і малодшую дачку Аленку вучыла — тая ні на крок ад мамы не адставала, увесь час і ў клубе, і ў бібліятэцы, таму з выбарам прафесіі не вагалася.

 /i/content/pi/cult/130/646/Kult2.jpg

Бібліятэкарка з Літоўцаў А.Тумашэвіч разам з маці Н.Іваноўскай.

Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, пачала працаваць бібліятэкарам у Літоўцах. Спачатку з бібліятэчным каталогам былі праблемы — як афармляць ды як весці. А Ніна Пятроўна — і тут спецыяліст: калісьці каталог гэты склала і ўпарадкавала першай у раёне. Словам, стала Аленка Аленай Іванаўнай, займела свой стыль у працы. Да прыкладу, хоць і была ў адпачынку, але па нядзелях бібліятэку заўжды адчыняла: любоў да кнігі яшчэ мама прывіла, ці ж мае права дачка чытачоў расчараваць?
Хоць клуб і бібліятэка пяць гадоў як у новым памяшканні, але ўтульнасць захавалі маміну. Ніна Пятроўна аздобіла
інтэр’еры дыванкаміі рукадзеллем уласнага вырабу. І дзякаваць Богу, што не “еўрастандарт”, а самы што ні ёсць нацыянальны вясковы асяродак, сагрэты дбайнай душой.
А сёлета бібліятэкарка Літоўскай бібліятэкі А.Тумашэвіч зрабіла ў жыцці яшчэ
адзін рашучы крок, натуральна, таксама падтрыманы мамай: паступіла на завочнае аддзяленне БДУ культуры і мастацтваў. “Дзесяць дзён першай, установачнай, сесіі — як сапраўдны прарыў ва ўласных ведах пра сучаснае бібліятэказнаўства”, — падзялілася ўражаннямі. А пасля заняткаў бегала па бібліятэках, пабывала ў абласной, цэнтралізаванай дзіцячай і, безумоўна, у Нацыянальнай. Тое, што шукала, — знайшла: самыя апошнія метадычныя распрацоўкі калег. Ну як, скажыце, тым шаблонам выжыць пры такой неабыякавасці, выхаванай пад надзейным маміным крылом? Дарэчы, Ніна Пятроўна і на пенсіі без справы не сядзіць: збірае і прапагандуе мясцовы фальклор. Не без задавальнення агучыла адну з апошніх тутэйшых прыпевак: “А дзяўчаты докшыцкія ўсе такія модныя, валасы на цвік накруцяць, а кажуць, што прыродныя!”.

“Культуру трэба падтрымліваць!”

І гэта яшчэ не ўсё пра Літоўцы. Яна — з шасці паселішчаў, якія ўваходзяць у склад камунальнага унітарнага сельска-гаспадарчага прадпрыемства “Докшыцкі”. А кіраўніком гаспадаркі вось ужо шосты год — Вадзім Кунц. Літоўцам, прама скажам, пашанцавала. Культура і вытворчасць тут у саюзе самым шчыльным і дзейсным. Спатрэбіўся вёсцы новы клуб — Кунц адрэагаваў без ваганняў: успомніў пра мясцовы даўгабуд — лазню, пад якую калісьці здолелі толькі сцены ўзвесці. Так у 2002 г. у Літоўцах за кошт “Докшыцкага” быў збудаваны культурны цэнтр — клуб і бібліятэка ў адным памяшканні. Пайшло на гэта каля 20 мільёнаў рублёў. Муж загадчыцы СДК Ганны Юнцэвіч дапамог з дзвярыма і вокнамі. Дый сама яна — апантаная спецыялістка з дваццацігадовым стажам — прымала ў будаўніцтве самы актыўны ўдзел.

 /i/content/pi/cult/130/646/Kult1.jpg

Старшыня сельскагаспадарчага прадпрыемства “Докшыцкі” В.Кунц.

Клуб стаў і геаграфічным, і духоўным цэнтрам гаспадаркі. Кунц смяецца: “Я ж і сам яшчэ не стары — 35 гадоў. А ў нас такіх — ад 18 да 35 — 60 працэнтаў… Каб захаваць гаспадарку, трэба культуру падтрымліваць! Клуб і бібліятэка сталі ў нас месцамі рэгулярных сустрэч і ў святы, і ў будні”.
Вадзім Уладзіміравіч абвясціў СДК і
прылеглую тэрыторыю зонай культуры, цвярозасці і спорту. Закупіў (на пяць мільёнаў пацягнулі) каляровы тэлевізар, DVD-прайгравальнік, сучасныя мікрафоны, мікшэрскі пульт і калонкі. На музычны цэнтр культасветработнікі з дапамогай платных паслуг зарабілі самі. Побач з СДК — валейбольная і футбольная пляцоўкі, якія па вечарах ніколі не пустуюць. На дыскатэкі таксама збіраецца моладзь з шасці навакольных вёсак… Вадзім Кунц і сам не пазбаўлены творчай жылкі — занатоўвае летапіс культурнага жыцця гаспадаркі на ўласную відэакамеру. На праглядах — заўжды аншлагі…
І апошні ўклад Вадзіма Кунца, на гэты раз — у актуальную справу эканоміі і
беражлівасці: тры грубкі СДК паляцца ў зімовы час уласнымі дрывамі і торфам.

Эканамічная бяспека

Тымі днямі, дарэчы, завітаў у Докшыцы намеснік Прэм’ер-міністра РБ А.Косінец. Правёў нараду, прысвечаную выкананню Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Эканомія і ашчаднасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Пракаменціраваць вынікі нарады з ухілам у праблемы мясцовай сферы культуры ды плюс убачанае намі падчас камандзіроўкі мы папрасілі старшыню Докшыцкага райвыканкама Алега Пінчука, які прыступіў да абавязкаў з мая.
Алег Леанідавіч скончыў у свой час не толькі Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце
РБ, але і БДУ культуры і мастацтваў — аддзяленне сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі. Вось што ён распавёў:
— Першарадная ўвага— матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню. Рэзервы
бачым ва ўзаемадзеянні з кіраўнікамі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, у якіх ёсць магчымасць аказаць фінансавую падтрымку для добраўпарадкавання бібліятэк, дамоў культуры, клубаў і музычных школ… Аляксандр Косінец падкрэсліў, што ў нас не

 /i/content/pi/cult/130/646/Kult5.jpg

Выток Бярэзіны.

распрацавана дзялянка ў аказанні платных паслуг у сферы агра-экатурызму. Наш раён экалагічна самы чысты ў рэспубліцы. Тут бяруць пачатак рэкі Вілія і Бярэзіна, паблізу знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, у нас захавалася нямала гісторыка-культурных помнікаў. Словам, ёсць што паказаць на нашых турыстычных маршрутах. Таму намеснік Прэм’ер-міністра даў у час нарады канкрэтныя даручэнні: да прыкладу, адкрыць новыя рабочыя месцы ў названым кірунку. Перавод сферы культуры на гасразлік, уменне зарабляць — таксама адзін з фактараў эканамічнай бяспекі.
А вось каментарый намесніка старшыні Докшыцкага райвыканкама па будаўніцтве і камунальнай гаспадарцы Віктара Жаўнеркі:
— Кацельні цэнтралізуем, большая
палова з іх працуе на мясцовых відах паліва. Гэта дровы, торф, пілавінне… Пракладаюцца новыя цеплатрасы — з лепшым ізаляваннем і больш эканамічныя.
Пра падрыхтоўку ўстаноў культуры
да зімы паведаміў і начальнік аддзела культуры Уладзімір Пусташыла:
— Цалкам адрамантавана сістэма
ацяплення ў РДК, устаноўлены лічыльнікі цяпла. Па раёне ўстаноўлены больш эканамічныя катлы. Пачынаем выкарыстоўваць кускавы торф — эфект ад яго значна большы ў параўнанні з торфабрыкетам… Безумоўна, выкананне раённых мерапрыемстваў па ажыццяўленні Дырэктывы Прэзідэнта ўлічваецца пры ацэнцы працы нашых спецыялістаў культуры.

Досвед першых месяцаў

Падрыхтаваліся да зімы і ў вёсцы Таргуны. Гэта адзін з 11 аграгарадкоў раёна.
У пакоях шыкоўнага і дагледжанага ДК
дзейнічаюць сем гурткоў, творчых калектываў і аб’яднанняў. У вокнах — шклопакеты. Кацельня, даўно пераведзеная з мазуту на дровы, забяспечвае цяплом не толькі Дом культуры, але і жылыя катэджы, КБА. Старшыня СВК

/i/content/pi/cult/130/646/Kult3.jpg

Кіраўнік гуртка ганчароў Раённага дома рамёстваў А. Вішнеўскі.

“Таргуны” Уладзімір Новікаў, як і В.Кунц з Літоўцаў, указанне новага кіраўніка раёна выконвае як мае быць, бо разумее, што без культуры няма і вытворчасці. Але нас зацікавіў не гэты неаспрэчны факт.
З першага жніўня пасля сканчэння
Наваполацкай музычнай вучэльні ў Таргуноўкі ДК па размеркаванні трапіла Аксана Глінская, пачала працаваць мастацкім кіраўніком. Вось што паведаміла пра ўражанні першых дзён:
— Канешне, было вельмі страшна:
хоць родам і з Докшыцкага раёна, аднак у Таргунах нікога не ведала, а тут амаль 500 жыхароў. Але імгненна трапіла пад нагляд дасведчаных спецыялістак— дырэктара ДК Валянціны Малюжанец і Алы Краўчонак, якая дагэтуль працавала мастацкім кіраўніком, а цяпер узначальвае аматарскае аб’яднанне “Вытокі”. Менавіта ад іх і атрымала першыя ўрокі практычнага досведу: трымацца трэба ўпэўнена, ведаць пажадана ўсіх і працаваць на ўласны аўтарытэт… Вяду тры гурткі, на рахунку ўжо два вялікія мерапрыемствы. Нам з мужам адразу прапанавалі ў вёсцы чатырохпакаёвую кватэру, але мы адмовіліся — навошта нам пакуль такая вялікая. Да Докшыц пяць кіламетраў — жывём там…
Аксана — на пачатку жыццёвага
шляху, але цвёрда ведае, што рабіць: вучыцца ў калег і паступаць завочна ў ВНУ. Дай ёй Бог поспехаў!

Новае — забытае старое

Ёсць свая вучаніца і ў метадыста раённага навукова-метадычнага цэнтра Святланы Каляга. У культуры Святлана Іванаўна ледзь не сорак гадоў. Досвед мае велізарны. На пачатку 1980-х працавала, да прыкладу, загадчыцай аўтаклуба. Як успамінае, плён ад выкарыстання мабільнай установы культуры, абсталяванай кінапраектарам, магнітафонам і прайгравальнікам, быў неймаверны.
Складаліся тады штомесячныя графікі
мэтавых выездаў, якія абавязкова зацвярджаліся ў абласным упраўленні культуры. За месяц такіх творчых камандзіровак было не менш чым 17, за год ахопліваліся ўсе, самыя аддаленыя і маланаселеныя вёскі Докшыччыны. З цягам перабудовы гэты досвед быў паспяхова пахаваны, але, на шчасце, не беззваротна: мабільная клубная сетка па Беларусі аднаўляецца зноў. І Таццяна Канцавая, нядаўняя выпускніца Віцебскай вучэльні мастацтваў (родам з Докшыц), вярнулася сюды па размеркаванні менавіта ў якасці будучай загадчыцы аўтаклуба.
Натуральна, што свой колішні досвед
перадае ёй цяпер менавіта Святлана Іванаўна. І рэкамендацыі для дзяўчыны тут досыць канкрэтныя: ведаць і супрацоўнічаць з кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і старшынямі сельсаветаў, на ўліку трымаць запатрабаванні ветэранаў і моладзі, арыентавацца ў праблемах і дасягненнях раёна, умець карыстацца мультымедыйнай тэхнікай, быць чалавекам творчым, няўрымслівым і, безумоўна, атрымліваць вышэйшую адукацыю… Вось такая “праграма мінімум” для культасветработніка, які толькі распачынае шлях у прафесію.

Захавальнікі традыцый

Чарговая творчая дынастыя — Уладзімір і Валянціна Пусташылы. Уладзімір Іванавіч — начальнік аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама, стваральнік народнага фальклорнага гурта ”Раніца”, якому ўжо ледзь не 30 гадоў, аўтарытэтны знаўца тутэйшай культуры,

 /i/content/pi/cult/130/646/Kult4.jpg

Докшыцкую кадрылю выконвае “Раніца”.

чалавек дасведчаны, датклівы і неабыякавы. Гэта ягоная прамая заслуга, што ў дзень 600-годдзя Докшыц упершыню прайшоў рэгіянальны фестываль “Абшары докшыцкіх крыніц”. Самадзейныя артысты з Глыбокага, Барысава, Смаргоні, Вілейкі паказвалі сваё майстэрства на міжрэччы Бярэзіны і Віліі (менавіта гэтыя рэкі пазначаны на гарадскім гербе, які сёлетнім летам землякі-альпіністы ўзнеслі аж на Эльбрус)...
Валянціна Мікалаеўна — дырэктар Дома рамёстваў, сапраўднай навуковай лабараторыі райцэнтра па вывучэнні і распаўсюджванні традыцыйнай культуры Докшыччыны. Тутэйшы клуб самадзейных мастакоў і народных майстроў “Докша” аб’ядноўвае аж 25 майстроў з самых розных куткоў раёна. Мясцовыя ткацтва, саломка- і лозапляценне, ганчарства, разьба па дрэве добра вядомыя і ўсяляк уганараваныя на “Славянскім базары ў Віцебску” і самых розных рэспубліканскіх конкурсах народных майстроў.
У Доме рамёстваў заўжды шмат
дзяцей. Ён выпраменьвае дабрыню і радасць, непрымусова выхоўвае гонар жыць і тварыць на Беларусі. Так напаўзабытая маміна калыханка сагравае нас усё жыццё і натхняе на добрыя учынкі.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Андрэй СПРЫНЧАН (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Докшыцы — Літоўцы —
Таргуны — Мінск