“Званар” з Дарапеевічаў

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Лёс і асоба палешука за 26 хвілін

/i/content/pi/cult/345/6453/10-2.jpg

Студыя "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" днямі прадэманстравала мінчанам сваю новую стужку. Карціна "Званар" Кацярыны Махавай паказвае некалькі эпізодаў з жыцця пажылога селяніна, які ўжо амаль восем дзясяткаў гадоў б'е ў царкоўныя званы ў сваёй роднай палескай вёсцы.

Сюжэт 26-хвіліннай стужкі вельмі просты і не мае жорсткай лінейнай структуры, закадравага тэксту ды інтэрв'ю дзейных асоб "у камеру", так званых "сінхронаў", што вельмі распаўсюджана ў сучаснай дакументалістыцы, схільнай да тэлеэстэтыкі. "Званар" - гэта атмасферны твор, а не кіно, якое пабудавана на перадачы нейкай падзеі або апісанні канкрэтнай з'явы, і ўспрымаецца ён гледачом выключна дзякуючы яго разуменню ды схільнасці да мастацкага абагульнення. Балазе вобразы ды абставіны, прапанаваныя ў стужцы Кацярынай Махавай, даволі простыя і кранальныя.

Такім чынам, галоўныя вобразы стужкі - постаці самога званара, пажылога чалавека, і яго хворай жонкі, чыё жыццё знаходзіцца на фінальным адрэзку, але, нягледзячы на відавочна няпросты свой характар, прасякнута любоўю да бліжняга і сваёй, наканаванай лёсам, справы. У гэтым сэнсе "Званар" працягвае тэматыку і стылістыку найлепшых стужак студыі "Летапіс", знятых у апошнія гады, ды адсылае да адпаведных работ Віктара Аслюка, Міхаіла Жданоўскага, Галіны Адамовіч. Карціна Кацярыны Махавай - яшчэ адна ўдалая старонка мастацкага кіналетапісу беларусаў, зробленая ў традыцыі нацыянальнай дакументалістыкі. "Званар" стаў, відавочна, самай дасканалай часткай "палескай трылогіі" рэжысёра, распачатай стужкамі "Коліш" і "Давеку". Пра іх у свой час пісала "К".

Калі першая з іх была своеасаблівым музычным сведчаннем былых часоў, а другая - творчым партрэтам вядомага народнага майстра і ўлюбёнага ў свой край мастака, дык новая частка трыпціха датычыцца непасрэдна асобы чалавека, які жыве на палескай зямлі. Канкрэтныя звесткі аб сваім героі рэжысёр дае напрыканцы стужкі ў выглядзе сціслага фінальнага цітра, але і без гэтага дадатковага штрыха на ўзроўні адчуванняў зразумелы працяглы і няпросты жыццёвы шлях галоўнага героя. Скупая на інфармацыю, карціна Кацярыны Махавай, тым не менш, мае вялікую эмацыйную сілу, прапануючы сімвалічны, філасофскі вобраз, бадай, перадапошняга абароту жыццёвага кола асобы./i/content/pi/cult/345/6453/10-1.jpg

- Усе тэмы і героі апошніх стужак "жывуць" на Палессі, - распавяла карэспандэнту "К" рэжысёр Кацярына МАХАВА. - Яшчэ калі мы са здымачнай групай вандравалі па тутэйшых мясцінах і запісвалі народных выканаўцаў для фільма "Коліш", я была вельмі ўражана своеасаблівасцю гэтых цудоўных мясцін, дзе захавалася шмат той культурнай і чалавечай аўтэнтыкі, якую практычна немагчыма сустрэць у іншых рэгіёнах Беларусі. Я літаральна ўлюбілася і ў саму палескую зямлю, і ў тых людзей, якія працягваюць на ёй традыцыі пакаленняў продкаў. Аб гэтым быў мой другі фільм "палескага цыкла" - "Давеку".

Што да ўласна "Званара", дык першапачатковай мэтай стварэння фільма было паказаць унікальную музычную культуру царкоўнага звону ў гэтым кутку нашай краіны. Штуршком паслужыла сцэнарная заяўка прафесійнага музыказнаўцы Алены Шацько. Планавалася, што карціна будзе распавядаць менавіта аб традыцыях і сучасным становішчы звону і толькі ўскосна - пра саміх прадстаўнікоў, мусіць, самай незвычайнай музычнай спецыяльнасці. Але пасля знаёмства са спісам мясцін, дзе цяпер існуе традыцыя царкоўнага звону, мы абралі толькі адну - вёску Дарапеевічы Маларыцкага раёна. А ідэя самой стужкі паступова трансфармавалася: ад традыцыі званарства мы перайшлі да асобы канкрэтнага званара.

Здымкі адбываліся цягам некалькіх тыдняў пад час трох нашых прыездаў у Дарапеевічы. І амаль адразу на першы план выйшлі чалавечыя стасункі ў сям'і Сцяпана і Аляксандры Ерманюкоў, тая любоў і павага, з якой муж ставіцца да сваёй жонкі. Мяне ўразіла менавіта самаадданасць пажылой пары, увага і пяшчота галоўнага героя да сваёй другой паловы, ягоная рашучасць ісці да канца ў сваім жаданні дапамагчы блізкаму чалавеку. Само жыццё стала для нас лепшым сцэнарыстам: хворая жонка галоўнага героя не можа самастойна хадзіць у царкву, таму мы хацелі зняць, як яе муж ідзе па бацюшку, а потым той у хаце прычашчае жанчыну. Але той ноччу ёй раптам стала кепска, і замест святара давялося выклікаць мясцовага доктара, а потым - "хуткую дапамогу" ды везці хворую ў шпіталь. Мы ўвесь час знаходзіліся побач і зафіксавалі хвалюючыя моманты, у тым ліку тое, як стары наведвае сваю жонку на бальнічным ложку. На мой погляд, гэтыя эпізоды дадалі стужцы нават больш разумення хрысціянскай ідэі, чым яе мог даць эпізод з прыходам святара.

Даводзіцца толькі здзіўляцца, наколькі арганічна нашы героі існуюць у кадры. Здаецца, прысутнасць здымачнай групы іх зусім не бянтэжыць. Яшчэ калі мы толькі выбіралі героя стужкі, знаёміліся з патэнцыйнымі ўдзельнікамі, мне вельмі спадабалася, як паводзілі сябе муж і жонка Ерманюкі, - відэакамеру яны быццам бы не заўважалі, былі цалкам натуральныя, - што ў многім і вырашыла наш канчатковы выбар герояў.

Здымалі стужку даволі хутка: тры экспедыцыі на Палессе ў сукупнасці занялі каля двух тыдняў, цягам амаль двух месяцаў ішла праца на студыі ў Мінску. Хочацца выказаць падзяку ўсім, хто працаваў над стужкай і, асобна, - самім палешукам, да якіх мы яшчэ абавязкова вернемся!

 Напоўненая яркімі вобразамі, з выдатнай аператарскай работай Станіслава Смірнова і гукавым малюнкам Яўгена Рагозіна, карціна "Званар" стала этапнай для творчасці рэжысёра, якая адносна нядаўна пераступіла парог студыі "Летапіс". Відавочна, традыцыі і агульная мастацкая культура апошняй здольныя перадавацца новым пакаленням творцаў.

На здымках: Сцяпан Ерманюк; Кацярына Махава і члены групы пад час адной з кінаэкспедыцый.