Дакладна, як у Суціна!

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Беларусь наведаў нашчадак сусветна вядомага мастака

/i/content/pi/cult/345/6456/11-1.jpg

 "Які насычаны дзень! Столькі ўвагі я не атрымліваў і за цэлы год!" - з захапленнем прамовіў госць Беларусі акурат перад інтэрв'ю карэспандэнту "К". Кенет ГРОГЕР - нашчадак сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна, выкладчык англійскай мовы ў Японіі - прыбыў з другім візітам у Беларусь, каб пабачыць зямлю свайго славутага продка. Паездка, якая насіла амаль прыватны характар, сталася для ўнучатага пляменніка Суціна (цётка Кенета была дачкой сястры мастака) сапраўднай працай: Грогер быў у цэнтры ўвагі грамадскасці ды прэсы - і ўвесь час дзяліўся інфармацыяй пра сябе і свайго славутага дзядзьку Хаіма. Нельга сказаць, што тая ўвага, якая абрынулася на Кенета, стала яго гнесці, але напрыканцы дня наш суразмоўца меў патрэбу ў адпачынку. Увайшоўшы ў сітуацыю, карэспандэнт "К" прапанаваў спадару Грогеру пагутарыць у больш нязмушанай абстаноўцы - завітаўшы ў адно з мінскіх кафэ, каб пакаштаваць беларускія стравы.

"Мой першы сапраўдны візіт"

- Спадар Грогер, пачаць мне хацелася ўсё ж з вашых апошніх уражанняў. Гэта не першы ваш візіт у Мінск, Смілавічы?

 - Другі. Але можна сказаць, што менавіта ён стаў маім сапраўды першым візітам. Я наведаў Беларусь шэсць гадоў таму, аднак мне не ўдалося сустрэцца з тымі людзьмі, з кім я хацеў убачыцца, а гэтым разам усё было выдатна. Я наведаў сваю сям'ю ў Мінску (Кенет мае на ўвазе пляменніцу Суціна- Ніну Аляксандраўну, якая жыве ў сталіцы. - Д.А.)- гэта зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражанне. Потым - наведаў музей у Смілавічах і на свае вочы пабачыў, якім клопатам атуляюць памяць майго дзядзькі на яго радзіме. І гэта кранае надзвычайна! Таму магу смела сказаць, што сённяшняя вандроўка - мой першы сапраўдны візіт.

- Што да музея "Прастора Хаіма Суціна" ў Смілавічах... Вам яго экспазіцыя падалася цікавай?

- Так. Хаця там не так шмат інфармацыі аб жыцці дзядзькі, але экспазіцыя, музей у цэлым арганізаваны вельмі артыстычна, творча. У гэтым- яго перавага. Акрамя таго, мяне кранула тое, што ўстанова - пад адным дахам з Цэнтрам дзіцячай творчасці. І мы бачылі там работы дзяцей - іхнія творы з газет, пластыкавых пакетаў, са скуры, - што падаецца мне прыкметай творчай атмасферы, таго, што дух Суціна жыве ў гэтым месцы. Суседства музея і Цэнтра бачыцца мне безумоўна правільным крокам. (Пры гэтым Кенет дастае з сумкі гліняны сувенір - памятку музея, зробленую дзецьмі, - і паказвае яго як сапраўдную рэліквію).

Каляды "ад дзядзькі Суціна"

- Кенет, а калі вы ўпершыню пачулі імя Хаіма Суціна?

 - У дзяцінстве. Мой бацька працаваў мясніком, і жылі мы не надта багата. Аднак у нас існавала традыцыя святкавання Каляд, як і ў шматлікіх сем'ях, і гэтыя дні заўжды былі для нас аднымі з самых яскравых. Дык вось, справа ў тым, што ўсе нашчадкі Суціна атрымліваюць пэўны працэнт ад продажу яго твораў, і мы не з'яўляліся выключэннем. Я памятаю, як да нас прыходзілі чэкі "ад дзядзькі Суціна", - так казаў бацька, - і тады ў наш дом сапраўды прыходзілі Каляды. Незалежна ад пары года, зразумела. Гэта была дапамога, у якой наша сям'я мела патрэбу. Гэта было свята. Гэта былі яшчэ адны Каляды, якіх мы так чакалі... Так што з самага дзяцінства з "дзядзькам Суціным" у мяне былі звязаны самыя светлыя ўспаміны.

- А што было потым? Як далей развіваліся вашы стасункі з гэтым дзядзькам-чараўніком?

- Сапраўднае знаёмства з яго лёсам і творчасцю адбылося, натуральна, пазней. Нельга сказаць, што памятаю "той самы момант", калі раптам убачыў творцу ва ўсёй ягонай велічы, - гэта адбывалася паступова. Справа ў тым, што я ўвогуле цікаўлюся сваім радаводам. І для гэтага не шкадую ні часу, ні высілкаў. Аб'ездзіў усю Еўропу ў пошуку каранёў. Сустракаюся са сваякамі, знаёмлюся з імі, і нават зрабіў са сваіх даследаванняў пэўны праект. Я падарожнічаў па Еўропе і пакідаў на ўласным сайце пэўныя прыкметы культуры краіны, дзе ў дадзены момант спыняўся - кухня, архітэктура, звычкі, - а мае студэнты павінны былі зразумець па тых падказках, дзе я знаходжуся. Паралельна з гэтым інтэрактывам я шукаў, сустракаўся і даведваўся пра свае карані. І вось, крок за крокам, разам з гэтымі вандроўкамі адбывалася і маё знаёмства з Хаімам: дзесьці я бачыў ягоныя творы, недзе чытаў пра яго кнігі, а дзесьці сустракаўся з тымі, хто мог пра яго штосьці распавесці. Сёння, да прыкладу, я- тут, але не ведаю, куды далей завядзе мяне маё даследаванне. Безумоўна адно: гэтыя стасункі з маім продкам развіваюцца і натхняюць мяне.

- Магчыма, гэтае паглыбленне ў гісторыю Хаіма Суціна можа выліцца ў асобны праект?

 - Вы маеце рацыю! Цяпер я здымаю дакументальны фільм пра Хаіма: у мяне назбіралася шмат матэрыялу, акрамя таго, я хачу паведаміць свету маё асабістае ўспрыняцце яго творчасці і гісторыі. Але калі будзе гатова гэтая карціна, пакуль невядома. Усё знаходзіцца менавіта ў такім пакутлівым акце творчасці: калі няма спакою і задавальнення.

 - Як у Суціна?

- Дакладна!

"Навошта вам гэта?"

- Ці існавалі ў вашай сям'і легенды і прыватныя гісторыі пра мастака?

 - Так, былі. Акрамя таго, мая сястра сустракалася з цёткай Дораці, якая з'яўляецца пляменніцай Суціна. Цяпер цётцы за дзевяноста, жыве ў Маямі, і яна таксама падзялілася сваімі ўспамінамі. Цётка прызналася, што Хаім навучыў яе сваім прыкладам многаму. У прыватнасці, ейны сын хацеў стаць доктарам, і гэты выбар не вельмі падабаўся цётцы. Але яна саступіла, бо памятала пра досвед Суціна: калі бацька мастака не падтрымліваў захапленне сына, і як цяжка з гэтага пачувалася апошняму... Ёсць гісторыі, ёсць.

 - Магчыма, падзеліцеся якой?

- Не магу, выбачайце: менавіта гэты назапашаны матэрыял я трымаю для сваёй стужкі. Фільм жа мусіць змяшчаць пэўную новую інфармацыю...

- Але хоць бы адну...

- Не ведаю... Добра, распавяду вам адну характэрную, на маю думку, гісторыю. Аднойчы Хаім гасцяваў у маёнтку яго патранэсы мадам Кастэн. Разам з ейным мужам яны выбраліся на шпацыр і ўбачылі цыганскі табар, які трымаў шмат прыгожых коней. Мадам Кастэн спытала Хаіма, ці хацеў бы ён намаляваць гэтых коней. Мастак выбраў адну старую кабылу і сказаў, што калі маляваць - то толькі яе. "Яна ж зусім старая, змучаная! Навошта вам гэта?" - не разумела мадам. Але Хаім патрабаваў, каб цыгане заўтра ж прывялі яму гэтую непрыгожую кабылу ў сядзібу: ён будзе яе маляваць. Зразумела, што мастак убачыў душу гэтай жывёліны, яе лёс. Мне асабліва падабаецца гэтая гісторыя, бо яна раскрывае характар Суціна, дае ўражанне пра яго творчасць, пра тое, што менавіта ён лічыў прыгожым і вартым увагі мастака.

 - Гісторыя нядрэнная. А хто вам яе распавёў?

- Шчыра прызнаюся: я прачытаў яе ў адной з кніг! Вы так мяне прасілі- і я быў вымушаны вас крышку падмануць (смяецца). Бо не магу зараз распавесці тыя легенды, якія захаваліся ў нашай сям'і. Даруйце мне! Але гэтая гісторыя мне сапраўды падабаецца. Яна- адна з самых каштоўных, паверце.

"Цяпер ён належыць усяму свету"

- Кенет, ды ўсё ж як на ваш лёс паўплывала веданне вашай сувязі з такім мастаком, як Суцін?

- Кроў! Я адчуваю гэта, напрыклад, тады, калі даецца ў знакі мая крэатыўная жылка. Я не так шмат працую, як ён, але імкнуся самавыявіцца праз стварэнне кіно, сваю педагагічную дзейнасць... Для мяне ўсё згаданае - істотна. Па-другое, калі быць шчырым, прыклад характару Хаіма Суціна дае мне магчымасць скіроўваць у правільнае рэчышча ўласную "персанальную нервовасць". Я разумею цяпер, што гэта нармальна, і трэба папросту субліміраваць пачуццё няўпэўненасці ў творчасць. У кожнай сям'і ёсць такія прыклады, калі мы пакутуем ад пэўных заган, дзівацтваў, пачынаем абмяжоўваць сябе, не разумеючы таго, што гэтыя "няправільнасці" - пэўная энергія, якая дае нам штуршок для развіцця, руху. І тое, як Хаім выкарыстоўваў свае пакуты, каб стварыць сапраўдныя творы мастацтва, мусіць быць прыкладам для ўсіх нас. І, як дзіўна гэта ні гучала б, я сапраўды па ім сумую...

- Якой краіне, на вашу думку, найбольш блізкая яго постаць?

 -Беларусь, Літва, Ізраіль... Цяпер кожнаму народу, краіне, так або інакш звязаным з ягоным лёсам, хацелася б мець "кавалачак Суціна". Але ж быў яшчэ і горад святла - Парыж... Мне падаецца, для Суціна не мела значэння тое, якой краіне ён будзе належаць. Ён прагнуў маляваць. Ён цяжка працаваў, ён пакутаваў. Ён трымаўся за свой боль і праламляў яго. Ягоная праца была для яго нечым кшталту свабоды: у ёй ён адчуваў патрэбу, у ёй жыў. І менавіта таму цяпер ён належыць усяму свету.

- Можа, у Еўропе існуе фонд Суціна, які займаецца спадчынай мастака, збірае інфармацыю пра яго?

- Ёсць арганізацыя па выкананні аўтарскіх правоў, фундатарам якой з'яўляецца мая цётка Дораці. Менавіта адтуль мая сям'я атрымлівала грошы ў час майго дзяцінства. Але пра вялікую фундацыю, якая спецыялізавана займалася б спадчынай Суціна, не ведаю.

 - Ці засталіся ў вашай сям'і пэўныя асабістыя рэчы Суціна?

- Не. Зараз вы сказалі пра артэфакты, і я пачаў шкадаваць, што ў мяне нічога няма. Гэта добрая ідэя! З сённяшняга дня я распачну іх пошук.

Фота Дзмітрыя КАЗЛОВА

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў арганізацыі інтэрв'ю намесніку дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Надзеі Усавай і перакладчыку Вользе Палевіковай.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"