Прыгоды “Рыжыка…”

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

12 кастрычніка ў нямецкім горадзе Кемніц у рамках Міжнароднага кінафестывалю для дзяцей і юнацтва “Шлінгель” адбудзецца конкурсны паказ беларускай казкі “Рыжык у Залюстэраччы”.

/i/content/pi/cult/345/6454/10-3.jpg

Прэзентаваць карціну міжнароднаму журы і нямецкім гледачам будуць сама рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар сцэнарыя Алена Турава і выканаўца галоўнай дзіцячай ролі Дзіяна Запрудная.

Адзін з найбуйнейшых кінафестываляў Еўропы для дзяцей пройдзе сёлета ў шаснаццаты раз. З 10 па 16 кастрычніка мерапрыемствы форуму ахопяць Лейпцыг, Цвікаў і Кемніц, дэманструючы на шматлікіх пляцоўках акрамя асноўнай праграмы панарамныя паказы, конкурс "Фокус-Германія". Дарэчы, "свавольнік"- так можна перакласці нямецкае слова "шлінгель", што вынесена ў назву фэсту.

Між іншым, "Рыжык..." - не адзіны прадстаўнік нашай краіны на форуме. Вядучы спецыяліст па рэкламе і фестывальнай дзейнасці "Беларусьфільма" Эліза Патапенка паведаміла "К", што ў конкурсе прадстаўлена сяміхвілінная карціна "Сараканожка". Анімацыя створана ў бягучым годзе рэжысёрам-пастаноўшчыкам Таццянай Кубліцкай па ўласным сцэнарыі.

На здымках: кадры з "Рыжыка ў Залюстэраччы".

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"