Неарэнесанс, народжаны ў Пінску

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Іван Жалтоўскі і ягоная “любоў на ўсё жыццё”

/i/content/pi/cult/345/6452/15-1.jpg

 ...Не выпадкова ж напрыканцы 1920-х пачалося рэзкае ўзвышэнне Івана Жалтоўскага на шляху да нефармальнага звання першага архітэктара СССР. Хто яму надаў такі "чын"? Сталін як прыхільнік класічнай архітэктуры і майстра класічных палітычных інтрыг па вяртанні патрэбных яму эмігрантаў ва ўлонне "першай у свеце краіны сацыялізму"? Але, з іншага боку, Барыс Іафан, які вярнуўся ў Савецкі Саюз з той жа Італіі яшчэ ў 1924 г., чамусьці ўжо атрымліваў буйныя заказы і займеў у гэты час больш высокае становішча ў савецкай іерархіі, чым Жалтоўскі. Таксама, як і Аляксей Шчусеў. Ну, з апошнім зразумела: усё ж аўтар Маўзалея...

(Заканчэнне. Пачатак у № 40.)

 Дзесьці я прачытаў, што апекуном Жалтоўскага мог быць Луначарскі, даўні прыхільнік яго архітэктурных ідэй. Але наўрад ці: ён напрыканцы 20-х страціў свой уплыў у сферы культуры і ўжо не з'яўляўся наркамам, а толькі ўзначальваў - да свайго прызначэння паслом у Італію- малазначны так званы Вучоны камітэт пры ЦВК СССР. А можа, гэта быў свежаспечаны член Палітбюро ЦК Клімент Варашылаў? Менавіта ён даў заказ Жалтоўскаму праектаваць Ваенную школу імя УЦВК у Крамлі (канешне ж, пад апекай усемагутнага ДПУ). І хаця тады гэты праект не быў рэалізаваны (будынак школы ў сярэдзіне 30-х узвёў І.Рэрберг), Жалтоўскі трапіў "на вочы" самому Сталіну, бо ў 1931 г. атрымаў Першую прэмію на Усесаюзным конкурсе праектаў Палаца Саветаў для цэнтра Масквы. Дарэчы, тады не менш цікавыя праекты прадставілі і Б.Іафан, і Д.Чачулін, і нават архітэктар з ЗША Г.Гамільтан. Праўда, першы варыянт праекта Жалтоўскага Сталін не адобрыў, назваўшы яго "Ноевым каўчэгам" з-за зборнай эклектыкі - ад "цытавання" форм старажытнарымскага карабля да ступеньчатай арачнай вежы ў выглядзе карабельнай рубкі. Але ў выніку архітэктар вызваліўся ад рознастылявой мешаніны, і атрымаў "дабро" Генеральнага сакратара ЦК. Больш за тое: з лёгкай рукі правадыра хутка ўзначаліў архітэктурна-праектную майстэрню № 1 - галоўную ў СССР, куды, у гэтую "неарэнесанскую школу", пацягнуліся і многія ўчарашнія канструктывісты. Сярод іх былі М.Паруснікаў, М.Баршч, Г.Гольц, М.Сіняўскі, К.Афанасьеў, С.Кожын.

Міхаіл Баршч пісаў пра той час: "Што было ў Жалтоўскім такога, што нас глыбока хвалявала, выклікала пачуццё бязмежнага здзіўлення і павагі? На фоне бессэнсоўнай эклектыкі і адсутнасці нейкіх прынцыпаў, якія неяк незразумела нахлынулі ў архітэктуры 30-х гадоў, ён нёс ясную закончаную канцэпцыю. Ён казаў, што кожны элемент кампазіцыі мусіць быць апраўданы, павінен мець вызначаную сэнсавую нагрузку і сваю задачу... Збудаванне мусіць быць арганічным, як твор прыроды, у ім павінна быць жыццё, а не мёртвая схема..."

Ну, а тыя смельчакі, хто імкнуўся "захаваць" свае авангардысцкія ідэалы, у 1930-я гады трапілі ў сталінскае махавое кола. Рэзкую крытыку за "фармалізм" зведалі найбуйнейшыя архітэктары-канструктывісты: наш зямляк, мінчанін М.Гінцбург, К.Мельнікаў, І.Леанідаў, браты Весніны, якія, праўда, потым наступілі на горла ўласнай песні і "ўспрынялі" класічныя традыцыі мінулага. Пазней за ўсіх "здаўся" Гінцбург: у 1936-м абраў у архітэктуры шлях, так бы мовіць, эклектыка. А вось М.Ахатовічу не пашанцавала: у 1935-м яго арыштавалі "за шкодніцтва" і праз два гады расстралялі. М.Малюціна, галоўнага рэдактара часопіса "Современная архитектура", з трэскам выгналі з працы, і ён спаў з рэвальверам пад падушкай у чаканні арышту. Але - яго проста-такі забылі (такое здаралася), і ён ціхенька перад вайной скончыў Архітэктурны інстытут.

 Вось так, на гэтым няпростым сацыяльна-культурным фоне, Іван Жалтоўскі становіцца рэалізатарам сталінскай стылявой рэформы ў архітэктуры "сацыялізму, які перамог", і трыумфатарам у складанай і цяжкай барацьбе з канструктывізмам, функцыяналізмам і рацыяналізмам, сімвалам якіх у Еўропе лічыўся выдатны архітэктар і дызайнер ХХ ст. француз Шарль Эдуар Ле Карбюзье: менавіта ў гэты час ён праектаваў у Маскве знакаміты Дом Цэнтрасаюза. Іншымі словамі, Жалтоўскі і Карбюзье былі ў архітэктуры "з'явамі" процілеглымі. Але вось што казаў сам Карбюзье пра свайго апанента: "У Маскве ў мяне ёсць блізкія сябры, калегі, на якіх я ўскладаю вялікія надзеі. Ёсць у мяне там і ворагі. Скажу вам яшчэ во/i/content/pi/cult/345/6452/15-2.jpgсь што: у Маскве я заўсёды абараняў спадара Жалтоўскага. Ён- сапраўдны архітэктар, успрымальны, вельмі таленавіты. Гэтая яго нечаканая затрымка на формах архітэктуры, якія адышлі ў гісторыю, выклікала нашы рознагалоссі. Аднак я з ім буду размаўляць пра архітэктуру больш ахвотна, чым з большасцю маіх заходніх калег, якія называюць сябе сучаснымі архітэктарамі..."

 Як бы там ні было, неакласіка як індывідуальны "почырк" Жалтоўскага аказалася запатрабаванай савецкім грамадствам і яго правадырамі, бо так званы сталінскі ампір стаў сугучны новаму часу і наглуха закрыў дарогу канструктывістам - апошнім магіканам новай мадэрнавай архітэктуры. Канструктывізм яўна расчараваў Сталіна, бо абстракцыя і канструкцыя ўжо ніяк не адпавядалі велічы яго "асабістай" эпохі: не былі манументальнымі класічнымі творамі на ўзор антычным і рэнесансным, словам, не ахоплівалі шырыню і глыбіню савецкага гістарычнага часу. Патрабаваліся будовы больш прыгожыя і зручныя - не толькі для жылля і працы, але і для сусветнага іміджа краіны. Вось чаму ўжо ў 1932 г. урадам было прапісана выкарыстоўваць пакуль што ў маскоўскай архітэктуры як новыя, так і найлепшыя класічныя прыёмы архітэктурнай спадчыны. А хто найлепш валодаў гэтай "мовай", акрамя Жалтоўскага? Ніхто! Хіба мог тады меркаваць Іван Уладзіслававіч, што літаральна праз 15 гадоў ён апынецца - няхай і на кароткі тэрмін - у ролі загнанага звера: "бязроднага касмапаліта" і "буржуазнага ідэаліста"!

Першым творам "сталінскага ампіру" стаў знакаміты жылы дом па маскоўскай вуліцы Махавой, 6, створаны для партыйнай бонзы на месцы разбуранай царквы Святога Георгія. Для дэкору будынка Жалтоўскі якраз выкарыстаў элементы класічнай ордэрнай архітэктуры Андрэа Паладыа. Але тады праціўнікі Жалтоўскага сумна іранізавалі: "Ам-пір у час чумы", - маючы на ўвазе тагачаснае жыццё народа, які ўступаў у драматычны перыяд калектывізацыі і голаду. Гэтыя вастрасловы, аналізуючы дом, намякалі на шыкоўную ляпніну на столі, паркет без адзінага сучка, паліраваныя дзверы, спецыяльныя пакоі ("альковы") для... хатніх работніц дома. Словам, гэта быў, як хтосьці па-дысідэнцку напісаў, "высечаны з каменя помнік палітыцы партыі". Думаю, не вельмі справядлівы "прысуд". Бо той дом (усе масквічы яго добра ведаюць), калі адыходзіць ад ідэалогіі, па дакладна прадуманай кампазіцыі і вонкава зграбна прапрацаваных дэталях цудоўна вылучаецца з ансамбля Манежнай плошчы. Праект паказаў, што традыцыі Адраджэння больш сугучныя маскоўскай архітэктуры, чым схематызм, уласцівы работам канструктывістаў.

Вось што пісаў Аляксей Шчусеў, выдатны архітэктар, але далёка не аднадумец Жалтоўскага, хутчэй, вечны сапернік: "Дом Жалтоўскага на Махавой называюць "цвік сезона" і параўноўваюць яго прыгажосць з прыгажосцю паўлаўскага грэнадзёра, які ходзіць у кірасе па вуліцах сучаснай Масквы. Дом Жалтоўскага быццам бы з'яўляецца сколам архітэктуры XVI ст., хаця патрэбна б ведаць, што ў той час была прынята іншая сістэма канструкцыі для ўзвядзення будынка. Вялікія шкляныя паверхні і калоны, якія падтрымліваюць сцены дома, робяць яго сучасным... Жалтоўскім скарыстана сучасная, а не архаічная канструкцыя. Гэта - архітэктурная работа, падобная напісанню ў музыцы эцюда на тую або іншую тэму... Жалтоўскі калісьці мне казаў: "Я выступаю з класікай на Махавой, і калі правалюся, то правалю прынцыпы класікі". Лічу, што нават у Еўропе цяжка знайсці майстра, які так тонка разумеў бы класіку. Яго будаванне ёсць вялікае заваяванне сучаснай архітэктуры..." Дарэчы, пасля вайны ў Ермалаеўскім завулку па асабістым загадзе Сталіна быў узведзены спецыяльна для генералітэту не менш шыкоўны дом пад нумарам 9, з велічэзнымі каменнымі львамі, які выходзіць галоўным фасадам на Патрыяршыя. І цяпер многія думаюць, што гэты цудоўны асабняк быў збудаваны яшчэ задоўга да рэвалюцыі. А між тым, ідэя яго належыла Жалтоўскаму, хаця ўласна праект рэалізоўвалі другія архітэктары.

Павінен сказаць, што Жалтоўскі быў занадта сумленным мастаком, каб станавіцца ў адпаведную позу і пытацца ў заказчыкаў: чаго жадаеце? Ён не быў канфармістам у вядомым сэнсе слова, бо вельмі паважаў сябе як прафесіянала і імкнуўся ўсё рабіць па сваім сэрцы, няхай гэта камусьці і не падабалася альбо ў нечым сам памыляўся. Магчыма, тут праяўляліся нейкія шляхецкія бацькоўскія гены, якія цягам усяго жыцця нене - ды і даваліся ў знакі, часам - вельмі фактурна. Прывяду толькі адзін факт. Аднойчы першы сакратар Маскоўскага гарадскога камітэта партыі А.Шчарбакоў прыйшоў у майстэрню Жалтоўскага, які ў гэты час карпеў над тым, як лепш рэстаўраваць адзін з гістарычных дамоў. Шчарбакоў папрасіў у мастака аловак і без усякага вагання намаляваў калоны на праекце, каб паказаць, што і як трэба дабудаваць. І заадно намякнуць, хто ў горадзе гаспадар. Іван Уладзіслававіч адмовіўся вельмі рэзка: "Я стары чалавек і не хачу, каб на мяне потым тыцкалі пальцам: маўляў, гэта той, хто знявечыў дом маскоўскага генерал-губернатара..."

 30-я гады былі вельмі плённыя для Івана Уладзіслававіча. Ён атрымаў званне "Заслужаны дзеяч навукі і мастацтва РСФСР", у выдавецтве Акадэміі архітэктуры выйшлі чатыры тамы трактатаў "адраджэнца" Андрэа Паладыа пра архітэктуру ў цудоўным перакладзе Жалтоўскага з італьянскай мовы. Але галоўнае, канешне ж, - праектаванне і будаўніцтва, ну, і выкладанне таксама. А яшчэ творца ўзначальвае майстэрню №1 пры Массавеце, якая грунтавала сваю працу "на базе глыбокага вывучэння культурнай спадчыны - найлепшых узораў класічнай архітэктуры, - каб крытычна яе асвоіць і максімальна павысіць агульны культурны ўзровень і ўзровень работ самой майстэрні". У гэтым і была творчая накіраванасць Жалтоўскага і яго школы. Сам ён распрацоўвае праекты Інстытута сусветнай літаратуры ў Маскве, тэатра ў Таганрогу, жылых дамоў на Смаленскай плошчы і на Вялікай Калужскай вуліцы ў сталіцы, якія былі рэалізаваны ў 1949 годзе.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны была створана спецыяльная архітэктурная майстэрня акадэміка І.У. Жалтоўскага. Менавіта тут распрацаваны праекты горада Сочы, прыбудовы і канферэнц-зала да асабняка МЗС на Спірыдонаўцы, планіроўка і забудова Цэнтральнай плошчы ў Калузе, шэрагу падмаскоўных пасёлкаў, раёна Пярова ў Маскве і г. д. Але напрыканцы 40-х, на фоне жданаўскай агульнай атакі на мастацтва, Жалтоўскі і яго школа былі абвінавачаны ў касмапалітызме. Крычалі, што, маўляў, школа Жалтоўскага стаіць на памылковых, няправільных творчых пазіцыях у пытанні засваення нашай архітэктурнай класічнай спадчыны, што "паслядоўнікі Жалтоўскага карыстаюцца псеўданавуковай тэорыяй аб усемагутнасці праславутага залатога сячэння, тэорыяй пра існаванне нейкіх "вечных" канонаў прыгажосці і гармоніі... Гэтым ідэалістычным шалупіннем засмечваюць галовы нашай архітэктурнай моладзі", і гэтак далей.... Са школы былі выключаны найбольш руплівыя і жвавыя М.Баршч, Г.Захараў, А.Габрычэўскі. Ужо быў падрыхтаваны загад аб ліквідацыі школы-майстэрні...

Што было б потым з Жалтоўскім і яго вучнямі- невядома, калі б нечакана, у 1950-м, яму не ўручылі... Сталінскую прэмію за праект жылых дамоў на Вялікай Калужскай вуліцы. Такі быў "прыстойны" жэст Сталіна, які, мабыць, усвядоміў, што без класіка Жалтоўскага яму не абысціся. Самымі буйнымі работамі Івана Уладзіслававіча ў 1950-я гады былі праект генеральнага плана і забудовы горада Сочы, праектаванне Маскоўскага іпадрома, буйнапанэльных жылых дамоў, школ і кінатэатраў у Маскве, Орску, Харкаве, дома Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі на сталічным праспекце Міру, будынка Строганаўскага вучылішча на Валакаламскай шашы, санаторыя "Горны" ў Лівадыі (Крым)... І ўсюды ён шукаў новыя формы для выяўлення спрадвечных ідэй вялікіх класічных традыцый.

Аднойчы ён сказаў такую фразу: "Архітэктар да 50 гадоў выбірае прафесію і толькі потым пачынае будаваць". Думаю, да самога Жалтоўскага гэта ніяк не адносіцца, бо ён сваю прафесію абраў яшчэ ў маладосці і тады ж пачаў будаваць прыгажосць на зямлі... Як тут не ўзгадаць галоўны дэвіз нашага земляка: "Архітэктар-горадабудаўнік прызваны ствараць найлепшыя ўмовы для жыцця не толькі сучаснікаў, але і будучых пакаленняў".